Дзіўная сытуацыя назіраецца ў Беларусі ў галіне манумэнтальнай прапаганды. З аднаго боку, паўсюль на пастамэнтах — помнікі Леніну ды ягоным паплечнікам, з другога — князям ВКЛ.
Толькі за апошні час ўсталяваныя помнікі Ўсяславу Чарадзею ў Полацку і Альгерду ў Віцебску. Плянуецца гэткім жа чынам ушанаваць Гедыміна ў Лідзе і Міндаўга ў Наваградку. Дзеля чаго гэтыя гістарычныя постаці патрэбныя сёньняшняй уладзе? Госьцем перадачы — доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
— Алесь, мы з вамі ў «Вольнай студыі» наднаразова гаварылі пра тое, што сёньняшняя беларуская ўлада адмовілася ад гістарычнай спадчыны ВКЛ. Відаць, для вас было нечаканасьцю ўсталяваньне помніка Альгерду ў Віцебску?
— Так, было нечаканасьцю, хоць гэтая нечаканасьць была прадбачаная пэўнымі момантамі. Нельга сказаць, што ўся ўладная частка беларускага чыноўніцтва адмовілася ад сярэднявечнай гісторыі, ад ВКЛ. Усё ж ёсьць у Беларусі патрыёты і сярод чыноўніцтва, яны ўсьведамляюць каштоўнасьць беларускай гісторыі. Прыкладам, былы міністар культуры Павал Латушка. Згадайма перадгісторыю — у Віцебску некалькі гадоў стаяў падрыхтаваны п’едэстал, але былі сілы, якія супраціўляліся, і сярод
ёсьць у Беларусі патрыёты і сярод чыноўніцтва, яны ўсьведамляюць каштоўнасьць беларускай гісторыі
гэтых сілаў — Праваслаўная царква. Ды і прарасейскіх чыноўнікаў у нас шмат, хоць яны не афішуюцца. Іхны прынцып узьдзеяньня на людзей выпрацаваны практыкай камуністычнай партыі — адсякаецца ўсё, што мае ўплыў на масавую сьвядомасьць. Нельга мець мастацкіх фільмаў па-беларуску, нельга мець беларускай гісторыі, нельга мець беларускай архітэктуры. І ў Віцебску быў выбар — ці бурыць п’едэстал, ці ставіць помнік. Перамог здаровы сэнс — паставілі помнік. Нельга гісторыю пачынаць ад 1917-га, а потым ад 1944 году. Гэта нонсэнс. Людзі шукаюць свае карані. І такая асоба як Альгерд можа стаць для Віцебску сапраўды брэндавай фігурай.
— Ужо шмат гадоў гаворыцца пра тое, што ў Лідзе варта ўсталяваць помнік Гедыміну, а ў Наваградку — Міндаўгу. Што лягічна — там больш-менш захаваліся замкі. Але помнікі князям паўстаюць найперш на ўсходзе — Альгерду ў Віцебску, Усяславу Чарадзею — у Полацку. Чаму так?
— Мне здаецца, гэта зьвязана з электаральнымі асаблівасьцямі рэгіёнаў. Ліда і Наваградак — гэта Гарадзеншчына, дзе найменш галасуюць за Лукашэнку. І таму гэты рэгіён найбольш пільнаваны ідэалягічна. Вельмі добры прыклад — цяперашні менскі начальнік Шапіра. Ён зрабіў кар’еру ў Горадні, выгнаўшы некалькі навукоўцаў-гісторыкаў з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, прычым абсалютна ні за што. Паказаўшы сябе верным цэрбэрам, які трымае ўсіх пад кантролем, ён і атрымаў прызначэньне ў Менск. Мне здаецца, гэта якраз прычына — павышаны ідэалягічны кантроль над заходняй часткай Беларусі.
— А мне здаецца, што помнікі старажытным князям на ўсходзе — гэта спроба неяк засьцерагчыся ад беларускай «Наваросіі».
— Гэта спрэчнае меркаваньне, бо «Наваросія», маю на ўвазе данецкі і луганскі сэпаратызм, узьнікла паўгоду таму. А помнікі ў нас на ўсходзе ставяцца ўжо каля дзесяцігодзьдзя. Гэта па-першае. Па-другое, я ня веру ў тое, што наша палітычная эліта будуе такую доўгатэрміновую стратэгію. Мы ўсе ведаем — беларуская ўлада рэагуе на бягучую сытуацыю, яе клопат — абы ўтрымацца.
— Вы казалі пра ўплыў на масавую сьвядомасьць. А хіба помнікі выконваюць такую функцыю? Вунь Леніны паўсюль стаяць, на іх ужо даўно ніхто не зважае.
— Не, помнікі ўсё ж уплываюць на масавую сьвядомасьць, бо яны прысутнічаюць візуальна ў ключавых пунктах гарадоў. Людзі ходзяць, бачаць, цікавяцца. У любы момант гэтыя помнікі можна ўключыць у актыўны культурны зварот — сабраць там сьвята, правесьці ўшанаваньне гэтай асобы. Таму супраць помнікаў і ідзе такая барацьба беларускага прарасейскага лягеру.
— Альгерд тройчы хадзіў на Маскву, і гэтыя паходы па-рознаму ацэньваюцца. Скажам, Мікола Ермаловіч лічыў іх няўдалымі, а Вольга Іпатава, аўтарка раману «Альгердава дзіда», наадварот, пасьпяховымі. Дзе тут рацыя?
— Вядома ж, гэта былі пасьпяховыя паходы. Іх задача была — стрымаць Маскву, трохі абнізіць яе гонар. Альгерд выкарыстаў спрыяльныя моманты, найперш той, што тады яшчэ быў непаўналетнім князь Дзьмітры
Не было гаворкі, каб зьнішчыць Маскоўскае княства, мэта была — аслабіць
Данскі. Паходы на Маскву — праява вялікадзяржаўніцкай палітыкі Альгерда. Гэта была дэманстрацыя таго, што ВКЛ настолькі моцнае, што мае сілы стрымліваць такога суперніка, як Масква. Не было гаворкі, каб зьнішчыць Маскоўскае княства, мэта была — аслабіць. Нішчылася тэрыторыя, прыніжаўся князь маскоўскі, які ня мог выступіць у поле біцца, вымушаны быў сядзець у аблозе. Ніякім чынам мы ня можам лічыць гэтыя паходы няўдалымі. Наадварот, яны былі вельмі ўдалымі. І Альгерд, першы сярод Гедымінавічаў, выступіў з праграмай адносна земляў усходнеславянскіх. У 1358 годзе ў перапісцы з германскім імпэратарам ён заявіў, што ўся Русь павінна належаць Літве.
— Альгерд у Віцебску паўстаў на вуліцы Суворава. Ці помнікі такога кшталту вымагаюць нейкага асяродзьдзя пад сябе?
— Абавязкова. Увогуле я лічу так: Беларусь стане самастойнай дзяржавай, калі ў нас зьнікнуць помнікі Леніну, вуліцы Суворава і г.д. Гэта будзе знак, што мы становімся нармальнай краінай. Глядзіце — ва Ўкраіне амаль зьніклі помнікі Леніну, за адзін месяц! Гэта паварот, шлях да нармальнай эўрапейскай краіны. Гэта абсурд, што ў Віцебску дзесяць вуліцаў імя Крупскай. Я прыхільнік таго, што мы павінны вяртацца і да спрадвечных назваў гарадоў, тых, якія былі да расейцаў. Той самы Менск трэба вярнуць найперш. І гэта таксама будзе знакавая праява, калі спрадвечныя назвы, якія фармаваліся стагодзьдзямі, будуць вернутыя. Толькі тады Беларусь пазбавіцца асыміляцыйных уплываў з усходу.
— Альгерд і Усяслаў Чарадзей ужо стаяць. Прыпусьцім, зьявяцца Гедымін і Міндаўг. Ці павінна быць ім нейкае падмацаваньне — у той жа адукацыі?
— Так, усё павінна быць абавязкова ўзаемазьвязана. Ёсьць асоба ў падручніку — вучняў прыводзяць да помніка гэтай асобе. Прыгадаю 1990-я гады — я размаўляў зь дзецьмі ў Наваградку — усе ведалі
Ёсьць асоба ў падручніку — вучняў прыводзяць да помніка гэтай асобе
гісторыю Міндаўга. Было вельмі цікава слухаць. Гэта называецца — сыстэмнасьць гістарычнай асьветы грамадзтва, яна складаецца зь некалькіх ступеняў. Самі па сабе помнікі будуць мець пасыўны эфэкт, слаба ўплываць на масавую сьвядомасьць. Але гаворка пра тое, што іх можна актывізаваць. Напрыклад, зладзіць сьвята гарадзкіх муроў у Віцебску. Бо ўпершыню Альгерд, а дакладней, яго жонка княгіня Уляна ў 1351 годзе абнесла Віцебск мураванымі сьценамі, і горад стаў абаронены.
— Два тыдні засталося да юбілею Бітвы пад Воршай. Выпуск Дзяржбанкам памятнай манэты — гэта ўсё, што зрабіла дзяржава да гэтых угодак. Чаму тут назіраецца такая стрыманасьць?
— Ня трэба забываць: беларускі рэжым — прарасейскі. А для расейцаў Аршанская бітва, постаць Астроскага — як чырвоная ануча для быка. У Расеі ў 2009 годзе нават выдалі кніжку з абвяржэньнем вынікаў Аршанскай бітвы. Там сьцьвярджаецца, што расейскіх войскаў было ў два разы менш, чым нашых. Таму, натуральна, наш рэжым не выносіць гэтае пытаньне на парадак дня. Але сёлета ва ўсім гэтым можа быць вельмі цікавы нюанс. Аршанская бітва — гэта беларуска-украінскае братэрства па зброі. Гэта можа быць міжнацыянальнае беларуска-украінскае сьвята.
— Выкладаньне гісторыі Беларусі па-расейску, скарачэньне навучальных праграмаў па беларускай літаратуры, зьнішчэньне мовы — гэта ўсё выглядае ў сьвятле пошніх падзеяў як дзеяньні самагубцы. Ці здольная беларуская ўлада адумацца і ня секчы сук, на якім сядзіць?
— Мне цяжка сказаць, як будзе дзейнічаць улада. Я перакананы ў тым, што калі будзе выгодна, то мы будзем вучыць кітайскую гісторыю і называць сябе падданымі Паднябеснай. Гэтай уладзе ў прынцыпе напляваць на нацыю, на народ, на культурна-нацыянальныя каштоўнасьці. Можа, зразумеюць нарэшце на прыкладзе з Украінай, чым гэта можа закончыцца. Можа, выкладаньне гісторыі па-расейску, скарачэньне літаратуры спыняцца. З другога боку, тое, што ўлада спрабуе прыціснуць гісторыкаў, літаратараў, сьведчыць пра адно: мы, гісторыкі і літаратары, уяўляем зь сябе сілу, якая мае ўплыў на грамадзтва, прынамсі, на эліту беларускага грамадзтва.