Як вы ставіцеся да таго, што цэнтральныя вуліцы і плошчы амаль усіх беларускіх гарадоў названы імёнамі расейскіх бальшавікоў? Ці варта гэтыя назвы мяняць? Чаму?
Малады хлопец: Ну я думаю, што ў Беларусі хапае годных людзей, каб у іх гонар былі названыя нашы родныя беларускія вуліцы. Мне падаецца, што варта... Якуб Колас, Янка Купала — гэта такія больш вядомыя людзі...
Маладая спадарыня: Гэтыя назвы трэба мяняць. Вунь, у суседняй Польшчы ўжо даўно перайменавалі вуліцы. Савецкіх там ужо няма. У кожным горадзе ёсьць героі, у гонар якіх можна назваць вуліцы. Ну, проста гэта будзе не пры гэтай уладзе, а калі гэта будзе — невядома...
Пэнсіянэр: Бліжэйшы час гэта ня будзе, пакуль гэты рэжым ёсьць, а на будучыню, канешне, трэба... З прыходам да ўлады другіх людзей, гэта, я думаю, будзе такое першапачатковае рашэньне. З камуністамі... як і ва ўсім сьвеце трэба правесьці люстрацыю, расьсьледаваньне, што яны зрабілі з гэтай Беларусьсю... У многіх дзяржавах ужо забароненая гэтая партыя, я думаю, прыйдзе час і ў нас такое будзе.
Спадарыня сярэдняга веку: Няхай застаюцца вуліцы тыя, якія былі раней. А новыя... У нас жа будуецца шмат новых мікрараёнаў. Няхай яны называюцца новымі імёнамі. А калі там і хочуць яны зьнесьці ці перайменаваць, то няхай як у нас прозьвішчы робяць — праз працяжнік... Вуліца з працяжнікам Леніна-Касьцюшкі...
Маладая спадарыня: Ну я думаю, што ня варта. Ад таго, што мы вуліцу пераймянуем, там асфальт лепшы ня зробіцца. Лічу, што на гэта ня варта траціць дзяржаўныя грошы, іх і так у дзяржаве мала. Я думаю, што гэта ўсё бессэнсоўна, хапае і іншых жыцьцёвых клопатаў, і шмат праблемаў у краіне і так...
Спадар сярэдняга веку: Трэба неяк пераймяноўваць, вядома. У нас таксама хапае ў Беларусі сваіх патрыётаў, сваіх суайчыньнікаў... Леніна... Ну, Леніна, гэта, канешне... усерасейскі, былы СССР... Але, таксама, можна паступова, акуратна так, бязь нейкіх аказій зьнесьці, ці нешта новае прыдумаць.