Чаму дэмакратычныя сілы дагэтуль публічна не распачалі працэс вылучэньня кандыдатаў на будучыя прэзыдэнцкія выбары? Ці будуць апазыцыйныя партыі імкнуцца да вылучэньня адзінага кандыдата і якім шляхам? Чаму ідэя Плошчы ўжо не выглядае настолькі прывабнай, як на ранейшых выбарах?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Юры Чавусаў і Андрэй Казакевіч.
Цыганкоў: Кажуць, што пачынаць рыхтавацца да наступных выбараў трэба на наступны дзень пасьля мінулых выбараў. Жарты жартамі, але прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Беларусі праз год-паўтара, і пры гэтым нейкіх выразных публічных прыкметаў актыўнасьці дэмакратычных сілаў пакуль не відаць. У той час як многія крокі Аляксандра Лукашэнкі ацэньваюцца менавіта як фактычна пачатак выбарчай кампаніі, то дэмакратычныя сілы дагэтуль ня могуць вызначыцца з фарматам свайго ўдзелу, з актыўным пачаткам выбарчай кампаніі. Юры Чавусаў, чаму так адбываецца?
«Статус адзінага кандыдата перастаў быць вельмі прывабным»
Чавусаў: Сапраўды, у параўнаньні зь іншымі прэзыдэнцкімі выбарамі падрыхтоўка апазыцыі гэтым разам выглядае менш актыўнай. Абумоўлена гэта тым, што вага прэзыдэнцкіх выбараў падае. Дэвальвацыя, якая спасьцігла мясцовыя і парлямэнцкія выбары, цяпер закранула і прэзыдэнцкія. Статус адзінага кандыдата ці статус кандыдата, які правёў пасьпяховую кампанію, перастаў быць вельмі прывабным для шэрагу апазыцыйных структураў.
Выбары фактычна захоўваюць толькі адну функцыю — узмацняльніка для тых тэзаў, якія апазыцыя хоча данесьці да насельніцтва. Нездарма на мінулых парлямэнцкіх выбарах, напрыклад, АГП казала пра сваіх кандыдатаў як пра «сьпікераў». Падобна, гэта той максымум, якога апазыцыя можа дасягнуць на прэзыдэнцкіх выбарах — вылучыць аднаго ці некалькіх «сьпікераў», якія будуць даносіць да насельніцтва тэзы, якія апазыцыйныя партыі лічаць вартымі. Апошняя ініцыятыва пра магчымае вылучэньне ў якасьці адзінага кандыдата ад апазыцыі палітвязьня Міколы Статкевіча пацьвярджае гэтую канструкцыю, гэткае бачаньне прэзыдэнцкіх выбараў як пляцоўкі, на якой можна размаўляць з усім народам — але ня больш.
Цыганкоў: Юры, калі вашы развагі перакласьці на больш простую і жорсткую мову — ці азначае гэта, што апазыцыя не спадзяецца на перамогу на гэтых выбарах?
Чавусаў: Нават калі б не было падзеяў сьнежня 2010 году, мяркую, мы ўсё роўна б казалі, што апазыцыя на перамогу не спадзяецца. Рэч у тым, што канструкцыя правядзеньня выбараў у Беларусі не прадугледжвае магчымасьці перамогі апазыцыйнага кандыдата. Апазыцыйны кандыдат для Лукашэнкі патрэбны як спарынг-партнэр. Дарэчы, цікава было б назіраць: як будзе разгортвацца кампанія Лукашэнкі, калі апазыцыя ня будзе вылучаць моцнага адзінага кандыдата альбо шмат альтэрнатыўных кандыдатаў?
Цыганкоў: Андрэй Казакевіч, ці згодны вы зь меркаваньнем, што вага прэзыдэнцкіх выбараў значна зьменшылася? Бо — што можа быць больш важным для палітыка за прэзыдэнцкія выбары?
«Мы маем сыстэмны крызіс унутры апазыцыйных структураў»
Казакевіч: Яны важныя ў тым выпадку, калі гэтыя выбары могуць нешта зьмяніць. Я тут згодны, што істотна паўплываць на ход кампаніі, тым больш разьлічваць на перамогу ў цяперашніх умовах апазыцыі вельмі складана. Таму ня варта надаваць гэтай кампаніі значэньня падзеі, якая можа зьмяніць палітычную раскладку ў краіне.
Акрамя таго, цяпер мы маем сыстэмны крызіс унутры апазыцыйных структураў. Я маю на ўвазе наяўнасьць кадравых рэсурсаў, фінансаў, поля для дзейнасьці і гэтак далей. Усё гэта цяпер у горшым стане, чым было 5 гадоў таму. Гэта яшчэ больш зьмяншае само поле для альтэрнатыўнай палітычнай дзейнасьці.
Цыганкоў: Тым ня менш пэўныя крокі робяцца, перамовы ўнутры апазыцыі ідуць і гэтак далей. Вылучаюцца розныя варыянты таго, як трэба выходзіць на гэтую прэзыдэнцкую кампанію. Ці будзе апазыцыя імкнуцца да вылучэньня апазыцыйнага кандыдата гэтым разам?
Чавусаў: Так, нельга казаць, што нічога ня робіцца. Перамовы паміж апазыцыйнымі сіламі наконт працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата праходзяць. Наколькі мне вядома, наступны раўнд перамоваў пройдзе 22 жніўня. Я працытую тут словы Паўла Севярынца, што ў тым праекце выхаду на адзінага кандыдата, які ёсьць, узгоднена 99 працэнтаў тэксту, ня ўзгоднены толькі два абзацы.
Зь іншага боку, нікуды не падзеліся тыя супярэчнасьці інтарэсаў, якія ёсьць сярод апазыцыі. Але, уласна кажучы, узгадненьне палітычных інтарэсаў — гэта і ёсьць майстэрства палітыка. Некаторыя партыі ўжо вылучылі сваіх кандыдатаў — напрыклад, зьезд АГП вылучыў свайго лідэра Анатоля Лябедзьку. Але загваздка ў тым, ці атрымаецца ў апазыцыі скаардынаваць высілкі і вылучыць адзінага? Праблема ў тым, што палітычныя структуры з насьцярогай ставяцца да магчымасьці, каб у якасьці адзінага вылучыць кандыдата, які моцна зьвязаны зь нейкай адной палітычнай сілай. У гэтых умовах пазапартыйныя кандыдаты выглядаюць больш імавернымі і прыдатнымі для дасягненьня кансэнсусу.
Цыганкоў: Любая выбарчая кампанія, нават без асаблівага спадзяваньня на перамогу, мела на мэце таксама і «выхад да насельніцтва», «працу на будучыню» і гэтак далей. Колькі палітычных сілаў гэтым разам пойдуць на выбары з думкай не пра перамогу, а пра больш лякальныя задачы?
Казакевіч: Калі разважаць, зыходзячы з сытуацыі сёньняшняга дня, то ўсе альтэрнатыўныя кандыдаты будуць мець на ўвазе «працу на будучыню». Бо ў цяперашніх умовах разьлічваць на перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах не рэалістычна.
Колькі ў выніку будзе альтэрнатыўных кандыдатаў — прадказаць немагчыма. Ёсьць, аднак, уражаньне, што паўтарэньня 2010 году ня будзе. Хутчэй, можа быць 2–3, максымум 4 альтэрнатыўныя кандыдаты.
«Ідэя Плошчы цяпер не актуальная і нават у пэўным сэнсе небясьпечная»
Цыганкоў: На папярэдніх выбарах кандыдаты таксама ішлі ў барацьбу, разумеючы, што перамогі паводле вынікаў ЦВК ня будзе. Таму яны заклікалі да Плошчы. На ваш погляд, ідэя Плошчы на гэтых выбарах ужо не настолькі актуальная?
Казакевіч: Мне падаецца, што ідэя Плошчы цяпер не актуальная і нават у пэўным сэнсе небясьпечная. У тым сэнсе, што ўсе кандыдаты будуць яе пазьбягаць. Бо яна, за аднаго боку, можа выклікаць вельмі рэзкую рэакцыю з боку ўладаў, пра што ўлады ня раз і заяўлялі. Па-другое, падзеі ва Ўкраіне значна зьмянілі настроі насельніцтва наконт такіх дзеяньняў. Яны ня толькі непапулярныя ў большасьці, а нават значная частка людзей вельмі нэгатыўна і нават агрэсіўна можа паставіцца да такіх прапановаў.
Ёсьць і зьнешнепалітычны чыньнік, які раней моцна ня ўлічваўся. Падзеі ва Ўкраіне паказалі, што калі ў выніку нейкіх акцыяў пратэсту да ўлады прыходзіць нейкая сіла, якая не зьяўляецца прарасейскай, — гэта можа выклікаць вельмі канкрэтныя, у тым ліку збройныя, дзеяньні з боку Масквы. І гэта яшчэ чыньнік, які фактычна выключае з рыторыкі і зь нейкіх плянаў магчымасьць таго, што называецца Плошчай.
Выразнай стратэгіі перамогі на гэтых выбарах няма ні ў кога. Хоць палітыка — зьява дынамічная, і заўсёды магчымыя розныя варыянты
Чавусаў: Сапраўды, стратэгія Плошчы здаўна была тым чыньнікам, які рухаў распрацоўкай кампаніяў апазыцыйных кандыдатаў. У 2010 годзе народ адгукнуўся на заклік палітыкаў выйсьці на Плошчу, але выявілася, што толькі гэтага недастаткова для перамогі.
Таму я думаю, што ў гэтым палітычным сэзоне тыя «лякальныя мэты», пра якія вы казалі, зьвязаныя з узмацненьнем уласных структураў, і стануць асноўнымі для апазыцыйных кандыдатаў і кааліцыяў.
Напэўна, будзе папулярнай і ідэя байкоту — «пакінуць Лукашэнку сам-насам з сабою». Наўрад ці большасьць апазыцыйных партыяў на гэтую тактыку пагодзіцца. Таму я б усё ж такі сказаў, што выразнай стратэгіі перамогі на гэтых выбарах няма ні ў кога. Хоць палітыка — зьява дынамічная, і заўсёды магчымыя розныя варыянты.
Я далёкі ад таго, каб казаць, што той кандыдат, які будзе заклікаць на Плошчу — ён абавязкова будзе прарасейскі. Але мне падаецца, што асэнсаваны і стратэгічна абгрунтаваны заклік на Плошчу магчымы толькі ў таго кандыдата, у якога будзе значны чыньнік уплыву. І пакуль усё выглядае так, што гэта можа быць толькі кандыдат, які мае нейкую зьнешнюю падтрымку.