Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самая смачная каўбаса


Рэвалюцый, як і крывяной каўбасы, без крыві не бывае.

Магчыма, гэта досыць слабое суцяшэньне для тых, хто некалі пацярпеў ад батулізму і рэвалюцыйных баталій, але чалавеку трэба суцешвацца цудамі, а не каўбасой. Такая вось праўда жыцьця. А кожнаму цуду патрэбная разынка. Каб раз зірнуў, і адразу відаць, у чым розьніца: паміж цудам made in Belarus і імпартовай падробкай.

У чым жа галоўная адметнасьць беларускіх цудаў? Напэўна, у тым, што почасту яны здольныя ўразіць каго заўгодна, але толькі не саміх беларусаў. Не на тых напалі.

Уражвацца — гэта наогул не беларускі падыход. Занадта шмат «ура» і мала разважлівасьці. Калі б нас нешта ўражвала, мы б даўно павесіліся. А так можна і павесяліцца. Зрабіць з асіны ялінку.

Узяць, напрыклад, наш славуты Рэжым. Крывавы, як тая каўбаса.

Так і хочацца напісаць — «спрадвечны», бо ўсё, што «наша і славутае», тут рэдка бывае іншым. Але колькі стагодзьдзяў крывянцы — і колькі гадкоў таму рэжыму... Магчыма, ён ёй проста зайздросьціць.

***

У тым, што на ім, гэтым рэжыме, і праўда ёсьць кроў, сумневаў, здаецца, ні ў кога няма. Як і ў тым, што ён і насамрэч: Рэжым, з усімі ягонымі рэзямі і дрыжыкамі, з адпаведнай жорсткай рэжысурай — узаконены дзяржаўны разбой.

Але паспрабуй сказаць беларусам — не прыдуманым, а жывым (хаця прыдуманыя, вядома, лепшыя і прыгажэйшыя, і крывянку не ядуць), што яны, маўляў, нейкія там Ахвяры Крывавага Рэжыму... З кожных дзесяці грамадзянаў дзевяць з паловай толькі іранічна ашчэрацца і пойдуць далей па сваіх справах, кроў здаваць. І толькі 0,5 дзясятых успрымуць гэта сур’ёзна, задзяруць кашулі, пачнуць дэманстраваць раны і шнары і тыцкаць пальцамі ў «народныя волі» ды іншыя лініі свайго адрэзу ад рэальнасьці. Гэта яны жывуць пры крывавым рэжыме. Астатнія — у Беларусі. А яна без крыві ня можа, нават калі прыбраць рэжым.

Нават тая Беларусь, пра якую ўсе марылі, марылі і дамарыліся — замарыліся:

«У крывавых муках мы народзім жыцьцё рэспублікі сваёй...»

У крывавых муках, а ня ў нейкіх там бяскроўных патугах і імітацыях. Таму беларуса крывавы рэжым не пужае. Ён, ганаровы донар, крывіч і аматар крывянкі, выгляду крыві не баіцца. Ён, можа, і гома- — але аніяк не гемафоб. Таму рэжым скідваць не сьпяшаецца. Кроў — ня самае страшнае. Самае страшнае — гэта страціць сьвятое штосьці. Што — удакладняць не прынята. Можа, каўбасу.

Успрыманьне прытомнымі беларусамі такіх важных рэчаў, як «крывавы рэжым», ці не найлепш выказаў Андрэй Хадановіч — у сваім вядомым дзіцячым вершы. А дзеці, як вядома — самыя прытомныя зь людзей:

«У мяне бацькі — зьвяры!
Абуджаюць на зары,

Кожны ранак чысьціць зубы
Прымушаюць, душагубы!

На сьняданак — пяць хвілін,
І ляцім у школу, блін!

„Адстаеш! Хутчэй! Рэжым!“ —
За аўтобусам бяжым.

Бах! На дзвюх каленьках — вавы...
Вось такі рэжым, крывавы!..»

Ясная рэч: Крывавы Рэжым — гэта такі мэм, які ўжо нават састарэць пасьпеў і на пэнсію выйшаў. Штамп, вынайдзены ў штабах пад штандарамі, а не ў нармальнай беларускай штодзённасьці, на якую які сьцяг ні павесіш — у яго адразу нехта высмаркаецца. Бяда словазлучэньня «крывавы рэжым» у тым, што гэта моцна сказана. Настолькі моцна, што атрымалася нават не па пальцах, а па ўласнай галаве. З усяго размаху. А трэба было — трапна. Але штампы не ўзьнікаюць з пустаты. Яны яе запаўняюць — як каўбаса абалонку. Калі гэта можна прамовіць — значыць, гэта можна прадаць.

Пэўне ж, быў некалі такі палітык, які аднойчы ўпершыню сказаў, што ў нас «крывавы рэжым» — бязь ценю ўсьмешкі. «Крывавы рэжым!», прамовіў ён з трагічным выглядам — і тым самым быццам бы назаўжды забраў у тых, хто тут, у Беларусі, жыве, права на сьмех. Бо неяк няёмка сьмяяцца, калі ты Ахвяра Крывавага Рэжыму. Зусім як прызнавацца ў сваёй любові да таннай крывянкі.

Каб разабрацца з сабой, трэба навучыцца сьмеху. Так і пачынаюцца ўсе рэвалюцыі. Сьмех — нашыя лекі і лейкацыты. А крывавы рэжым — што паробіш! — квітнее. Якія зьверствы рабіліся нядаўна на мілай сэрцу Пастаўшчыне... Паслугачы рэжыму наляталі на нас зграямі, садзіліся аўтару на галаву, нос, шчокі, лезьлі ў бараду, пакусалі ўвесь твар. А вакол былі лясы і балоты, і ніводнага замежнага журналіста, і сонца заходзіла за возера — чырвонае, як адкрытая рана.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG