Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анэкдот пра беларускіх мідый стаў рэальнасьцю


Крама рыбапрадуктаў у Маскве, 18 жніўня
Крама рыбапрадуктаў у Маскве, 18 жніўня

Пасьля таго, як Расея ўвяла санкцыі на імпарт харчаваньня з краін Эўразьвязу і ЗША, зьявіўся анэкдот:

Масква. Прадуктовая крама.
— Мідыі ёсьць?
— Ёсьць.
— Божухна, але адкуль, іх нідзе ж няма.
— Беларускія.
— Але ж у Беларусі...
— БЕЛАРУСКІЯ.
— Зразумеў. 15 беларускіх мідый.

Але літаральна праз некалькі дзён жарт стаў рэчаіснасьцю. Кіраўнік «Рассельгаснагляду» Сяргей Данкверт паведаміў, што ўжо былі зафіксаваныя пастаўкі ў Расею партыяў яблыкаў, пэрсікаў, сьліў, таматаў альбо без указаньня краіны паходжаньня, альбо з указаньнем дазволеных для імпарту Турэччыны, Сэрбіі, Македоніі і афрыканскіх краін. Аднак высьветлілася, што насамрэч прадукты паходзяць з Польшчы, Славеніі, Нідэрляндаў, Літвы і іншых краін Эўразьвязу.

«Калі мы будзем мець выяўленыя каранцінныя аб’екты, мы будзем уводзіць абмежаваньні на пастаўкі зь Беларусі», — паведаміў чыноўнік.
Выглядае, што асартымэнт тавараў з падсанкцыйных краінаў, якія трапляюць на расейскі рынак пад маркай беларускіх, значна шырэй чым сьпіс, пералічаны старшынём «Рассельгаснагляду».

Дарадца амбасады ЗША ў Маскве Говард Саламон пакінуў у сваім Твітэры наступны запіс: «Учора ўвечары пакаштаваў беларускага ласося. Ён неяк нагадвае мне нарвэскі, але даражэйшы. Далей пакаштаваў беларускі пармэзан».

А адзін з карыстальнікаў калектыўнага расейскага блогу img.d3 выставіў фота з крамы ў Курску, якая нібыта гандлюе «беларускімі крэветкамі». На гэта ў сацыяльных сетках адразу ж адрэагавалі новымі фотажартамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG