Прэзыдэнт Эстоніі Тоомас Хендрык Ільвэс заявіў пасьля перамоваў у Таліне з прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам, што канфлікт на ўсходзе Ўкраіны «зьяўляецца агрэсіяй Расеі» і сказаў, што «Расея павінна прызнаць, што яна зьяўляецца бокам у канфлікце і прыняць рэальныя крокі для дээскаляцыі крызісу».
Кіраўнік Эстоніі таксама выказаўся за «надзейную і заўважальную» прысутнасьць НАТО ў яго краіне.
Прэзыдэнт ЗША Барак Абама паведаміў, што ён запэўніў Эстонію ў падтрымцы Злучанымі Штатамі рэгіянальнай бясьпекі краінаў Балтыі і ў непарушнасьці амэрыканскага абавязацельства абараняць любога чальца НАТО ад нападу. Выступаючы пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Эстоніі наконт занепакоенасьці Таліна пагрозай з боку Расеі, Абама сказаў, што «Эстоніі ніколі не давядзецца змагацца ў адзіноце».