Барыс Гюнтэр нарадзіўся 2 верасьня 1943 году. У Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў абраны ад Гомельскай-Сельмашаўскай акругі. Зь першага дня ўтварэньня Апазыцыі БНФ быў яе актыўным сябрам. Быў сябрам Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ.
Быў сакратаром Камісіі ВС у пытаньнях працы, цэнаў, занятасьці і сацыяльнай абароны насельніцтва. Уваходзіў у склад Часовай камісіі ВС па ацэнцы дзейнасьці службовых асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
У студзені 1991 году ў складзе дэлегацыі Апазыцыі БНФ быў у Вільні, калі туды былі ўведзеныя савецкія войскі з мэтай падавіць імкненьне літоўцаў да Незалежнасьці. Узнагароджаны мэдалём Літоўскай Рэспублікі «Памяці 13 студзеня».
Барыс Гюнтэр быў адным з аўтараў пакету дакумэнтаў, якія ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 году рашэньняў аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі.
Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11-12 красавіка 1995 году ў Авальнай залі, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сымбаляў «Пагоні» і Бел-Чырвона-белага сьцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Пасьля сканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры «Вясна».