Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску судзяць журналістку


Марына Маўчанава
Марына Маўчанава

Бабруйскі суд разглядае адміністрацыйную справу супраць журналісткі Марыны Маўчанавай. Яе вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.

У міліцэйскім пратаколе заяўляецца, што Маўчанава супрацоўнічала з замежнымі мэдыямі без акрэдытацыі. Карэспандэнтцы «Бабруйскага кур’ера» пагражае штраф да пяцідзесяці базавых велічыняў. Перасьледам журналісткі з Бабруйску працягваецца хваля ўціску беларускіх фрылансэраў.

Марына Маўчанава лічыць, што адміністрацыйная справа супраць яе — гэта чарговая спроба запалохваньня незалежных журналістаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Для адміністрацыйнага перасьледу, кажа журналістка няма падставаў:

«Гэтая справа — поўны абсурд. Супраць мяне выкарыстоўваецца артыкул, які тычыцца дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі, а не журналістаў. Да таго ж яны парушаюць маё канстытуцыйнае права як грамадзяніна зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. У Канстытуцыі няма гаворкі пра акрэдытацыю. Хацелася б сказаць, што чакаю перамогі і справядлівасьці ў судзе, але, калі шчыра казаць, то я ня веру, што закон і справядлівасьць у нашай краіне пануюць. Для мяне відавочна, што гэта замова пэўных органаў».

Нагодай для адміністрацыйнага перасьледу, як кажа Марына Маўчанава, стаўся яе сюжэт пра дзейнасьць клюбу, які дапамагае дзецям, хворым на анкалёгію. Яго паказалі на тэлеканале Белсат. Гераіню сюжэту адшукала міліцыя, зазначае журналістка:

«Ёй паказвалі фотаздымкі і яна пацьвердзіла, што я зь ёй сустракалася і брала ў яе інтэрвію. Вядома ж ёй непрыемна ды й і мне самой непрыемна, што яна апынулася ўцягнутай у гэтую справу. Дарэчы, яе выклікаюць у суд як сьведку».

Разглядае справу супраць Марыны Маўчанавай судзьдзя Бабруйскага суду Натальля Чарапуха. Пратакол аб адміністрацыйным перасьледзе Маўчанавай складаў падпалкоўнік міліцыі Сяргей Рудзько.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец адзначае, што перасьлед журналістаў, якіх вінавацяць у супрацоўніцтве з замежнымі мэдыямі без акрэдытацыі, узмацніўся сёлета з красавіка. Некалькіх фрылансэраў суды пакаралі штрафамі.

На думку Андрэя Бастунца новы віток перасьледу журналістаў — арганізаваны. Экспэрт, аднак, пакуль не гатовы казаць пра тое, чым выкліканы гэты перасьлед, але зазначае, што ён ня мае пад сабой ніякіх прававых падставаў:

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Сам артыкул Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, паводле якога перасьледуюць журналістаў, не прадугледжвае адказнасьці за працу без акрэдытацыі. Да таго ж ён парушае міжнародныя прававыя абавязкі Беларусі, у тым ліку і Канстытуцыю Беларусі. Заўважу, што ў абсалютнай большасьці выпадкаў журналістаў перасьледуюць не за зьмест матэрыялаў, якія яны распаўсюджвалі, а за сам факт распаўсюду паведамленьняў праз замежныя мэдыі і на іхных сайтах».

Як паведаміў Андрэй Бастунец, днямі праўленьне Беларускай асацыяцыі журналістаў разглядала сытуацыю зь перасьледам фрылансэраў і зьбіраецца зьвярнуцца ў шэраг дзяржаўных органаў з патрабаваньнем спыніць ціск і скасаваць вынесеныя журналістам пакараньні.

Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч падчас свайго нядаўняга візыту ў Менск акцэнтавала ўвагу на неабходнасьці адмяніць абавязковую акрэдытацыю журналістаў.

"Яна добра разумее становішча ў Беларусі, а таксама і тое, што нельга зьмяніць сытуацыю адным штуршком і аднымі перамовамі. Я думаю, што яна трымаецца думкі, што трэба працаваць над гэтым пытаньнем«,— мяркуе Андрэй Бастунец.

На Магілёўшчыне акрамя Марыны Маўчанавай пад перасьлед за супрацоўніцтва без акрэдытацыі з замежнымі СМІ патрапіў магілёўскі журналіст Аляксандар Буракоў. Яго вінавацяць у тым, што ён працуе на «Нямецкую хвалю».

На Гарадзеншчыне пакаралі штрафамі за супрацу з замежнымі СМІ траіх журналістаў: Андрэя Мялешку, Алеся Дзянісава ды Алеся Залеўскага.

У Гомелі пракурорскія папярэджаньні вынесьлі Міколу Бянько і Юліі Сівец.

Спробы абскардзіць пакараньні ў судовым парадку засталіся не задаволенымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG