Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абмяняюць Саўчанку і Сянцова?


Сёньня ў фармаце «36 на 36», павінен адбыцца чарговы абмен палоннымі паміж ўзброенымі фармаваньнямі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» і ўкраінскай арміяй.

Дамоўленасьць аб абмене была дасягнутая ў рамках пратаколу аб спыненьні агню на ўсходзе Ўкраіны. Пратакол быў падпісаны 5 верасьня ў Менску па выніках пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЭ) зь лідэрамі сэпаратыстаў.

Да канца гэтага тыдня лідэры незаконных узброеных фармаваньняў Данбасу абяцаюць перадаць украінскім вайскоўцам 863 палонных. Самі ж прадстаўнікі так званых Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» чакаюць вызваленьня 311 сваіх байцоў. За пэрыяд перамір’я, па інфармацыі Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны, вызваленыя больш за 700 чалавек. Гэта прыкладна палова з агульнага сьпісу трыманых баевікамі ўкраінскіх вайскоўцаў, грамадзкіх актывістаў і журналістаў.

Кіраўніцтва Службы бясьпекі Ўкраіны лічыць, што ў рамках распачатага абмену Расея ня выдасьць Кіеву легендарную лётчыцу Надзею Саўчанку і рэжысёра Алега Сянцова. Вось што кажа начальнік Галоўнага сьледчага ўпраўленьня СБУ, намесьнік кіраўніка цэнтру па вяртаньні закладнікаў Васіль Воўк:

«Саўчанка — гэта менавіта тая „разыначка“, якой валодае расейская ўлада, і я магу прагназаваць, што нам так проста не атрымаецца забраць Надзею Саўчанку шляхам абмену ці іншым шляхам. Саўчанка — адзіны ўкраінскі вайсковец, якога Расея разглядае як злачынца, хоць такім яна не зьяўляецца. Я магу гэта сьцьвярджаць, паколькі дасканала вывучыў яе справу. Падобная сытуацыя і з Алегам Сянцовым. Варта адзначыць, што сьпісы для абмену мы падалі лідэрам „ДНР“ і „ЛНР“, а не расейскаму боку».

Алег Сянцоў
Алег Сянцоў

Пра тое, што Сянцоў і Саўчанка ёсьць у спісах для абмену палоннымі ў рамках менскіх дамоўленасьцей, заявіў у сераду кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка:

«Сянцоў, Саўчанка, Мікалай Карпюк, усе нашы грамадзяне. Яны ёсьць у сьпісах грамадзян Украіны, якія павінны быць вернутыя як тыя, што былі выкрадзены або незаконна ўтрымліваліся або перасьледуюцца». Гэтай заявай Налівайчанка абверг словы сястры Алега Сянцова Натальлі Каплан, якая раней казала, што яе брата ў сьпісах палонных для абмену няма.

«Я думаю, што адзіны спосаб, як выцягнуць Алега — гэта калі палітыкі дамовяцца па нейкіх дыпляматычных каналах, а мы тут ужо юрыдычна вырашым пытаньне. Расьсьледаваньне вядзецца, яно засакрэчанае, натуральна, нічога пра гэта не гаворыцца. Зараз мы чакаем суд аб працягу тэрміну ўтрыманьня пад вартай», — паведаміла Каплан.

«Мы сутыкаліся зь людзьмі, якія захопліваюць палонных, забіваюць, катуюць іх і здымаюць гэта на відэа, і мы сутыкаемся з такімі людзьмі, якія, убачыўшы ў суперніку чалавека, па-першае, рэальна не разумеюць, што яны робяць ва Ўкраіне, таму што вобраз намаляванага ў іх галовах фашыста або расейска- ці ўкраінамоўнага афіцэра, які абараняе сваю радзіму, наогул не карэлюецца з рэальнасьцю, таму ў іх надыходзіць дысананс у галаве. Многія нават ня ведаюць, што знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. Гэта я да таго, што гэта міт пра непераможныя расейскія войскі, яны самі не разумеюць, за што яны тут змагаюцца. Гэты заклік павінны пачуць людзі, якія сябе паважаюць, і дамовіцца аб цывілізаваных правілах вядзеньня вайны. Што тычыцца палонных, перамовы — гэта справа далікатная. З аднаго боку, вядуцца перамовы па лініі дзяржавы, гэта значыць, мы чакаем выкананьня менскага пратаколу, а з другога — паміж падразьдзяленьнямі вядуцца і перамовы на ўзроўні Днепрапятроўскай дзяржаўнай абласной адміністрацыі, ведаю, што ў Данецк езьдзіла сьпявачка Руслана. Мы склалі сьпісы, мы аб’ядналі намаганьні сваякоў, мы адкрылі Сall-цэнтр, каб людзі змаглі даведацца, дзе знаходзяцца іх сваякі.

Што тычыцца саміх палонных. Наколькі я ведаю, цяпер зь іх ня зьдзекуюцца. Думаю, таму што Расея ўжо ня можа хаваць, што яна — бок канфлікту, і ёй не патрэбныя абвінавачаньні ў ваенных злачынствах. Вызваляюць у першую чаргу параненых і маленькімі партыямі. Мы адразу ж пачынаем зь імі працаваць, мы дапамагаем ім хутчэй сустрэцца са сваякамі, адпраўляем дадому адпачываць, чакаем вызваленьня астатніх, для нас гэта вельмі важна», — адзначыў камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG