Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязу няма новых пернікаў для Менску


Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

25 ліпеня Менск наведае міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Напярэдадні ў інтэрвію Свабодзе спадар Лінкявічус адзначыў, што Эўразьвяз ня можа ігнараваць пазыцыю Беларусі ў важных пытаньнях. Ці ёсьць цяпер нейкія аб’ектыўныя падставы для паляпшэньня стасункаў паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем? Ці мае што прапанаваць Эўразьвяз, каб заахвоціць улады Беларусі не займаць адназначна прарасейскую пазыцыю ва ўкраінскім канфлікце? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Андрэй Фёдараў.

— Ці існуюць нейкія падставы чарговы раз спадзявацца, што ёсьць магчымасьці для паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам? Ці нейкія стратэгічныя пазыцыі застаюцца нязьменнымі і чакаць паляпшэньня няма падставаў?

— На мой погляд, чакаць нейкіх істотных зрухаў не выпадае. Эўразьвяз адзначае пазыцыю Беларусі па Ўкраіне, але, зь іншага боку, адзначае і наяўнасьць палітвязьняў. Менск традыцыйна адкідае ўсе прэтэнзіі, кажа — вы самі ня можа вызначыцца, каго называць палітвязьнямі. А гэтае пытаньне для эўрапейскіх сталіцаў прынцыповае, яны ад яго адысьці ня могуць. Таму — нейкае дэкаратыўнае паляпшэньне, можа, і будзе мець месца, але кардынальных зьменаў чакаць не выпадае.

— Размовы пра тое, што Эўропа можа зьмяніць сваё стаўленьне да афіцыйнага Менску, зьявіліся ад пачатку ўкраінска-расейскага канфлікту, дзякуючы той неадназначнай пазыцыі, якую заняў у гэтым пытаньні Аляксандар Лукашэнка. Але ці няма ўражаньня, што апошнія тыдні гэтая неадназначнасьць у пэўнай ступені зьнікае?

— Пакуль што яскравых і дакладных сьведчаньняў кардынальнай зьмены пазыцыі Беларусі я ня бачу, таму я б так асьцярогся сьцьвярджаць. Але баюся, што калі б Расея захацела, каб Беларусь цалкам падзяляла яе пазыцыю, то для дасягненьня гэтай мэты ў Масквы ёсьць усе магчымасьці. І я ня ўпэўнены, ці Менск здолее гэтаму націску супраціўляцца.

— Эўропа таксама б хацела, каб пазыцыя Беларусі была ня цалкам прарасейская. Ці ёсьць зараз у Брусэля нейкія новыя пернікі, якімі яна можа ўраўнаважыць уплыў Расеі?

— Здаецца, што не. Мы бачым, што Эўразьвяз нават Украіне ня вельмі здолеў дапамагчы. Пры тым, што Кіеў значна больш арыентаваны на Эўропу і выбраў адназначна праэўрапейскі курс. Да таго ж Эўропа значна больш зацікаўленая ва Ўкраіне. Таму чакаць, што нейкія пернікі знойдуцца для Беларусі, мне падаецца малаімаверным.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG