Віталя Васількова абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.
Судзьдзя Натальля Дзядкова вынесла рашэньне — пакараць актывіста моладзевай ініцыятывы «Зьмена» адміністратыўным арыштам на 10 сутак.
Віталь Васількоў знайшоўся толькі сёньня ў судзе Партызанскага раёну Менску, пасьля таго як сувязь зь ім перарвалася яшчэ 12 верасьня. Выходныя ён правёў у пастарунку, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
12 верасьня былі затрыманыя актывісты «Зьмены» Павал Вінаградаў і Ягор Віняцкі.
У той жа дзень, 12 верасьня, суд Маскоўскага раёну сталіцы арыштаваў Паўла Вінаградава на 15 сутак паводле абвінавачаньня ў брыдкаслоўі. Ягор Віняцкі таксама быў арыштаваны на 15 сутак.