На шпілі самай вядомай высоткі Масквы невядомыя вывесілі сьцяг Украіны. Зорку над будынкам на палову перафарбавалі ў сіні колер.
Акцыя салідарнасьці ў падтрымку Ўкраіны адбылася на вярхушцы аднаго з самых высокіх гмахаў у Маскве — сталінскай высотцы на Кацельніцкай набярэжнай.
Расейскі прапагандысцкі тэлеканал Lifenews з гэтай нагоды напісаў на сваім сайце:
«На сталінскім гмаху ў Маскве вандалы вывесілі сьцяг Украіны. Таксама зламысьнікі пафарбавалі ў сіня-жоўты колер зорку, усталяваную на знакамітым доме на Кацельніцкай набярэжнай».
«Інтэрфакс» паведаміў са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах Масквы, у што ў пастарунак «Таганскі» дастаўленыя некалькі маладых людзей з альпінісцкім рыштункам, якія могуць быць датычнымі да зьяўленьня ўкраінскага сьцяга на вышынным будынку.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, невядомыя праніклі па ўнутраных лесьвіцах будынка да апошняга паверха, а затым з дапамогай адмысловай падрыхтоўкі замацавалі палотнішча на шпілі гмаху», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Іншая крыніца «Інтэрфакса» ў экстраных службах сталіцы паведаміў, што невядомыя пасьпелі пафарбаваць палову зоркі, якая вянчае шпіль гмаху, у блакітны колер.
«Відавочна, зорка павінна была быць перафарбаваны ў колеры ўкраінскага сьцяга, але невядомыя не пасьпелі гэта зрабіць», — сказаў суразмоўца агенцтва.
Ён дадаў, што, па папярэдняй інфармацыі, усе дастаўленыя ў АУС «Таганскі» — жыхары Масквы і Маскоўскай вобласьці.
Каля 9 раніцы некалькі верхалазаў маскоўскіх службаў пачалі здымаць сьцяг.