Зьбіцьцё ў небе над Данбасам пасажырскага самалёту Малаазійскіх авіялініяў зрабіла дачыненьні Ўкраіны і Расеі яшчэ больш напружанымі. Ці адаб’ецца гэта трагедыя на бясьпецы Беларусі? Ці здолее Аляксандар Лукашэнка па-ранейшаму лавіраваць паміж Масквой і Кіевам?
Ад самага пачатку канфлікту кіраўнік Беларусі гаворыць тое, што ад яго хочуць пачуць суразмоўцы. Калі гэта ўкраінскія палітыкі, то Лукашэнка гарой стаіць за адзіную Ўкраіну, рэзка выступае супраць фэдэралізацыі. Калі ж даводзіцца размаўляць з расейцамі, то тады рыторыка супрацьлеглая: маўляў, мы заўжды падтрымлівалі і падтрымліваем нашых расейскіх братоў.
І нават трагедыя са зьбітым пасажырскім «Боінгам» не паўплывае на паводзіны кіраўніка Беларусі,— лічыць лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін:
«Я думаю, гэта ніяк не паўплывае на пазыцыю беларускага кіраўніцтва. Яно будзе спрабаваць трымацца раўнааддалена ад Кіева і Масквы на зьнешняй арэне. І ў сваіх мэтах выкарыстоўваць гэта ва ўнутранай палітыцы.
Сёньня, на мой погляд, чым горш ва Ўкраіне, тым лепей для беларускага кіраўніцтва. Яно можа гаварыць пра тое, што ў нас усё спакойна і стабільна. А калі вы хочаце пераменаў, то паглядзіце на суседнюю краіну. Думаю, што гэта будзе выкарыстоўвацца вельмі і вельмі актыўна. Асабліва з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году».
Лукашэнка лавіруе паміж Масквой і Кіевам толькі на словах,— падкрэсьлівае дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец. — А на справах ён цалкам займае тут пракрамлёўскую пазыцыю:
«Галасаваньне ў ААН за анэксію расейцамі Крыму і апошні выступ перад беларускімі амбасадарамі ў падтрымку Расеі. То бок практычна ўжо даўно няма самастойнай зьнешняй палітыкі.
І таму Лукашэнка цяпер найбольш клапоціцца пра тое, каб яму выдалі ярлык на царства яшчэ на пяць гадоў. І ў гэтым кантэксьце ён і надалей будзе рабіць тое, што загадаюць у Крамлі».
Палітоляг Андрэй Фёдараў сумняваецца, што вынікі трагедыі ў небе над Данбасам паўплываюць на далейшую стратэгію афіцыйнага Менску:
«Нават незалежна ад таго, што высьветліцца, і ад таго, як там справы былі насамрэч. Думаю, што гэта не адаб’ецца на стасунках Беларусі ні з Расеяй, ні з Украінай. Дзякуй Богу, яна дачыненьня да гэтага ніякага ня мае».
Ні кіраўнік Беларусі, ні іншыя афіцыйныя асобы пакуль ніяк не рэагуюць на зьбіцьцё пасажырскага самалёту, — зьвяртае ўвагу сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД Павал Севярынец:
«Думаю, што зараз у адміністрацыі Лукашэнкі аналізуюць, якія хады, якія заявы можна зрабіць. З аднаго боку, бачна, што данецкія тэрарысты былі канкурэнтамі Лукашэнкі ў пляне атрыманьня любой расейскай падтрымкі — ад вайсковай да фінансавай. І цяпер гэты канкурэнт, які шмат у чым запляміў сябе, зьнікае.
З другога боку, ёсьць магчымасьць зманэўраваць і выкарыстаць хвалю людзкога абурэньня. А Лукашэнка ніколі такога шанцу не ўпускаў. Думаю пры бліжэйшай нагодзе — наведваньні чарговага сьвінакомплексу альбо інтэрвію расейскім СМІ — Лукашэнка такія заявы зробіць».