Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці палітвязьня: У сьпякоту з жахам думаю пра чорныя курткі, штаны і чаравікі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як пераносяць сьпякоту вязьні беларускіх турмаў? Наш карэспандэнт зьвярнуўся з гэтым пытаньнем да сваякоў палітвязьняў Ігара Аліневіча, Эдуарда Лобава і Мікалая Статкевіча.

Ігар Аліневіч больш за месяц таму быў пераведзены з наваполацкай калёніі ў калёнію «Віцьба-3», якая знаходзіцца пад Віцебскам. Як там наконт сьпякоты? Ці прымае адміністрацыя якія захады, каб палегчыць ўмовы для вязьняў і, канечне, для супрацоўнікаў таксама? Супрацоўніца, да якой я дазваніўся з гэтым пытаньнем, адразу накіравала мяне наверх.

«Запішыце тэлефон намесьніка начальніка па рэжымна-апэратыўнай службе».

Аднак, колькі я ні набіраў нумар, ён не адказваў, як і нумар другога намесьніка — па выхаваўчым працэсе.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Маці палітвязьня Валянціне Аліневіч нічога не вядома пра тое, як яе сын пераносіць цяперашнюю сьпякоту. Паводле Валянціны, Ігар пасьпеў даслаць з калёніі толькі адзін ліст, гэта было два тыдні таму, а пасьля ад яго няма ані лістоў, ані званкоў. Маці хвалюецца:

«Жахліва нават гэта ўявіць: ён у такую сьпякоту ў гэтай чорнай робе, з даўгімі рукавамі, чорныя штаны, чаравікі. Гэта жахліва!»

Адзеньне вязьня — адзін з самых важных фактараў, якія ўплываюць на ягонае самаадчуваньне і здароўе ўвогуле. Ці можна неяк прыстасаваць адзеньне да пэўнага надвор’я? Калі Ігар Аліневіч яшчэ знаходзіўся ў наваполацкай калёніі, маці спрабавала перадаць яму шорты, каб мог насіць іх хаця б у казарме. Не прынялі. Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які перасядзеў у шмат якіх калёніях і турмах, пацьвярджае: шорты, тапкі — гэтага адзеньня для беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы не існуе ўвогуле:

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

«Збольшага патрабаваньні да формы нібыта аднолькавыя, але розьніца па калёніях вельмі вялікая. У адной патрабаваньні вельмі жорсткія, нельга і гузік расшпіліць, а ў другой нейкія ёсьць зьніжкі. Ёсьць форма зімовая — гэта кашуля і ватоўка. А ёсьць летняя — кашуля і гэткі пінжак. І ўсё, паводле закону незалежна ад таго, якая тэмпэратура на двары, асуджаны абавязаны гэтак хадзіць. Таму, прыкладам, шорты выключаны, нават калі ты трапляеш у турму ў шортах, іх адразу забіраюць. Іх не існуе ў прыродзе. Адзінае, што паводле летняй формы адзеньня можна кашулю замяніць майкай, але робу, такі пінжак, усё роўна трэба насіць».

Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, згадала аповед мужа пра невялікую палёгку:

«Раней ён казаў, што вельмі-вельмі сьпякотна і што дазволілі яму рабіць фізычныя практыкаваньні, зьняўшы робу, заставацца ў майцы. Гэта, відаць, гаворка пра камэру. Ведаю, што ён пісаў адмысловую заяву, ці можна здымаць робу на час практыкаваньняў. А ў Міколы ж камэра на верхнім паверсе, і там няма ніякага паддашку. Таму там вельмі горача, нягледзячы на паўночныя і закратаваныя вокны. Калі напачатку траўня ўсталявалася першая сьпякота, ён казаў, што невыносна было. І ў Міколы Дзядка было гэтак, нават горш. Ведаю, што ў таго і вокны ў іншы бок, да сонца. Хаця там краты, але ўсё роўна, мабыць, сьцяна награваецца».

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

У апошнім лісьце, які Марына Адамовіч атрымала ад Мікалая Статкевіча з магілёўскай турмы, той паведаміў, чаму ранейшы ягоны ліст да яе не дайшоў. Аказваецца, у ім Статкевіч, сам адмыслоўца ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны, абгрунтаваў, чаму, на ягоную думку, украінскія вайскоўцы не маглі зьбіць малазійскі Боінг. «Вось ліст і не пусьціла цэнзура. Хаця ў чым тут сакрэт? Мы ж з Украінай не ваюем», — напісаў Мікалая Статкевіч.

Паводле былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча сьпякота небясьпечная вязьню таксама тым, што хутка псуюцца харчы вязьняў. Але ці можа вязень нешта схаваць на час сьпякоты ў лядоўню?

«На маёй памяці лядоўняў дык увогуле няма. Адзінае, што можа быць лядоўня ў загадчыка гаспадаркай атрада. Там могуць захоўваць свае харчы набліжаныя да адміністрацыі, але збольшага 99% асуджаных ня маюць аніякіх лядоўняў. І таму харчы ніяк не захоўваюцца. Выратавацца можа толькі вельмі салёнае сала, нейкія сухія сумесі — усё.»

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

Ці ёсьць у сьпякотны пэрыяд зьмены ў рацыёне вязьняў? Марына Лобава, чый сын палітвязень Эдуард Лобаў знаходзіцца зараз у івацэвіцкай калёніі, за амаль 4 гады зьняволеньня сына мае свой адказ:

«Нічога там не мяняецца. Усё як звычайна, стандартна. І зімой і летам — тое самае. Таму ня варта і чакаць, што нейкія захады там прымуць, каб нешта палепшыць».

У МУС адмовіліся адразу адказаць на пытаньне, ці прымаюць адміністрацыі турмаў і калёній нейкія тэрміновыя захады ў сувязі са сьпякотай. «Пішыце і дасылайце нам зварот», — сказалі ў прэсавай службе міністэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG