Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Дайнека: Аршанская бітва працягваецца


Леанід Дайнека
Леанід Дайнека

Напярэдадні 500-х угодкаў Аршанскай бітвы стала вядома, што Аршанскі райвыканкам забараніў імпрэзу з гэтай нагоды на гістарычным Крапівенскім полі.

Пра значнасьць гэтай бітвы ў гісторыі і яе працяг у сучаснасьці мы гутарым зь пісьменьнікам, аўтарам гістарычных раманаў Леанідам Дайнекам.

— Спадар Леанід, ці было для вас нечаканасьцю рашэньне аршанскіх уладаў?

— Шчыра кажучы, не. Я нават дапускаю, што некаторыя нашы сёньняшнія чыноўнікі ў той бітве былі б не пад сьцягам Канстанціна Астроскага, а пад сьцягам маскоўскага ваяводы Івана Чалядніна. Справа ў тым, што наша дзяржава і яе палітыка, у тым ліку і культурная, знаходзяцца ў магнітным полі Расеі. Дык як жа яны будуць праслаўляць тую бітву, у якой былі разьбітыя продкі іхных гаспадароў? Я быў упэўнены, што забароняць, але не чакаў, што так катэгарычна. Можна ж было б прапусьціць купку людзей

некаторыя нашы сёньняшнія чыноўнікі ў той бітве былі б не пад сьцягам Канстанціна Астроскага, а пад сьцягам маскоўскага ваяводы Івана Чалядніна

на Крапівенскае поле, каб пачыталі вершы, каб гурт «Стары Ольса» пасьпяваў песьні. Было б цудоўна. Каму гэта перашкаджала? Каму гэта выклік? Мы ж ня ворагі расейскаму народу. Мы ворагі захопнікам, якія прыходзілі на нашу зямлю. У свой час Гітлер абтрэльваў фаўстамі Лёндан. Дык што, англічане ворагі немцам? Не. Так і мы — разьбілі прышлых ворагаў. І правільна зрабілі, паколькі баранілі свой дом, сваю зямлю, сваю дзяржаву. А дзяржавай нашай на той час было ВКЛ, мы былі грамадзянамі і воінамі гэтай дзяржавы. Дарэчы, я зайважыў такую акалічнасьць: слова Ворша паходзіць ад ангельскага слова war — вайна. Вось такое супадзеньне.

— Да 500-годзьдзя Бітвы пад Воршай Нацыянальны банк выпусьціў памятную манэту (праўда, яе пакуль ніхто ня бачыў). Шкада, што Аршанскі райвыканкам не падначальваецца Нацбанку...

— Так, я абсалютна згодны. Значыць, у Нацбанку працуюць прагрэсіўныя людзі. Трэба толькі іх пахваліць. Хай і надалей выпускаюць такія манэты, якія зь вялікай ахвотай будуць раскупляць нашы нумізматы і тыя, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі. Дарэчы, Нацбанк пастаянна выпускае такія манэты. Мой сярэдні сын Зьміцер іх любіць набываць.

— Бітва пад Воршай апісваецца ў вашым рамане «Назаві сына Канстанцінам». Войска ВКЛ было колькасна меншым, але мела артылерыю. Чаму маскоўцы прыйшлі на Крапівенскае поле без гарматаў?

— З-за самаўпэўненасьці сваёй. Яны пакінулі артылерыю ў Смаленску і хуценька рынуліся на безабароннае, як яны думалі, ВКЛ. Маскоўцам хацелася як мага хутчэй рабаваць, забіраць у палон цяглых мужыкоў, маёмасьць. Вядома ж, адсутнасьць артылерыі сыграла сваю ролю. У вырашальны момант Канстанцін Астроскі якраз выставіў сваю артылерыю, якая ўшчэнт зрэзала маскоўскую коньніцу. Тут праявіўся і ваенны талент Астроскага, які спачатку зрабіў выгляд што адступае, і маскоўцы, ашалеўшы ад нечаканай перамогі, парушылі свае баявыя парадкі і рынуліся ў наступ. А войска ВКЛ расступілася, і баярская коньніца Масквы апынулася проста перад жэрламі гарматаў, перад мушкетамі. І пачалі дагэтуль непераможныя маскоўцы ўцякаць — хто як мог ратаваўся. Усё поле было завалена трупамі, вада ў рэчцы стала чырвонай. Загінулі каля 40 тысячаў маскоўцаў, 5 тысячаў трапілі ў палон, у тым ліку галоўны ваявода Чаляднін, яшчэ 8 ваяводаў, 17 ваеначальнікаў высокага рангу, 2000 дзяцей баярскіх. А пераможцам, воінам Канстанціна Астроскага, раздалі 20 000 трафейных маскоўскіх коней. І яны горда паехалі дадому на тых конях.

— Бітва пад Воршай нечаму навучыла Маскву?

— На жаль, не навучыла. Вядома, расейцаў шмат, яны аб’яднаныя нейкай царысцкай ідэяй, што ў іх наверсе толькі адзін чалавек сядзіць, а ўсе — пад ім. Яны заўсёды атакавалі нашы землі. Яны пашыраліся на ўсход, дайшлі да Ціхага акіяну. Яны хацелі прарвацца ў Эўропу, шукалі шляхі да Балтыйскага мора — Іван Жахлівы вёў тысячы і тысячы сваіх людзей,

Тады Масква ішла вайной на беларускія землі, а сёньня — на Данбас, на Ўкраіну — нашу сястру ў ВКЛ

але ўсе загінулі і не прабіліся. І сёньняшні прыклад з Украінай — тое самае. Пяцьсот гадоў таму беларусы і ўкраінцы ўваходзілі ў адну дзяржаву — ВКЛ, тады мы ўсе былі ліцьвінамі. Тады Масква ішла вайной на беларускія землі, а сёньня — на Данбас, на Ўкраіну — нашу сястру ў ВКЛ. Маскоўцы неўспрымальныя да ўрокаў гісторыі. Хоць у іхнага арла дзьве галавы, але глядзяць яны не туды. Я сам гадоў сем жыў у Расеі. Расейскі народ вельмі добры і шчыры, ён можа і папрацаваць, і чарку выпіць, і пасьпяваць. Але на іх прапаганда ўзьдзейнічае. Глядзіце, фільмы ў іх толькі пра нейкіх супэрагентаў, якія адным ударам трох зьбіваюць з ног, страляюць зь дзьвюх рук, жанчыны таксама. Хутка ўжо і дзеці будуць камісарамі Мэгрэ ў іхных фільмах.

— Давайце пагаворым пра Астроскага. Ён фігура няпростая: быў у маскоўскім палоне (пасьля Бітвы на Вядрошы ў 1500 годзе), прысягнуў на вернасьць маскоўскаму цару... Ці ў гісторыі бліскучая перамога сьпісвае ўсе грахі?

— Так, аршанская перамога сьпісала ўсе яго грахі. Астроскі сапраўды прыняў прысягу на вернасьць цару, у царкве, у прысутнасьці патрыярха. Але гэта было пад прымусам. А калі яму загадалі раць падымаць, каб ісьці на паўночную Ўкраіну, ён уцёк, вярнуўся ў Вільню і пачаў зьбіраць войска, каб весьці яго на ўсход. Ніякага клятваадступніцтва я тут ня бачу. У гісторыі так часта было.

— Адзін з герояў вашага раману гаворыць: «Для Масквы галоўнае — „собирать Русь“. Хоча Русь гэтага зьбіраньня ці ня хоча, у яе, Русі, не пытаюць». Як гэта сугучна сёньняшняму дню, калі Крэмль прыдумаў нейкі «рускі мір» і таксама намерыўся яго зьбіраць.

— На жаль, сапраўды гісторыя паўтараецца. Умоўна кажучы, Бітва пад Воршай працягваецца і сёньня — ва Ўкраіне. І я ўпэўнены, што ўкраінцы ўрэшце перамогуць, як перамаглі нашы продкі на Крапівенскім полі. Нядаўна я напісаў верш, прысьвечаны Ўкраіне.

Напаўзло з балот радні зьмяінай —
Кожны гад у сэрца джалам б’е.
Украіна, добрая краіна,
На шматкі, на крошкі рвуць цябе.
Хто яны — у масках, з аўтаматамі?
Чый яны выконваюць загад?
З матамі ідуць і пераматамі,
Як арда ішла вякі назад.
Ты заўжды была такой зычліваю,
Шчодрай і вясёлаю была.
Дык чаму над гарадамі, нівамі
Цяжка вісьне дымная імгла?
Веру, ты ня будзеш парабчанкаю.
Выйдзі ў поле, стань на рубяжы.
Запарожцаў не спалохаць танкамі,
Атаман Махно імчыць з тачанкамі,
Бацька, шаблю дай, дапамажы!

— Ва Ўкраіне, дарэчы, ўгодкі Бітвы пад Воршай будуць адзначацца з размахам — ажно ў пяці гарадах. І апошняе пытаньне. Расея абвесьціла нацыянальным сьвятам дзень 4 лістапада, калі ў 1612 годзе Масква здолела адбіцца ад войска Рэчы Паспалітай, куды ўваходзілі і беларускія землі. Беларусь магла б зрабіць сымэтрычны адказ — абвесьціць нацыянальным сьвятам 8 верасьня. Быў бы выйгрышны ход — нават для сёньняшніх уладаў.

— Ход быў бы выйгрышны, але, на жаль, беларускім уладам ён непатрэбен. Пакуль што Дзень беларускай вайсковай славы дзяржаву

Я веру, што дзень 8 верасьня будзе ў будучыні абвешчаны дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь

не цікавіць. А мы памятаем, як у 90-я гады Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў яго адзначала. Як на плошчы прымалі прысягу на вернасьць Беларусі пад бел-чырвона-белым сьцягам 3000 шэрагоўцаў і 600 афіцэраў. Думаю, што рэха Аршанскай бітвы будзе гучаць у сэрцах маладых людзей. Пішучы свае гістарычныя раманы, я хачу, каб мы не забывалі пра тыя далёкія часы, калі наш народ сяліўся, станавіўся на ногі каля Дняпра, каля Рубона-Дзьвіны, каля Нёману — у цэнтры Эўропы. І нам трэба ведаць сваё гераічнае мінулае. Я веру, што дзень 8 верасьня будзе ў будучыні абвешчаны дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG