Прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка заяўляе, што Ўкраіна мае намер падаць заяўку на атрыманьне сяброўства ў Эўрапейскім зьвязе ў 2020 годзе. Пра гэта ён сказаў, адкрываючы 12-ы пазачарговы зьезд судзьдзяў.
Паводле Парашэнкі, сёньня ён прадставіць грамадзкасьці сваю праграму рэформаў «Украіна-2020».
«Гэтая праграма прадугледжвае каля 60 рэформаў і спэцпраграмы, выкананьне якіх дазволіць Украіне падрыхтавацца для таго, каб праз шэсьць гадоў нам з вамі падаць заяўку на атрыманьне сяброўства ў Эўрапейскім саюзе», — заявіў ён.
Паводле кіраўніка дзяржавы, адной з найважнейшых рэформ зьяўляецца зьмена судовай сыстэмы, каб зноў выбудаваць давер у грамадзтве да судзьдзяў.
Пагадненьне Эўразьвязу з Украінай ратыфікавалі шэсьць эўрапейскіх краін — Славаччына, Румынія, Латвія, Літва, Баўгарыя і Мальта. Дакумэнт павінны ратыфікаваць парлямэнты ўсіх 28 дзяржаў-членаў ЭЗ.
МЗС Украіны прагназуе завяршэньне ратыфікацыі пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ краінамі-сябрамі на працягу трох гадоў.
16 верасьня пагадненьне адначасова ратыфікавалі Вярхоўная Рада Ўкраіны і Эўрапейскі парлямэнт.