Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветная прэса: Ці трэба даваць Пуціну шанец адступіць?


Заходняя прэса абмяркоўвае паведамленьні аб больш высокіх шанцах расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Аглядальнікі заклікаюць Захад больш актыўна дапамагаць Украіне, а ўсе бакі канфлікту — больш клапаціцца аб гуманітарных праблемах жыхароў Данбасу.

Сэпаратысты на ўсходзе Ўкраіны цяпер прыціснутыя ўкраінскімі войскамі да сьцяны, таму Расея і рыхтуецца да так званай «гуманітарнай» інтэрвэнцыі ва Ўкраіну, піша выданьне Foreign Policy. Але гэта не зьяўляецца немінучым. Эміль Сімпсан, аўтар артыкулу і афіцэр брытанскай арміі ў мінулым, лічыць, што цяперашнія заходнія санкцыі заганяюць прэзыдэнта Расеі ў кут, у палітычную зьнявагу. Ня гледзячы на некалькі хваляў санкцый, стральба ва Ўкраіне працягваецца, таму што Пуцін, якога выданьне называе «байцом», не гатовы здавацца. Аглядальнік лічыць, што Захад павінен выкарыстоўваць санкцыі ня як пакараньне за ўчынкі, такія як зьбіваньне самалёта, а як папярэджаньне за будучыя дзеяньні. Для кампрамісу ва Ўкраіне і для магчымасьці Пуціну адступіць аўтар выданьня прапануе прыцягнуць ААН, АБСЭ і іншыя міжнародныя міратворчыя мэханізмы, у прыватнасьці, каб урэгуляваць гуманітарны крызіс на Данбасе.

Каб перамагчы Пуціна, трэба больш актыўна падтрымліваць Украіну, піша на старонках выданьня The New York Times прафэсар Стэнфардзкага ўніверсытэту, у мінулым амбасадар ЗША ў Маскве Майкл Макфол. Ён заклікае Захад, у першую чаргу, дзяліцца з Украінай дадзенымі выведкі — каб дапамагчы ўкраінскаму войску сябе абараніць і пазьбегнуць ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Захад таксама можа зрабіць больш, каб дапамагчы Кіеву заваяваць сэрцы жыхароў Данбасу, лічыць экс-дыплямат. На яго думку, трэба заахвочваць ўкраінскую ўладу ўсталёўваць больш бясьпечныя гуманітарныя калідоры для цывільнага насельніцтва, а Захад мог бы прадстаўляць уцекачам больш гуманітарнай дапамогі праз ўкраінскі ўрад. Макфол заклікае да правядзеньня міжнароднай канфэрэнцыі донараў з мэтай стварэньня «Фонду разьвіцьця Данбасу» для аднаўленьня Украіны «пасьля вайны».

У якасьці складнікаў мірнага пляну Макфол бачыць «пэўную дэцэнтралізацыю ўлады, больш моцныя гарантыі для выкарыстаньня расейскай мовы і, магчыма, увядзеньне міжнародных назіральнікаў, каб мясцовае насельніцтва адчувала сябе ў большай бясьпецы». Тое, як Украіна выйграе вайну (калі гэта магчыма з ваеннага пункту гледжаньня), будзе вызначаць і наколькі доўгім будзе мір, папярэджвае экс-дыплямат.

На гуманітарнае вымярэньне канфлікту на Данбасе таксама зьвяртае ўвагу дасьледчык Human Right Watch Оле Солванг. На старонках выданьня The Moscow Times ён заклікае Расею прызнаць парушэньне правоў чалавека з боку прарасейскіх сэпаратыстаў. Праваабаронцы раней паведамлялі аб парушэньні з абодвух бакоў, у прыватнасьці, тым, што Украіна, магчыма, датычная да некалькіх абстрэлаў мірных жыхароў з установак «Град» (Украіна гэта абвяргае — Рэд.), што прывяло да 16 сьмерцяў. Гэтыя высновы цытаваў і міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Але, як адзначае праваабаронца, «Град» таксама выкарыстоўваюць баевікі, у выніку толькі ў Оленеўцы, што на поўдзень ад Данецку, загінулі чацьвёра цывільных і зьнішчана 8 дамоў. Солванг заклікае расейскага дыплямата зачытаць гэта і падобныя паведамленьні на наступнай прэс-канфэрэнцыі. Як адзначае Human Right Watch, гаворка ідзе і аб зьбіцьці, і катаваньнях закладнікаў прарасейскімі сэпаратыстамі, іх нападах на мэдыкаў і бальніцы.

Амэрыканскае аналітычнае выданьне Stratfor заўважае зьмены ў расстаноўцы сіл сярод сэпаратыстаў на Данбасе, а менавіта тое, што іх кіраўнікамі ўсё часьцей становяцца расейскія вайскоўцы. Так, выхадца з Данбасу Андрэя Пургіна на пасадзе віцэ-прэм’ера «ДНР» замяніў Уладзімір Анцюфееў, ураджэнец Сыбіру, якога зьвязваюць з расейскімі спэцслужбамі і які быў міністрам бясьпекі Прыднястроўя, самаабвешчанага рэгіёну Малдовы.

Калі спачатку Масква спадзявалася прыцягнуць мясцовае прарасейскае насельніцтва на ўсходзе Ўкраіны, то зараз, як лічыць выданьне, яна больш клапоціцца аб сваёй тактычнай выгадзе і дэстабілізацыі рэгіёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG