Аршанцы абураныя дзеяньнямі прадпрымальніка, які не дазваляе вярнуць на набыты ім будынак шыльду і гарэльеф памяці іх земляка, пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.
Шыльда і гарэльеф з выявай пісьменьніка з 1990 году былі на першым будынку вуліцы Караткевіча. Некалькі месяцаў таму яна зьнікла, калі ў будынку пачаўся рамонт. Цяпер ён скончаны, але шыльда на сваім ранейшым месцы не зьявілася.
У будынку, на сьцяне якога былі шыльда ў гонар Уладзімера Караткевіча і барэльеф аўтарства талачынскага скульптара Юрыя Палякова, цяпер знаходзіцца Парытэтбанк. Аднак да зьнікненьня шыльды ў памяць пра славутага пісьменьніка гэтая ўстанова дачыненьня ня мае — банк арандуе гэты будынак. І супрацоўнікі банку, падобна, няёмка пачуваюцца ў гэтай сытуацыі: адразу скіроўваюць за рог будынку, дзе ўзьведзены высокі плот. А перад зачыненымі весьніцамі — перамоўнае прыстасаваньне.
Націснуўшы на кнопку з надпісам «прыёмная», удаецца зьвязацца са спадарыняй, якая наадрэз адмаўляецца адчыніць дзьверы. Паведамляе толькі, што ўласьнік будынка — прыватны прадпрымальнік Уладзімер Андрэевіч Панасенка. І дыктуе нумар тэлефона, па якім замест адказу — адны толькі доўгія гудкі.
Я спыталася, на якіх падставах, навошта шыльду зьнялі, і ці зьбіраецеся яе вяртаць. Ён сказаў: «Я вам зараз не скажу ні «так», ні «не»
Цяперашні будынак Парытэтбанку раней быў адміністрацыйным корпусам аршанскага піўзаводу. Пасьля закрыцьця прадпрыемства спадар Панасенка і набыў будынак. Потым там рабілі рамонт, і напачатку здавалася, што шыльда і гарэльеф вернуцца на сьвежапафарбаваную сьцяну. Але гэтага ня здарылася. І аршанцы непакояцца, што сьцяна так і застанецца пустой.
У двухстах мэтрах адсюль — аршанскі музэй Уладзімера Караткевіча. Там пра праблему з шыльдай і гарэльефам ведаюць. Пару месяцаў таму дырэктар музэю Ірына Гаеўская размаўляла са спадаром Панасенкам, ці зьбіраецца ён вяртаць на месца гарадзкую маёмасьць:
«Я спыталася, на якіх падставах, навошта шыльду зьнялі, і ці зьбіраецеся яе вяртаць. Ён сказаў: «Я вам зараз не скажу ні «так», ні «не». Гэта было ў ліпені, і ён сказаў — не кажу ні «так», ні «не»...
Паводле Ірыны Гаеўскай, шыльда і гарэльеф цяпер знаходзяцца ў тым самым будынку. А што да пэрспэктывы, то Ўладзімер Панасенка нібыта прапануе павесіць іх не на старым месцы, а насупраць — зрабіць праз вуліцу нейкі «мэмарыял», прафінансаваўшы ўвасабленьне гэтай ідэі асабіста.
Ня ён шыльду ўсталёўваў, ня ён вуліцу пераймяноўваў — не яму і здымаць! На маю думку, шыльду мэмарыяльную трэба вяртаць!
Ніякіх прыкметаў узьвядзеньня «мэмарыялу» не відаць. І аршанцы кажуць, што гаспадар будынка ня мае рацыі, калі не вяртае на месца шыльду і гарэльеф. Вось што давялося пачуць ад мінакоў на вуліцы Караткевіча:
«Значыцца, ня мае рацыі гаспадар! Караткевіч — гэта наш пісьменьнік, вядомы на ўсю краіну, і ня толькі! У нас і 3-я школа носіць яго імя, ён тут жыў», — разважае спадарыня сталага веку.
Яе сяброўка працягвае: «Ня ён шыльду ўсталёўваў, ня ён вуліцу пераймяноўваў — не яму і здымаць! На маю думку, шыльду мэмарыяльную трэба вяртаць!»
"Канешне, тым больш, што яна тут заўжды была. І ўвогуле: куды ён яе падзеў? Гэта ж памяць наша!«,—гаворыць маладая маці, якая прагульваецца зь дзіцячым вазочкам.
«Гэта ж наш пісьменьнік! Трэба аднаўляць! Можа, выканкам умяшаецца? Намесьнік старшыні па сацыяльных пытаньнях, напрыклад? Я і сам быў на адкрыцьці, калі шыльду адкрывалі. Кветкі ўскладаў. Была шыльда, прыгожа было, » — згадвае спадар.
«Але ж кудысьці прыбралі яе? А вось куды падзелі — гэта пытаньне. Думаю, яна нікому не замінала, дык няхай бы і была! Гэта ж наш пісьменьнік, вунь там дом стаіць, дзе ён жыў. І на ім шыльда ёсьць. А ўвогуле — нават у Кіеве помнік паставілі яму, нашаму беларускаму пісьменьніку. А ў нас — чаго зьнялі?» — абураецца бабуля-пэнсыянэрка.
Яшчэ адна спадарыня дзеліцца ўспамінамі:
«Так, была шыльда. І кветкі туды ўскладалі. Гэта ж наша памяць! Ідзеш, бывала, па вуліцы Леніна, і чытаеш на крайнім будынку, што тут пачынаецца вуліца Караткевіча, прыгадваеш...Тут і дом, дзе ён жыў. Раней гэта была вуліца Касманаўтаў, а потым перайменавалі — у гонар Караткевіча. Няхай бы і шыльда была!»
«Якая розьніца, хто гэты будынак набыў? Гэта ж наша агульная гісторыя і памяць! Трэба, каб аднавіў», — заяўляе дзяўчына.
Тут напісаны першы варыянт „Дзікага паляваньня караля Стаха“, „У сьнягах драмае вясна“, некаторыя вершы
Цяперашнюю назву вуліца атрымала ў выніку перайменаваньня напрыканцы 1980-х гадоў. Яно адбылося з ініцыятывы шырокай грамадзкасьці — мастацкай інтэлігенцыі і гараджан-аршанцаў. Вуліца непасрэдна зьвязаная зь лёсам Уладзімера Караткевіча: тут дагэтуль стаіць дом, дзе жыла сям’я пісьменьніка, гаворыць Вольга Пашковіч, супрацоўніца музэя Караткевіча:
«Тут напісаны першы варыянт „Дзікага паляваньня караля Стаха“, „У сьнягах драмае вясна“, некаторыя вершы. Гэта бацькоўская хата: на новую пасьля вайны грошай не было, і ў 1946 годзе яны набылі хату ў вёсцы ды перавезьлі ў Воршу». У Воршы шмат згадак пра Ўладзімера Караткевіча — гэта і вуліца, і школа, якія носяць ягонае імя, і музэй, і помнік у парку над Дняпром. Гараджане ганарацца сваім земляком, і таму занепакоеныя, каб яшчэ адзін напамін пра яго — шыльда і гарэльеф — ня зьніклі на прыхамаць аднае асобы і абавязкова былі адноўленыя.