Гэткім чынам юнак узяў удзел у акцыі «выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge). Калі б Аляксандар Лукашэнка на яе адгукнуўся, то мусіў бы ці сам абліцца ледзяной вадой, ці цягам 24 гадзін ахвяраваць 100 даляраў на карысьць дабрачыннага фонду ALS Association, які ініцыяваў кампанію.
Дзьмітры Дайнэка апавёў, што яго і ўсіх хлопцаў, якія бралі ўдзел у здымках, выклікалі ў інспэкцыю па справах непаўналетніх і ў школу:
«Атрымліваецца, на нас паскардзіліся. Зьверху напісалі, і ролік выдалілі. Хацелі паставіць усіх, хто быў у кадры, на ўлік, даць штраф, але пакуль яшчэ нічога не казалі.Там яны нічога толкам не патлумачылі. Нібыта з-за таго, што відэа трапіла на „Хартыю-97“, усё пачалося. Проста сабралі бацькоў, пагутарылі зь імі, і ўсё. Пасьля таго як відэа трапіла ў сеціва, недзе праз дні чатыры, у „белым доме“ сабралі ўсіх настаўнікаў, нібыта нашаму дырэктару школы трохі навалялі за гэта, і ён правёў гутарку з бацькамі. Сказалі, што мы нібыта пайшлі супраць Лукашэнкі. А гэта ж проста была акцыя, і мы проста хацелі перадаць эстафэту. Гэта ж проста гульня. Вырашылі перадаць наўдачу, раптам пашанцуе».
Карэспандэнт: «А ў інспэкцыі патлумачылі, чаму цябе туды выклікалі?»
Дзьмітры: «Бо ім патэлефанавалі зь Менску. Ну, там жа ў відэа ёсьць як бы нецэнзурныя выказваньні ў канцы. Як бы яшчэ і з-за гэтага дадуць штраф. Але прычына ў тым, што трапіла на апазыцыйны сайт, усё адтуль пайшло».
Карэспандэнт: «То бок табе сказалі, што гэтага відэа не павінна быць у сеціве?»
Дзьмітры: «Так, паколькі відэа трапіла на апазыцыйны сайт, што мы пайшлі супраць Лукашэнкі, і каб у нас не было праблемаў, сказалі выдаліць відэа. Я віны тут сваёй ні ў чым ня бачу, за гэта артыкула няма».
Карэспандэнт: «А як бацькі паставіліся да гэтай гісторыі?»
Дзьмітры: «Сказалі, што гэта глупства, што ня трэба было Лукашэнку рабіць выклік. І ўсё».
У акцыі «Выклік ледзяной вадой» (Ice Bucket Challenge) узяў удзел гендырэктар Facebook Марк Цукербэрг, каб прыцягнуць увагу да вывучэньня невылечнага захворваньня цэнтральнай нэрвовай сыстэмы — бакавога аміятрафічнага склерозу (ALS).
Перад тым як абліцца ледзяной вадой, кіраўнік сацыяльнай сеткі заявіў, што кідае выклік заснавальніку Microsoft Білу Гейтсу і сваім намесьнікам у кампаніі Facebook. Кожны зь іх павінен быў на працягу наступных 24 гадзін або выліць на сябе вядро вады, або ахвяраваць грошы аднаму з фондаў барацьбы з ALS.
Біл Гейтс прыняў выклік Цукербэрга і ў межах дабрачыннай кампаніі, якая атрымала назву ALS Ice Bucket Challenge, абліўся вадою і выклаў відэаролік у сваім акаўнце на YouTube.
З гэтага і пачалася акцыя, якая ўжо прымусіла абліцца вадою тысячы вядомых і невядомых людзей па ўсім сьвеце.
Папулярны актор Він Дызэль ужо кідаў выклік Уладзімеру Пуціну — той яго не прыняў. Узяў удзел у акцыі і экс-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, сказаўшы, праўда, што аблівацца халоднай вадой — «не прэзыдэнцкая справа». Ён кінуў выклік свайму «калегу» Білу Клінтану.
У акцыі ўзялі ўдзел Ліянэль Мэсі, Нэймар, Усэйн Болт, Леброн Джэймс, Кака, Новак Джокавіч, Хэрард Піке, Мілаш Раёніч, Джон Тэры, зборная ЗША па баскетболе ды іншыя папулярныя асобы.
Удзел у акцыі ўзяла таксама сям’я прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Сёньня МТС прыняў эстафэту ад Velcom у рамках кампаніі Ice Bucket Challenge.