Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь на тле ўкраінскага крызісу


Наколькі выніковымі могуць быць перамовы па Ўкраіне ў Менску? Ці ёсьць праблемы на беларуска-ўкраінскай мяжы? Якія эканамічныя наступствы канфлікту вакол Украіны для Беларусі?

Наколькі выніковымі могуць быць перамовы па Ўкраіне ў Менску? Ці ёсьць праблемы на беларуска-ўкраінскай мяжы? Якія эканамічныя наступствы канфлікту вакол Украіны для Беларусі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і палітычны аглядальнік кампаніі «БелаПАН» Арцём Шрайбман.

Наколькі рэальныя перамовы ў Менску пра вырашэньне ўкраінскага крызісу?

Валер Карбалевіч: «Беларусь прэтэндуе на статус таго месца, дзе б вырашыўся ўкраінскі крызіс. А Лукашэнка імкнецца атрымаць ляўры міратворца. Якія пэрспэктывы такіх перамоваў?»

Андрэй Фёдараў: «У выказваньні Лукашэнкі на гэтую тэму падчас наведваньня Бярозаўскай ГРЭС ёсьць дзіўная акалічнасьць. На ягоную думку, першая тэма, якую б варта было абмеркаваць на гэтых перамовах, — гэта пытаньне пра тое, што Ўкраіна падпісвае дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, і ў зьвязку з гэтым узьнікае праблема паставак эўрапейскіх тавараў з украінскай тэрыторыі ў краіны Эўразійскага саюзу. І ў выніку, маўляў, гэта створыць праблемы для вытворцаў Беларусі, Расеі і Казахстану. Мне падаецца, што ў сёньняшніх абставінах гэта ня першаснае пытаньне. Галоўная праблема сёньня — як спыніць вайну на ўсходзе Ўкраіны.

Вырашэньне ўкраінскага крызісу — гэта ня ўзровень Менску. Пытаньне пра вырашэньне расейска-ўкраінскага канфлікту — гэта праблема глябальная

Арцём Шрайбман: «Нават калі такія перамовы і адбудуцца ў Менску, яны не прывядуць да вырашэньня расейска-ўкраінскага канфлікту. Перамовы, якія адбыліся ў Заслаўі, тычыліся тэхнічна-гуманітарных пытаньняў. Тая праблема, якую Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць у Менску — пытаньне пра гандлёвыя адносіны краін-чальцоў Эўразійскага саюзу з Украінай, якая падпісала дамову аб асацыяцыі з ЭЗ, — таксама ня тычыцца наўпрост вырашэньня расейска-ўкраінскага канфлікту.

Вырашэньне ўкраінскага крызісу — гэта ня ўзровень Менску. Пытаньне пра вырашэньне расейска-ўкраінскага канфлікту — гэта праблема глябальная. Яна можа быць вырашана з удзелам моцных рэгіянальных гульцоў. Напрыклад, той жа Нямеччыны ці Францыі. А Беларусь — не такі моцны гулец. І да таго ж Беларусь — гэта ваенны саюзьнік Расеі. Ня будзем пра гэта забываць».

Ці ёсьць праблемы на беларуска-ўкраінскай мяжы?

Карбалевіч: «У панядзелак Аляксандар Лукашэнка, прымаючы дзяржсакратара Рады Бясьпекі Аляксандра Мяжуева, настойліва падкрэсьліваў неабходнасьць кантролю беларуска-ўкраінскай мяжы.

На прэс-канфэрэнцыі пасол Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Вялічка праінфармаваў, што Беларусь прыняла на сваёй тэрыторыі каля 26 тысяч грамадзян Украіны за апошнія два месяцы і вырашае пытаньне аб прызнаньні іх уцекачамі.

На тэрыторыі Расеі ўжо 169 тысяч украінскіх уцекачоў, і там існуюць сур’ёзныя праблемы, пра што ўвесь час паведамляюць расейскія тэлеканалы. А ці ёсьць падобныя праблемы ў Беларусі, на беларуска-ўкраінскай мяжы?»

Фёдараў: «Лукашэнка падкрэсьліваў сваё ляяльнае стаўленьне да ўкраінцаў, патрабаваў, каб беларуска-ўкраінская мяжа ня стала мяжой разладу. Казаў пра дазвол украінцам у летні час зьбіраць грыбы і ягады на беларускай тэрыторыі.

Думаю, уцекачы могуць стварыць пэўныя праблемы для Беларусі. Магчыма, давядзецца траціць пэўныя сродкі на іх утрыманьне. Асабліва з улікам цяжкага эканамічнага становішча Беларусі».

Шрайбман: «Пакуль ніякіх паведамленьняў пра праблемы на мяжы няма. Думаю, што калі б там стаялі натоўпы ўкраінцаў, якія б хацелі перайсьці мяжу, пра гэта б паведамлялася.

Ня ўсе тыя 26 тысяч украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь, хочуць атрымаць статус уцекачоў. Шмат хто зь іх часова прыехаў да сваякоў. Бо атрыманьне статусу ўцекача — гэта няпростая і даўгая працэдура. То бок пакуль гэта не ўяўляе сабой нейкай эканамічнай ці гуманітарнай праблемы.

Але, зь іншага боку, беларускія ўлады могуць скарыстаць гэтую праблему дзеля прапагандысцкіх мэтаў і атрымаць палітычныя дывідэнды. Украінскія ўцекачы выступаюць па беларускіх тэлеканалах, хваляць Беларусь, тутэйшыя парадкі, стабільнасьць у параўнаньні з украінскім хаосам. І гэта паляпшае імідж беларускага рэжыму».

Якія эканамічныя наступствы канфлікту вакол Украіны для Беларусі?

Карбалевіч: «Здаецца, гандлёвыя праблемы, якія ўзьніклі ў беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях, пасьпяхова вырашаныя. Лукашэнка нават паабяцаў прэзыдэнту Ўкраіны па магчымасьці не скарачаць пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. А вось з Расеяй, у зьвязку з украінскім крызісам, гледзячы па ўсім, насьпявае гандлёвы канфлікт. Рассельгаснагляд Расеі абураны рээкспартам празь Беларусь эўрапейскіх харчовых тавараў, забароненых для продажу на расейскай тэрыторыі. Як вы гэта пракамэнтуеце?»

Фёдараў: «Ад самага пачатку было зразумела, што такая праблема рана ці позна ўзьнікне. Важна тое, якія маштабы набудзе гэтая кантрабанда і хто будзе ёю займацца — прыватныя ці дзяржаўныя структуры? Праблема ў тым, што няма мяжы, і прадухіліць гэты рээкспарт цяжка.

Беларусь засталася, бадай што, адзіным стабільным саюзьнікам РФ. Таму Масква ня стане псаваць адносіны зь Менскам

Калі Расея зафіксуе, што гэтай кантрабандай займаюцца дзяржаўныя структуры Беларусі, то могуць узьнікнуць пэўныя праблемы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Скандал з распушчальнікамі і разбаўляльнікамі ў 2012 годзе меў чыста эканамічную падаплёку. А цяперашняя сытуацыя тычыцца палітычнага канфлікту паміж Расеяй і Захадам. Эмбарга Расеі на імпарт заходняга харчаваньня — палітычны крок. І выглядае, што, ладзячы рээкспарт эўрапейскіх тавараў у Расею, Беларусь супрацьдзейнічае Маскве ў яе супрацьстаяньні з Захадам. Таму і ўзровень праблемы іншы».

Шрайбман: «Цяжка вырашыць гэтую праблему, калі няма беларуска-расейскай мяжы. Таму пазьбегнуць яе было немагчыма. Але, думаю, Расея ня будзе асабліва моцна ціснуць на Беларусь. Бо, па-першае, трэба ж нечым запаўняць нішы на харчовым рынку Расеі. Сельская гаспадарка РФ ня можа кампэнсаваць страту ад забароны імпарту заходняга харчаваньня. Таму Расея можа закрыць вочы на гэтую кантрабанду.

Па-другое, Беларусь засталася, бадай што, адзіным стабільным саюзьнікам РФ. Таму Масква ня стане псаваць адносіны зь Менскам з-за гэтага дробнага пытаньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG