Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка распавёў пра спробу замаху на яго і пра службу сына на фронце


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны ў нядзельным інтэрвію шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў распавёў пра мірны працэс і неабходнасьць прыняцьця рэзанансных законаў аб асаблівым статусе самакіраваньня некаторых раёнаў Данбасу, акупаваных цяпер баевікамі і расейскім войскам.

«На 65% ваенная тэхніка, якая стаяла на першых рубяжах, была зьнішчаная. Цяпер яна ўжо ёсьць, кожны дзень дзесяткі адзінак ідуць туды», — распавёў прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Таксама, паводле яго слоў, ідзе будаўніцтва фартыфікацыйных збудаваньняў «надзейнай лініі абароны».

«За гэтыя два з паловай тыдні атрымалі магчымасьць адвесьці баявыя часткі для ратацыі і аднаўленьня баяздольнасьці», — паведаміў прэзыдэнт Украіны, і тут жа заявіў, што ў адной з частак, якая адправілася на ратацыю, служыць яго сын.

«Калі ведаеш, што там сын, інакш ўспрымаеш вайну. Ён пайшоў добраахвотнікам, быў у баявой артылерыйскай частцы, камандзір мінамётнага разьліку, у яго роце былі параненыя 17 салдат», — распавёў Пятро Парашэнка.

Пры гэтым прэзыдэнт Украіны часткова раскрыў зьмест мірных дамоўленасьцей па фіксацыі лініі фронту:

«Ёсьць спадарожнікі, рэсурсы НАТО, ЗША і іншых краін для маніторынгу. Мы ўбачым, калі апошні расейскі салдат выйдзе з Украіны», — паабяцаў прэзыдэнт.

Замах на прэзыдэнта

Пятро Парашэнка заявіў журналістам, што летам на яго рыхтаваўся замах.

«Палепшаная дзейнасьць СБУ і іншых ведамстваў, якія займаюцца супрацьдывэрсійнай працай. Кожны дзень затрымліваюцца дывэрсійныя групы, якія рыхтаваліся гадамі. Рыхтаваўся замах на мяне, праз некалькі тыдняў пасьля інаўгурацыі», — паведаміў прэзыдэнт Парашэнка, не раскрываючы іншых дэталяў.

Пры гэтым у СБУ ідзе абнаўленьне складу, «бо яна таксама была інфікаваная прадстаўнікамі спэцслужбаў іншай дзяржавы», прызнаў ён.

Таксама, паводле словаў прэзыдэнта, Расея выдаткавала мільярды даляраў на стварэньне нэгатыўнага іміджу Ўкраіны. Ён паскардзіўся, што ўбачыў шмат прыкладаў замоўных артыкулаў у СМІ ЗША падчас свайго візыту.

«Ёсьць краіны, якія цесна зьвязаныя з эканомікай РФ, а кіраўніцтва мае добрыя адносіны з кіраўніцтвам Расеі, таму што яны залежныя з фінансавага пункту гледжаньня, ёсьць 5-10 краін, якія маглі блякаваць рашэньні па санкцыях», — паскардзіўся спадар Парашэнка.

Пятро Парашэнка прызнаў, што выйграць вайну з сэпаратыстамі і расейскімі наёмнікамі ў Данбасе немагчыма, бо гэтага не дазволіць Расея, якая будзе накіроўваць у гэты рэгіён усё больш і больш сваіх войскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG