Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная прэса: Зьбіты над Украінай авіялайнэр мяняе правілы гульні


Washington Post у рэдакцыйным матэрыяле піша, што калі пацьвердзяцца абвінавачаньні Кіева, што малайзійскі пасажырскі самалёт быў зьбіты ракетай з устаноўкі, якую Масква даставіла прарасейскім сэпаратыстам ва Ўкраіне, то «сэпаратысты і іхныя спонсары ў Маскве будуць вінаватыя ў жудасным злачынстве». Рэдакцыя зазначае, што Злучаныя Штаты і іхныя саюзьнікі павінны дамагчыся, каб вінаватыя ў гэтым злачынстве, «уключна з тымі, хто ў Крамлі», былі прыцягнутыя да адказнасьці.

«Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі не павінны дазволіць Расеі і яе стаўленікам замяць гэтую справу. Яны павінны настойваць на міжнародным расьсьледаваньні пад эгідай Рады Бясьпекі ААН, якое вызначыць, якім чынам быў зьбіты самалёт і адкуль прыйшла зброя, зь якой яго зьбілі», — адзначае Washington Post.

«Афіцыйныя асобы ЗША кажуць, што малайзійскі авіялайнэр быў зьбіты ракетай зямля-паветра», — паведамляе ў загалоўку свайго артыкулу The Wall Street Journal. Журналісты газэты пішуць далей у артыкуле: «Амэрыканскія ведамствы ня маюць адзінага меркаваньня пра тое, ці ракета была запушчана расейскай арміяй, ці прарасейскімі баевікамі-сэпаратыстамі, у якіх, паводле афіцыйных асобаў, няма сваіх спэцыялістаў для таго, каб зьбіць самалёт камэрцыйнай авіякампаніі ў палёце».

«Факт падзеньня камэрцыйнага «Боінга-777» у зоне ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне ў чацьвер абвастрыў і без таго выбухованебясьпечны міжнародны крызіс, што можа актывізаваць спробы прэзыдэнта Абамы ізаляваць Расею, калі факты пакажуць на дачыненьне да гэтага саюзьнікаў Масквы, сэпаратыстаў», — піша The New York Times. Газэта цытуе высокапастаўленага ананімнага чыноўніка адміністрацыі: «Адміністрацыя Абамы ўжо падрыхтавала дадатковыя санкцыі, якія могуць быць хутка ўведзены ў дзеяньне, калі так вырашыць Абама. Пытаньне ў тым, ці прымусіць гэта нарэшце эўрапейцаў пераступіць гэтую рысу».

Зьбіты над Украінай авіялайнэр мяняе правілы гульні ў канфлікце ва ўсходняй Украіне — піша Джулія Ёфэ ў New Republic. І тлумачыць: «Гэта сапраўды, сапраўды важная справа. Гэта першае зьбіцьцё цывільнага авіялайнэра ў гэтым канфлікце, і калі яго зьбілі баевікі, гэта будзе мець разнастайныя непрыемныя наступствы. Па-першае, супрацьстаяньне, якое, як здавалася, ператворыцца ў мясцовы замарожаны канфлікт, уступіла цяпер у новую фазу, якая наўпрост пагражае эўрапейскай бясьпецы. Самалёт, нагадайма, ляцеў з Амстэрдаму. Па-другое, амэрыканскія афіцыйныя асобы даўно ўжо казалі, што баевікі могуць атрымаць такую сучасную зброю вялікай дальнасьці толькі ў адным месцы — у Расеі. Якраз таму ўчора былі абвешчаныя новыя санкцыі. Цяпер ЗША і мала ахвотная Эўропа могуць быць вымушаныя пайсьці далей і ўвесьці менш хірургічныя і больш балючыя санкцыі».

Незалежна ад таго, чыя ракета зьбіла малайзійскі авіялайнэр, піша швэйцарская газэта Tagesanzeiger, гэты выпадак «наглядна паказвае, наколькі далёка зайшло вар’яцтва на ўсходзе Украіны: Масква бессаромна падагравае напружанасьць з мэтай шантажаваць Украіну, Кіеў фактычна падазрае мільёны сваіх грамадзян у тэрарызьме і спрабуе вярнуць кантроль над усходняй часткай краіны, ня лічачыся зь любымі стратамі, а багатыя і ўплывовыя ўкраінцы дзеля выратаваньня сваіх даходаў спрыяюць працягу канфлікту». Паводле журналіста газэты, «міжнароднай супольнасьці неабходна жорстка адрэагаваць на тое, што здарылася, і ясна даць зразумець усім бакам, што ніякай іншай магчымасьці, акрамя як пачаць перамовы ў самы бліжэйшы час, у іх няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG