9 жніўня на кантрольна-прапускным пункце, устаноўленым Расеяй на адміністрацыйнай мяжы паміж мацерыковай Украінай і паўвостравам Крым, прадстаўнікі ФСБ забаранілі ўезд у Крым Ісмэту Юксэлю, які вяртаўся з сям’ёй з паездкі за межы Крыму.
Пра гэта паведаміў у фэйсбуку лідэр Мэджліса Рэфат Чубараў. Ісмэт Юксэль — адзін з актыўных грамадзкіх дзеячаў, кіраўнік многіх гуманітарных праектаў, што рэалізуюцца ў Крыме пры садзейнічаньні крымска-татарскай дыяспары Турэччыны, піша УНІАН.
Ён таксама займае пасаду дарадцы старшыні Мэджліса крымска-татарскага народа па пытаньнях сувязяў з Турэччынай. Прадстаўнікі ФСБ заявілі, што тэрмін дзеяньня забароны на ўезд Юксэля у Крым складае пяць гадоў. Раней на тэрыторыю Крыму расейскія ўлады не пусьцілі кіраўніка Мэджліса Рэфата Чубарава і забаранілі яму ўезд на 5 гадоў.
У канцы красавіка 2014 лідэру крымска-татарскага народа Мустафе Джэмілеву забаранілі ўезд у Расею і Крым да 2019 года.