Аляксандар Захарчанка, прэм’ер-міністар самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі, і Ігар Платніцкі, кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі, прыбудуць у Менск 5 верасьня для ўдзелу ў паседжаньні трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
Раней на перамовах сэпаратыстаў прадстаўлялі віцэ-прэм’ер ДНР Андрэй Пургін і старшыня вярхоўнай рады ЛНР Аляксей Каракін. Яны таксама ўдзельнічаюць у паседжаньні 5 верасьня.
5 верасьня ў Менску плянуецца чарговае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы «Украіна — АБСЭ — РФ» па ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне.
Чакаецца, што ўдзельнікам перамоў будуць прадстаўленыя пляны па ўрэгуляваньні ваеннага канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны, прапанаваныя прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным.
4 верасьня пасьля сустрэчы з кіраўнікамі вядучых краін НАТО ва Ўэльсе прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што загадае Ўзброеным сілам Украіны, якія змагаюцца супраць прарасейскіх сэпаратыстаў, спыніць агонь з 5 верасьня, што мае пракласьці шлях для ажыцьцяўленьня паэтапнага мірнага пляну.
Выступаючы па-за афіцыйнай праграмай саміту НАТО, ён адзначыў, што пагадненьне аб спыненьні агню было ўмовай правядзеньня ў Менску ў пятніцу сустрэчы пасланцоў Украіны, Расеі і АБСЭ.
«А 14:00 па мясцовым часе, пры ўмове, што сустрэча ў Менску адбудзецца, я загадаю Генэральнаму штабу ўвесьці двухбаковае спыненьне агню, і мы спадзяёмся, што рэалізацыя мірнага пляну пачнецца 5 верасьня», — сказаў Парашэнка.
Таксама ён паведаміў, што зь лідэрамі вядучых краін НАТО ўзгоднена, што ў выпадку зрыву перамоваў можа быць запушчаны іншы варыянт. Парашэнка назваў яго «рашучымі дзеяньнямі». «Калі гэтага не адбудзецца, то імавернасьць нашых рашучых дзеяньняў па дээскаляцыі канфлікту зьяўляецца вельмі высокай, але мы хочам міру», — сказаў ён.
Кіраўнікі прарасейскіх сэпаратыстаў з так званых «ДНР» і «ЛНР» Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі заявілі 4 верасьня, што гатовыя 5 верасьня а 14 гадзіне аддаць загад аб спыненьні агню ў тым выпадку, калі ўдасца дасягнуць дамоўленасьцяў, перадае ИТАР-ТАСС.
Яны таксама заявілі, што сёньня ў Менску прадставяць на разгляд кантактнай групы свае прапановы пра рэжым спыненьня агню, у якіх будуць «дэталёва прапісаныя гарантыі захаваньня гэтага рэжыму бакамі канфлікту».