«Я не буду шмат казаць аб маючай адбыцца сустрэчы ў Менску, але гэта — магчымасьць, якую нельга ўпусьціць», — заявіла вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу па зьнешніх справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан 24 жніўня на Эўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя).
Эштан лічыць, што Ўкраіне неабходна выбудоўваць добрыя адносіны як з краінамі Эўрапейскага зьвязу, так і з Расеяй. «Гэта ваша краіна, і вы прымаеце рашэньні, выбіраеце сваю будучыню. Вы выбралі свайго прэзыдэнта і шлях, па якім ісьці наперад. Вам патрэбныя добрыя адносіны з эўрапейскімі суседзямі, і з Расеяй», — цытуе вярхоўнага прадстаўнікам Эўразьвязу агенцтва ІТАР-ТАСС. 26 жніўня ў Менску плянуецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — Эўразьвяз — Украіна з удзелам прэзыдэнтаў Уладзімера Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энэргетыку віцэ-старшыні Эўракамісіі Гюнтэра Этынгера і эўракамісара па гандлі Карэла дэ Гухта.
21 жніўня Пятро Парашэнка заявіў, што едзе ў Менск дамаўляцца пра мір, паколькі «увесь сьвет стаміўся ад вайны». Парашэнка зазначыў, што на менскай сустрэчы ён «закліча забраць баевікоў з Украіны».