Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жасарал Куанышалін: Пуцін паўтарыў словы Назарбаева, што Казахстан ніколі ня быў дзяржавай


Жасарал Куанышалін
Жасарал Куанышалін

Казахскі апазыцыйны палітык Жасарал Куанышалін ня зьдзіўлены заявай прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, што Казахстан ніколі ня быў дзяржавай.

У 2005 годзе за аналягічную заяву палітык падаваў у суд пазоў на кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева, у выніку яго самога прысудзілі на два гады калёніі за абразу гонару і годнасьці прэзыдэнта.

Жасарал Куанышалін: Гэтак жа заяўлялі даўно і працягваюць заяўляць расейскія нацыяналісты, шавіністы кшталту Эдзічкі Лімонава, Уладзімера Жырыноўскага ды іншыя. Гэта стала звыклым для нас. Натуральна, гэта ня значыць, што мы з гэтым згодныя. Мы абураныя і пра гэта гаворым і пішам.

Ганна Соўсь: Але ж гэта заявіў не Лімонаў, не Жырыноўскі, а кіраўнік Расеі, і выглядае, што ўпершыню...

Жасарал Куанышалін: Усё калісьці адбываецца ўпершыню. Сёньня гэта агучыў Пуцін, а да гэтага гаварылі ягоныя рупары, тыя, хто агучваў думкі Пуціна, паколькі яму было няёмка гэта гаварыць пра прэтэнзіі на казахскія землі, на поўнач Казахстану і гэтак далей. Імпэрцы, глашатаі Пуціна гэта агучвалі. На жаль, для гэтага даў падставу сам Назарбаеў, сам прэзыдэнт Казахстану, які неаднаразова заяўляў з высокай трыбуны, па тэлебачаньні, што ў Казахстана ніколі не было межаў, не было дзяржаўнасьці. І гэта адбылося ўпершыню ў 2005 годзе, і тады я падаў на яго ў суд пазоў паводле артыкулу «Дзяржаўная здрада». Але за гэта мяне самога судзілі за тое, што я нібыта абразіў гонар і годнасьць Назарбаева. А якія могуць быць гонар і годнасьць у прэзыдэнта, які аплёўвае сваю краіну, плюе ў твар свайму народу, адмаўляючы гісторыю краіны. Мне прысудзілі два гады калёніі. Гэта ўсё адбываецца на гэтым тле. Назарбаеў па вялікім рахунку – калябарацыяніст, чалавек, які заўсёды стаяў за тое, каб Казахстан увайшоў у склад Расеі, ён быў супраць незалежнасьці ў свой час. Ён быў за захаваньне таго Саюзу. Ён увесь час упарта вёў краіну да Эўразійскага саюзу, гэта ён зьяўляецца аўтарам гэтай ідэі.

Ганна Соўсь: Нядаўна Назарбаеў нагадаў аб праве Казахстану на выхад з Эўразійскага саюзу, калі будуць ушчамляцца інтарэсы яго краіны.

Жасарал Куанышалін: Ён гуляе. Гэта толькі фраза. Насамрэч чалавека правяраюць па справах, не па словах. Назарбаеў 20 гадоў таму заявіў пра неабходнасьць Эўразійскага саюзу і ўпарта вёў да гэтага і сёлета падпісаў дамову, якая фактычна зьяўляецца дамовай, якая пагражае незалежнасьці Казахстана. Таму я не зьдзіўлены заявай Пуціна, калі сам прэзыдэнт Казахстану пра гэта гаворыць. Яму ёсьць на што спаслацца.

Ганна Соўсь: Якая рэакцыя ў Казахстане на гэтую заяву?

Жасарал Куанышалін: Розная, канечне. Казахстан не аднародны, як і Ўкраіна. У нас шмат тых, хто радаваліся таму, што Расея забрала Крым у Ўкраіны, і падтрымліваюць сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. У нас нямала «каларадаў». Іх найбольш сярод расейцаў і расейскамоўных, але і сярод казахаў ёсьць такія замбаваныя, бо ў нас расейскае тэлебачаньне дамінуе. Але ўсе людзі з цьвярозым розумам, нармальныя людзі, грамадзяне Казахстану натуральна будуць абураныя і выкажуцца супраць. Паколькі гэтая заява прагучала сёньня, яшчэ пакуль няма шырокай рэакцыі, але яна будзе.

Ранейшую заяву прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева пра тое, што Казахстан ня меў дзяржаўнасьці, казахскі палітоляг Айдос Сарымаў лічыць вельмі няўдалай.

Айдос Сарымаў: Гэта факт, што пры гэтых межах, нават далёка за межамі гэтых межаў, нашы продкі адстойвалі гэтыя землі гістарычна, асвойвалі ў народна-гаспадарчым сэнсе. За гэтыя землі ішла бесьперапынная барацьба, часам нават на працягу стагодзьдзяў. І гэта зафіксавана ў розных гістарычных крыніцах. Такія няўдалыя выказваньні на самай справе даюць некаторыя аргумэнты нашым апанэнтам, напрыклад тым жа расейскім нацыяналістам.

Нашы ўлады проста адмаўляюць і 500-гадовую гісторыю казахаў, і нават казахска-савецкі пэрыяд гісторыі, якая б яна ні была. Гэтым самым, я лічу, улады спрабуюць пераканаць грамадзтва ў тым, што казахская дзяржава пачыналася з чыстага ліста. А гэта ўжо вялікая гістарычная і палітычная памылка. Што ж тычыцца гісторыі казахскай дзяржавы, то можна, вядома, спрачацца аб яе якасьці або наколькі яна адпавядала нейкім агульнасусьветным крытэрам або стандартам, па якіх вызначаюць, што такое дзяржава, але казахская дзяржаўнасьць – факт. Яна для свайго часу была вельмі актуальная і адмаўляць гэта, спрабаваць зьвесьці гісторыю казахскай дзяржаўнасьці да апошніх дваццаці гадоў, гэта нейкая неразумная, парадаксальная рэч.

На пачатку нашай незалежнасьці практычна кожны выступ лідэраў краіны суправаджалася спасылкай на Джаныбека і Керея – заснавальнікаў Казахскага ханства, Аблаеў хана, лідэраў аўтаноміі Алаш-Орды і гэтак далей. Тое, што ў Астане нядаўна ўсталявалі помнік «Казахская зямля», і шэраг іншых фактаў сьведчаць прынамсі пра разуменьне ўладай таго, што дзяржаватворным элемэнтам і галоўным носьбітам дзяржаўнасьці ў гэтай краіне зьяўляюцца казахі і казахская гісторыя. Нават нядаўна праведзены перапіс насельніцтва, па выніках якога сьцьвярджаецца, што ў нас казахі ўжо складаюць 67 адсоткаў насельніцтва, сьведчыць, што мы ўжо маем кваліфікаваную і якасную большасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG