Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ельскую мэблевую фабрыку двойчы спрабавалі спаліць


Беларуска мэбля, ілюстрацыйнае фота
Беларуска мэбля, ілюстрацыйнае фота

У невялікім райцэнтры Ельск на поўдні Гомельшчыны гарэла мэблевая фабрыка. Рэгіянальная ўправа Сьледчага камітэту распачала крымінальную справу паводле часткі 2 артыкула 218 Крымінальнага кодэксу — наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, якое ўчынена агульнанебясьпечным спосабам.

Мэблевую фабрыку ў Ельску падпальвалі двойчы за адну ноч. 8 жніўня позна ўвечары запалаў склад гатовай прадукцыі. Вартаўнік паведаміў пра пажар у раённы аддзел надзвычайных сытуацыяў а 23 гадзіне. Ратавальнікі прыехалі літаральна праз пару хвілін, але склад ужо быў ахоплены агнём.

Праз хвілін 20 абрынуўся дах склада. Паводле папярэдняй інфармацыі, агонь зьнішчыў каля 4 тысяч крэслаў і 200 сталоў.

Прадстаўнік рэгіянальнай управы надзвычайных сытуацыяў працягвае:

«Там яўныя прыкметы падпалу, але камэнтаваць гэта ня можам, бо вядзецца сьледзтва. Пра колькасьць зьнішчанай мэблі дакладна не вядома. Магчыма, усё завышана. Празь нейкія чатыры гадзіны ці крыху болей, ужо ў іншым баку, загарэлася аўтазапраўка. Было разьбіта шкло ў бытоўцы, а ў сярэдзіне знойдзена поліэтыленавая бутэлька. Запраўшчык сказаў, што яе там ніколі не было. Там таксама яўныя прыкметы падпалу».

Дырэктара фабрыкі Пятра Медведчука, які кіруе фабрыкай усяго другі месяц, на месцы не аказалася. Яго выклікалі на камбінат «МазырДАК» — галаўное прадпрыемства канцэрну «Беллеспаперапрам».

На самой фабрыцы адна з працаўніц пацьвярджае, што пажар нарабіў вялікай шкоды:

«Згарэлі крэслы — вельмі шмат. І сталы там былі. А таксама дзьве калёнкі аўтазапраўкі на 900 тысяч. Я вам рада была б расказаць, каб сама дакладна ведала. Вядзецца сьледзтва. Ніхто тут толкам нічога ня ведае».

Гэта падпал. Была там перад гэтым рэвізія, выяўлена вялікая нястача. Чакалі й камісію

Працаўніца бядуе, што пасьля пажару і людзі будуць цярпець, бо калі няма продажу прадукцыі, то і заробак ня будзе з чаго плаціць:

«Гэта ж трэба крэслы прадаць, а яны ў нас і так кепска рэалізоўваліся. А зараз, уявіце сабе, яны згарэлі».

У Ельску пайшла пагалоска, што фабрыка загарэлася ня так сабе, не з прычыны хуліганства.

Маладая кабета, чый муж працаваў на мэблевай фабрыцы і ня так даўно звольніўся адтуль з-за нізкіх заробкаў, апавяла:

«Гэта падпал. Была там перад гэтым рэвізія, выяўлена вялікая нястача. Чакалі й камісію. Падпалілі — і ўсё. У трох месцах падпальвалі. Фабрыкі практычна не засталося. Склад гатовай прадукцыі падпалілі — яе там на некалькі мільярдаў было. Бэнзакалёнку падпалілі. Менавіта ўсё з-за нястачы».

Тым часам рэгіянальная ўправа Сьледчага камітэту распаўсюдзіла для мэдыяў інфармацыю, што пасьля ліквідацыі пажару апэратыўная група выявіла пры аглядзе пажарышча рэчавыя доказы, якія сьведчаць пра падпал фабрыкі. Прызначаны шэраг экспэртыз, у тым ліку хімічная й пажара-тэхнічная. Сьледчыя шукаюць асобаў, якія могуць мець дачыненьне да пажару.

Дарэчы, гэта ўжо ня першы пажар на Ельскай мэблевай фабрыцы. У чэрвені 2011 году тут у выходны дзень выбухнуў пажар, які пашкодзіў лякафарбавую камэру й гатовую прадукцыю. Тады спэцыялісты прыйшлі да высновы, што адбылося гэта з прычыны ўзьдзеяньня сонечных промняў і хімічных працэсаў — успыхнулі гаручыя адкладаньні ў фарбавальнай камэры. Перад гэтым спэцыялісты МНС выявілі дзясяткі парушэньняў правілаў пажарнай бясьпекі ды іншых нарматыўных актаў.

У ранейшыя гады пажары здараліся і на Мазырскім дрэваапрацоўчым камбінаце, і на Калінкавіцкай мэблевай фабрыцы. Найбольш ахвяраў прынёс выбух і пажар у кастрычніку 2010 году на прадпрыемстве «Пінскдрэў», дзе ад апёкаў і цяжкіх траўмаў сканалі 14 чалавек.

Праўда, у ранейшых выпадках гаворка ішла пра злачынную абыякавасьць. У Ельску ж сьледзтва ўжо адпачатку выявіла прыкметы таго, што фабрыка загарэлася не выпадкова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG