Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крым цяпер — адна вялікая турма»


Лізавета Багуцкая
Лізавета Багуцкая

Радыё Cвабода ўзяло інтэрвію у актывісткі з Крыму Лізаветы Багуцкай, якая пасьля ператрусу і допыту пакінула паўвостраў.

Лізавета Багуцкая, грамадзянская актывістка з Крыму, стала адным з самых папулярных украінскіх блогераў дзякуючы сваёй адкрытай праўкраінскай пазыцыі. Разьяжджаючы па Крыме на сваёй «васьмёрцы», упрыгожанай узорам ўкраінскай вышыванкі, Багуцкая не баялася ўступаць у палітычныя спрэчкі як з простымі людзьмі, так і з прадстаўнікамі новых уладаў паўвостраву. Яна апісвалі тое, што адбываецца ў Крыме пасьля яго анэксіі Расеяй у жанры вострых публіцыстычных нататак у сваім Фэйсбуку, стала частым госьцем эфіраў украінскіх тэлеканалаў, радыёстанцый, пастаянным аўтарам некалькіх інфармацыйна-аналітычных сайтаў.

Раніцай 8 верасьня дома ў Лізаветы Багуцкай адбыўся ператрус, пасьля якога яе дапыталі ў Цэнтры па барацьбе з экстрэмізмам і прыгразілі крымінальным перасьледам «за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці». На наступны дзень актывістка пакінула паўвостраў, баючыся арышту, але яна не губляе надзеі вярнуцца — ужо ва ўкраінскі Крым.

РС: Лізавета, дзе вы знаходзіцеся цяпер?

Багуцкая: Я знаходжуся каля Адэсы.

РС: Як разьвіваліся падзеі 8 верасьня, калі ў вашым доме адбыўся ператрус?

Багуцкая: А палове шостай раніцы я пачула, што хтосьці знаходзіцца ў двары, быццам бы клічуць гаспадароў, мой сабака выскачыў ім насустрач, і тут я пачула стрэлы. Я адразу зразумела, што будзе ператрус, таму што напярэдадні прайшлі ператрусы ў шэрагу кіраўнікоў рэгіянальных мэджлісаў [грамадзкіх арганізацый крымскіх татараў — РС]. Калі я выйшла, мне яшчэ спрасонку быў зачытаны маналёг аб тым, што я праходжу сьведкам па справе Мустафы Джамілева і, як у сьведкі, у мяне зараз будзе праведзены ператрус на прадмет наяўнасьці ў мяне дома боепрыпасаў, наркотыкаў, забароненай літаратуры і чагосьці яшчэ зусім неймавернага. Адзін з гэтых аўтаматчыкаў адразу сказаў майму мужу, што, маўляў, у мяне каля весьніц ляжаць гільзы. Я ім адразу прапанавала на гэтым і скончыць, не ўваходзіць у дом, апісаць гэтыя гільзы і прад’явіць мне іх наяўнасьць каля парога — наяўнасьць гільзаў, якія яны самі толькі што тут і параскідвалі, пастраляўшы ў паветра, таму што мы нават да парога яшчэ не падыходзілі. Пасьля гэтага яны тыя гільзы даволі хутка прыбралі, па меншай меры, мы іх там ужо ня бачылі. Яны сказалі: «Давайце ўсё ж пройдзем у дом і пачнем ператрус». У выніку ператрусу яны нічога ня выявілі і нічога не падкінулі. Мабыць, мае словы пра гільзы іх неяк астудзілі, яны хацелі нешта падкінуць, але рабіць гэтага ня сталі. Потым яны сказалі, што ў мяне трэба забраць усю кампутэрную тэхніку і ўсе носьбіты інфармацыі. У мяне забралі навігатары, відэарэгістратары, флэшкі, кампутэры, тэлефоны. Тэлефоны мужа і дзяцей яны, праўда, потым аддалі, а мой пакінулі сабе.

Цяпер я ўжо разумею, што, як у сьведкі, яны ня мелі права канфіскоўваць у мяне тэхніку. Пасьля гэтага мяне з канвоем даставілі ў Цэнтар супрацьдзеяньня экстрэмізму, якім аказаўся наш былы УБАЗ [Упраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю — РС]. Там яны правялі допыт, падчас якога мне ўжо сказалі, што я магу быць падазраванай у экстрэмісцкай дзейнасьці і ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Допыт вялі апэратыўныя работнікі, ён доўжыўся тры гадзіны, у канцы ўжо прыехаў мой адвакат, які за мяне заступіўся і сказаў, каб я нічога не падпісвала. Пасьля гэтага мяне перадалі сьледчаму, у якога аказалася, што супраць мяне пакуль няма ніякіх падазрэньняў у экстрэмісцкай дзейнасьці, а я праходжу сьведкам па справе Мустафы Джамілева і павінна даць паказаньні з нагоды сваёй прысутнасьці на зборы крымскіх татараў, калі мы ствараў «калідор» для ўезду Мустафы Джамілева ў Крым [гэтыя падзеі адбывалася 3 траўня — РС].

Я скарысталася артыкулам 51-м крымінальнага кодэкса РФ і на ўсе пытаньні адказала, што сьведчыць супраць сябе ня буду. Сьледчы сьцьвярджаў, што ў іх ёсьць сьведчаньні, што я на сваім тэлефонам вяла фота- і відэаздымкі падчас таго збору крымскіх татараў на мяжы. Пасьля гэтага, а было ўжо каля трох гадзін дня, сьледчы мяне вызваліў, сказаў, што я свабодная і што далей ён будзе кантактаваць з маім адвакатам. Літаральна праз дзьве гадзіны я ўжо вырашыла, што мне трэба выехаць з Крыму, таму што цяпер ён мяне вызваліў, а заўтра яны перагледзяць тое, што канфіскавалі, абвінавацяць мяне ў экстрэмісцкай дзейнасьці, прыдумаюць яшчэ якую-небудзь тэрарыстычную дзейнасьць, і тады я ўжо буду арыштаваная як экстрэміст. Я вырашыла, што лепш гаварыць на волі, чым маўчаць у турме, і ноччу выехала з Крыму.

РС: Гэта значыць, наўпроставых пагрозаў у ваш адрас не было, і вы проста пабаяліся стаць свайго роду закладнікам, як Надзея Саўчанка ці сын таго ж Мустафы Джамілева?

Багуцкая: Так. Я гэта зразумела так: мне даецца «зялёны калідор», я гэта павінна ўсьвядоміць і выехаць, інакш на наступны дзень мяне арыштуюць.

РС: Вашы дзеці, муж, маёмасьць, у тым ліку «машына-вышыванка», якая стала ўжо вядомай — усё гэта засталося ў Крыме?

Багуцкая: Так, я ўзяла з сабой джынсы, куртку, і ўсё. Ужо купіла новы тэлефон, новы нумар, ноўтбук, і ўжо сёньня ўвечары буду пісаць свае артыкулы. Зьбірацца было доўга, а думаць трэба было хутка. Дзеці і муж таксама засталіся ў Крыме.

РС: Ці былі ў вас нейкія прадчуваньні, што падзеі будуць разьвівацца для вас менавіта такім чынам?

Багуцкая: Так, былі, вядома. Я якраз напярэдадні напісала ў Фэйсбуку артыкул [пра сытуацыю ў Марыюпалі — РС], і ён пачынаўся так: «Пішу зараз пра гэта, таму што заўтра будзе позна». Увечары я якраз думала аб тым, што можа нешта адбыцца, практычна ўсю ноч ня спала, прыслухоўвалася да шуму машын, заснула толькі ў пяць гадзін раніцы, а ў палове на шостую да мяне прыехалі зь ператрусам.

РС: Ці разьлічваеце вы неўзабаве вярнуцца ў Крым да сям’і, і чым будзеце займацца цяпер — акрамя сваёй публіцыстычнай дзейнасьці?

Багуцкая: Пакуль цяжка сказаць, я ўсяго два дні знаходжуся на волі — бо Крым цяпер, па сутнасьці, гэта адна вялікая турма, проста мала хто яшчэ гэта разумее. Шмат каму здаецца, што яны атрымалі свабоду пасьля таго, як да нас прыйшла Расея, але яны яшчэ не падазраюць, што гэтая «свабода» аукнецца ўсім. Цяпер у мяне, вядома, невялікае бязладзьдзе ў галаве, мне трэба самой зразумець, што і як я буду рабіць, чым я буду далей займацца, таму што, натуральна, патрэбныя нейкія сродкі для існаваньня, трэба працаваць... Я думаю, што змагу вярнуцца ў Крым, вярнуся ў Крым ужо разам з Украінай!

РС: Што вы думаеце пра апошнія падзеі ў расейска-ўкраінскім канфлікце, пра менскае перамір’е, якое шмат хто і ў Расеі, і ва Ўкраіне ацэньвае як паразу Кіеву ў супрацьстаяньні з Масквой?

Багуцкая: Не, я наогул не ацэньваю сытуацыю, якая цяпер склалася, як паразу Украіны! У любой вайне існуюць пэўныя этапы і стадыі. Ёсьць наступ, ёсьць цалкам апраўданае адступленьне. Адступленьне — гэта таксама адна з формаў вядзеньня вайны, а цяпер па-ранейшаму ідзе вайна. Мне здаецца, што ў выніку гісторыя пераломіцца і ўсё будзе ня так, як задумаў Пуцін, ня так, як задумала Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі. Усё пойдзе па другім маршруце, па другім шляху, проста мы зараз знаходзімся, скажам так, на нейкіх ростанях: пойдзеш проста — лёс знойдзеш, налева — у Расею прыйдзеш, направа — ва Ўкраіну. Вось нам якраз направа!

Інтэрвію ўзяў супрацоўнік Расейскай Службы Радыё Свабода Марк Крутаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG