Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа сэнатара Шарэйкі: шкода ў 4 мільярды рублёў і катэдж


У чэрвені генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу адносна шэрагу службовых асобаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганну Шарэйку пазбавілі недатыкальнасьці і ўзялі 15 жніўня пад варту.

Пра гэта паведаміла намесьнік начальніка аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Генпракуратуры РБ Лілія Дзенісенка.

Устаноўлена, што кіраўнікі птушкафабрыкі цягам некалькіх гадоў у складзе конкурснай камісіі прымалі рашэньні аб закупах кармоў і кармавых дабавак у замежнай камэрцыйнай структуры па завышаных цэнах. Гэта нанесла птушкафабрыцы шкоду ў асабліва буйным памеры — больш за 4 млрд рублёў.

Паводле Генпракуратуры, гендырэктар Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганна Шарэйка давала сябрам конкурснай камісіі незаконныя ўказаньні, каб тыя прызнавалі пераможцам конкурсу адну з замежных кампаніяў, з уладальнікам якой яна сябравала, паведамляе партал TUT.BY.

Таксама было ўстаноўлена, што ў выніку незаконных дзеяньняў Шарэйка ў кароткія тэрміны пабудавала дарагі катэдж плошчай 240 кв. м, набыла дарагую бытавую і электронную тэхніку, «забясьпечыла сабе матэрыяльны дабрабыт у будучыні».

14 жніўня Ганну Шарэйку прызналі падазраванай у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства — злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Па гэтым артыкуле ёй пагражае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.

Папярэдняе расьсьледаваньне па гэтай крымінальнай справе вядзе група сьледчых цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту.

***

У 2012 годзе дырэктарка птушкафабрыкі стала гераіняй вялікага скандалу: падчас абмеркаваньня бюджэту на наступны год у Савеце Рэспублікі яна заявіла, што беларускія дзяржбанкі спынілі выдачу крэдытаў на фінансаваньне дзяржпраграм і павысілі маржу да стаўкі рэфінансаваньня (30%) да 12-15 адсоткавых пунктаў. Прынамсі, такая сытуацыя склалася з крэдытамі ў беларускіх рублях па праграме разьвіцьця птушкагадоўлі, і «пад такія стаўкі не можа крэдытавацца ні адно, нават пасьпяховае прадпрыемства», — сказала тады Ганна Шарэйка.

«Беларусбанк» тут жа выпусьціў прэс-рэліз, у якім фактычна абвінаваціў сябра Савета рэспублікі Ганну Шарэйку ў хлусьні. На тым усе размовы пра скандальны выступ сэнатаркі сьціхлі.

Новы скандал вакол віцебскай бройлернай птушкафабрыкі разгарэўся ўжо сёлета: у ліпені Сьледчы камітэт распачаў расьсьледваньне справы пра карупцыю ў дачыненьні да шэрагу службовых асобаў зь ліку адміністрацыі птушкафабрыкі. Некалькі чалавек былі затрыманыя паводле падазрэньня ў злоўжываньні паўнамоцтвамі. Затрыманьне самой Ганны Шарэйкі тады было немагчымым — з-за недатыкальнасьці, якой яе пазбавілі 14 жніўня.

Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопальле Чашніцкага раёна Віцебскай вобласьці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Працавала ў саўгасе «Слідчаны» Чашніцкага раёна, у аб’яднаньні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады апэратара.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG