У Магілёве на кватэру да незалежнага журналіста Алеся Буракова прыйшлі міліцыянты. Паводле фрылансэра, яны вядуць агляд жытла і складаюць пратакол.
«У кватэру ўварваліся сямёра супрацоўнікаў — трое з іх у форме. Яны падаслалі нейкую жанчыну, яна пазваніла ў дзьверы. Я адчыніў і тут увальваюцца яны. Я заявіў, што супраць таго, каб здымалі на відэакамэру, але здымка працягваецца. Кіруе ўсім маёр Уладзімер Пугачоў. Я пакуль не разумею, чаго яны хочуць. Нібыта прычына ў тым, што выходзілі на «Нямецкай хвалі» публікацыі пад маім прозьвішчам«,— паведаміў праз тэлефон Алесь Буракоў.
Напрыканцы жніўня Алесь Буракоў даведаўся ад участковага міліцыянта, што магілёўскую абласную управу КДБ цікавіць, як адзін з матэрыялаў журналіста трапіў на тэлеканал «Белсат». На фрылансэра быў складзены пратакол апытаньня.
Раней сам Алесь Буракоў дамагаўся ад міліцыі, каб выявілі зламысьнікаў, якія ўзламалі ягоны сайт «Свабодны фармат».