Малайзійскае выданьне The New Straits Times апублікавала папярэднія дадзеныя, атрыманыя пры расшыфроўцы адной з «чорных скрыняў» «Боінга-777», які ўпаў на ўсходзе Ўкраіны.
У перамовах экіпажу, як сьцьвярджаюць экспэрты, на якіх спасылаецца выданьне The New Straits Times, няма ніякіх прыкмет пазаштатнай сытуацыі.
Першыя афіцыйныя высновы пра прычыны крушэньня самалёта будуць апублікаваныя, як чакаецца, на наступным тыдні.
«Боінг-777» авіякампаніі Malaysia Airlines, які выконваў рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур, быў зьбіты вечарам 17 ліпеня і ўпаў у ваколіцах вёскі Грабава Шахцёрскага раёну Данецкай вобласьці. Усе, хто быў у самалёце, пасажыры і чальцы экіпажу, загінулі. Большасьць з 298-мі ахвяраў — падданыя Нідэрляндаў.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наві Пілэй заявіла, што зьнішчэньне самалёта можа кваліфікавацца як ваеннае злачынства.
Гібель лайнэра над усходняй Украінай, дзе сэпаратысты вядуць баі супраць украінскай арміі пры сакрэтнай падтрымцы з боку Расеі, прывяло да рэзкага пагаршэньня адносінаў паміж Масквой і Захадам. ЗША і Эўрапейскі зьвяз абвясьцілі санкцыі, апошні пакет якіх закранае асобныя галіны расейскай эканомікі і банкаўскі сэктар.
Заходнія лідэры настойваюць на зьмене палітыкі Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны і спыненьні паставак узбраеньняў атрадам сэпаратыстаў. Расея абвінавачвае Захад у падтрымцы ўраду Ўкраіны, які, як лічаць у Маскве, прыйшоў да ўлады незаконна і прыгнятае рускамоўнае насельніцтва.