Апытаньне «Свабоды»: «Чаму ў Беларусі цэны растуць гэтаксама хутка, як ва Ўкраіне, дзе рэвалюцыя і вайна — каля 12 працэнтаў за паўгода?» Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар: «Гэтае пытаньне варта задаць майму аднакурсьніку Аляксандру Рыгоравічу. Ён за ўсё адказвае. Мы апошні абломак сацыялізму ў Эўропе. І пакуль гэта абломак будзе існаваць, цэны ня будуць падаць».
Спадарыня: «Ва Ўкраіне я не была, ня ведаю, што там. А пра Беларусь скажу — ну што ж, інфляцыя ёсьць. У нас не стабільна. У нас кепска працуе прамысловасьць, у нас няма перадавых тэхналёгіяў. Мы не выпускаем канкурэнтнай прадукцыі».
Спадар: «Эканоміка разьвіваецца ня ў тым напрамку. Гадоў пятнаццаць таму, калі былі нармальныя яшчэ грошы, іх трэба было разумна ўкладваць, а не цяпер, калі кінуліся перабудоўваць. У нас ужо даўно быў бы прыбытак».
Ва Ўкраіне працуе рынкавая эканоміка, а ў нас — плянавая. І мы цалкам залежым ад Расеі
Спадар: «Ва Ўкраіне працуе рынкавая эканоміка, а ў нас — плянавая. І мы цалкам залежым ад Расеі. Ва ўладных структурах працуе дужа шмат людзей некампэтэнтных. Душаць у нас прадпрымальніцтва, а там, дзе больш канкурэнцыі, там ніжэйшыя цэны».
Спадар: «Дзякуючы намаганьням нашага ўраду эканоміка Беларусі ня надта адрозьніваецца ад эканомікі, дзе ідзе сапраўдная вайна. Мяне гэта ня дзівіць. У нас жа крычаць — каб толькі не было вайны, але Беларусь — лідэр па інфляцыі».
Спадар: «Беларускі народ адаптаваўся да гэтага. Ён не зьдзіўляецца росту цэнаў. Але тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — я б таго тут не хацеў. Вайна — гэта страшна, якіх бы мэтаў яна ні дасягала».
Спадарыня: «Гэтае пытаньне варта задаць эканамістам з ураду. Цэны зьверху нам спускаюць. Яны кажуць нам, што нібыта кіруюць, але калі б яны насамрэч кіравалі, то толку было б болей».
Малады спадар: «У прынцыпе, нармальны рост цэнаў. У той жа час у нас растуць заробкі. А там ніякага росту заробку і ніякага разьвіцьця эканомікі. Калі растуць заробкі, то павінны расьці адпаведна і цэны».
Малады спадар: «У нас тут сваім людзям даражэй прадаюць, чым тое, што вязуць на экспарт. Мо з гэтым зьвязана».
Юнак: «Бо ў нас мала сваіх рэсурсаў. Каб болей было нафты і свой газ, то было б добра. А там жа людзі, ім жа няма калі працаваць — ім нічога не застаецца рабіць болей. Чыноўнікі іхныя заеліся. У нас жа пакуль не зусім. Не пасьпелі пакуль».
Спадарыня: «Нешта не ў парадку з эканомікай. Народ вінаваты. Але я больш ня буду гаварыць, хто ў нас яшчэ вінаваты».
Спадар: «Праблема ў нас знаходзіцца зьверху. На самай верхатуры...»