«Амбасада Злучаных Штатаў у Менску ўпершыню з 2008 году рада паведаміць пра пашырэньне сваіх візавых паслугаў», — паведамляе амэрыканская дыпмісія.
З 4 жніўня 2014 году амбасада пачне прыём зваротаў па візы катэгорыяў F (студэнт), М (студэнт прафэсійна-тэхнічнай навучальнай установы) і J (удзельнік праграмы культурнага абмену).
«Усе іншыя грамадзяне, якія не падпадаюць пад пералічаныя катэгорыі, павінны і далей зьвяртацца па неіміграцыйныя візы ў амбасады Злучаных Штатаў у суседніх краінах. Амбасада ЗША ў Менску ў будучыні будзе разглядаць магчымасьць пашырэньня прадстаўленьня візавых паслуг у дачыненьні да іншых катэгорыяў візаў», — адзначаецца ў прэс-рэлізе.
Пачынаючы з 16 ліпеня 2014 году ўсе грамадзяне Беларусі, незалежна ад месца, куды яны зьвярнуліся па візу, у выпадку ўхваленьня іхнай візавай заявы змогуць атрымаць гадавую шматразовую неіміграцыйную візу без дадатковай аплаты. Гэтыя зьмены тычацца неіміграцыйных візаў усіх катэгорыяў.
Зьмены адбыліся пасьля таго, як урад Рэспублікі Беларусь зьнізіў кошт візаў для грамадзянаў Злучаных Штатаў, у тым ліку — кошт шматразовых турыстычных візаў.