Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы ў Рагачове: «Цяжка, бо жыльля нямашака»


У Беларусь працягваюць прыяжджаць украінскія грамадзяне, якія апынуліся ў зоне баявых дзеяньняў на паўднёвым усходзе Ўкраіны, дзе Расея падтрымлівае сэпаратыстаў. Прыяжджаюць найперш тыя, хто мае беларускія карані альбо сваякоў.

Сям’я Сяргея і Натальлі Курчанкаў з шахцёрскага гарадка Макееўка Данецкай вобласьці ўжо другі месяц жыве ў вёсцы Стрэнькі Рагачоўскага раёну:

Сяргей: «Родзічы жывуць у Рагачоўскім раёне, родная сястра бацькі. Дзед тут нарадзіўся і жыў, а я этнічны беларус. Буду афармляць дакумэнты хоць бы на год пражываньня. Часова ўладкуемся на працу, пакуль на радзіме не супакоіцца. Будзем вяртацца, бо там усё нажыта: дамы, кватэры. Было небясьпечна заставацца — ужо па начах стралялі. У сям’і двое дзяцей малалетніх».

Галава сям’і кажа, што раней служыў у войску па кантракце старшым прапаршчыкам. Звольніўся праз стан здароўя.

У Рагачове Сяргею прапанавалі працу кіроўцы на хлебазаводзе:

«Вакансію прапанавалі — цяпер трэба мэдкамісію прайсьці. На хлебазаводзе сказалі паставіць пячатку ва ўпраўленьні занятасьці, і нібыта можна бясплатна гэта зрабіць, але бясплатна нічога ня робіцца. Трэба ўсюды плаціць. Толькі адкуль у нас сродкі? Ад таго, што з сабой прывезьлі, практычна нічога не засталося».

25 жніўня старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік даў указаньне падрыхтаваць распараджэньне, каб вызваліць украінцаў ад платы за мэдкамісію. Але наступнага дня Cяргей Курчанка ўсё адно заплаціў 265 тысяч, каб прайсьці ў Рагачове гэтую самую камісію. Украінцаў цікавіць таксама, ці трэба будзе плаціць за такую ж мэдычную даведку пры атрыманьні віду на жыхарства?

Жонка Сяргея Натальля пакуль на працу не зьбіраецца, будзе гадаваць меншага сына, якому толькі два гады. Старэйшы Алёша падаў дакумэнты ў рагачоўскую школу № 2:

«Дужа спадабаўся нам дырэктар школы, малады такі мужчына. Вельмі добра нас сустрэў. Прынялі дакумэнты, параілі, як і што далей».

Натальля апавяла, што ўчора атрымала гуманітарную дапамогу ад грамадзкіх арганізацыяў Рагачова — яны з мужам, па сутнасьці, падрыхтавалі дзяцей да халадоў. Застаецца, аднак, нявырашаным найважнейшае пытаньне: дзе жыць далей?

Натальля: «Цяжка, бо жыльля нямашака. Увесь жа час у гасьцях ня будзеш жыць. Езьдзілі ў Ціхінічы, але не засталі там начальніка. Казалі, што можна прыехаць да кіраўніка і зь ім пагутарыць. Магчыма, ён чымсьці дапаможа».

Апошнімі днямі Сяргей і Натальля шукалі ў Рагачове прыдатныя варыянты, каб наняць кватэру паблізу школы. За аднапакаёўку ў маласямейцы гаспадары запрасілі сто даляраў на месяц — і перасяленцы адмовіліся, бо гэта для іх задорага. Іншая кватэра здавалася ўнаймы таньней, але яна вельмі запушчаная. Таму жыць украінцы пакуль будуць у цёткі. Але і ў яе стала ўжо зусім цесна, бо днямі з Данецкай вобласьці сюды прыехала зь сям’ёй яшчэ й Тацяна, родная сястра Сяргея Курчанкі.

Мясцовыя ўлады прапануюць украінскім уцекачам працу і жытло найперш у вёсцы, дзе людзі, апрача хіба апэратараў машыннага даеньня, зарабляюць крыху больш як 2 мільёны рублёў на месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG