Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча ў шпіталі прызналі за канадзкага беларуса (поўнае інтэрвію)

абноўлена

Аўтуховіч: «Дзяржава павінна падтрымліваць тых, хто змагаецца з карупцыяй, а не наадварот»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:20 0:00
Наўпроставы лінк

Аўтуховіч: «Дзяржава павінна падтрымліваць тых, хто змагаецца з карупцыяй, а не наадварот»

З Аўтуховічам сустрэўся наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч і даведаўся ад яго пра пляны наконт аднаўленьня бізнэсу ды працягу змаганьня з карупцыянэрамі ў Гарадзенскай вобласьці.

«Як я выйшаў на волю, дык чыноўнікі з падатковай інспэкцыі, якія фігуравалі ў маёй крымінальнай справе, папрасілі сабе ахову ды ходзяць цяпер у суправаджэньні „моцных хлопцаў“. Вось як баяцца, што выведу іх на чыстую ваду! І на што траціць грошы дзяржава, замест таго каб разабрацца з фактамі, пра якія ў нас усім вядома? Мяркую, дзяржава павінна падтрымліваць тых, хто змагаецца з карупцыяй, а не наадварот», — распавёў Мікалай Аўтуховіч.

У вайсковым шпіталі Мікалай Аўтуховіч праходзіць платнае абсьледаваньне як прыватны грамадзянін. Лячэньне ад шматлікіх хваробаў, набытых за 5 год зьняволеньня ў івацэвіцкай калёніі і гарадзенскай турме, яшчэ наперадзе. «А вось зубы мне ўжо зрабілі, у нас, у Гародні. Абышлося гэта ў 46 мільёнаў, але гэта яшчэ танна», — з радасьцю кажа былы палітвязень і белазуба ўсьміхаецца. У няволі ён страціў большасьць зубоў і мусіў харчавацца, гатуючы ежу з дапамогай блэндэра. Яшчэ з наступстваў турмы — сапсаваны страўнік зь некалькімі язвамі. «Буду лячыць страўнік восеньню ў віцебскім шпіталі, ужо ёсьць дамоўленасьць», — кажа Мікалай Аўтуховіч.

Шнары, якія засталіся ў Мікалая Аўтуховіча, пасьля таго, як ён парэзаў вены на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі калёніі
Шнары, якія засталіся ў Мікалая Аўтуховіча, пасьля таго, як ён парэзаў вены на знак пратэсту супраць дзеяньняў адміністрацыі калёніі

У аптэцы вайсковага шпіталя Аўтуховіч набыў ампулу зь лекамі для ўколу — у былога палітвязьня баляць суставы правай рукі. «Трэба рабіць блякаду», — патлумачыў Аўтуховіч аптэкарцы па-беларуску. На гэта жанчына зацікавілася, адкуль Мікалай Аўтуховіч прыехаў: «Вы гаворыце, як мае сваякі з Канады. Яны як прыяжджаюць, дык гэтак размаўляюць па-беларуску», — заўважыла аптэкарка. Мікалай Аўтуховіч пазьней распавёў, што ў вайсковым шпіталі ў яго ўжо ёсьць лекары, якія размаўляюць зь ім таксама па-беларуску і вельмі ім апякуюцца.

А што наконт бізнэсу? Ці ёсьць пляны наконт аднаўленьня бізнэсу, які калісьці прыносіў дзясяткі тысяч даляраў штомесяц?

Фірма «Ніка транс», якой кіраваў да арышту Мікалай Аўтуховіч, не існуе. Пад плотам стаяць некалькі аўтамабіляў, якім можна яшчэ даць рады, але збольшага фірму зьнішчылі. Бізнэсам на Ваўкавышчыне, паводле Мікалая Аўтуховіча, можна займацца толькі пры пэўных умовах, якім асабіста ён падпарадкоўвацца ня мог і не хацеў.

«Працуюць тыя, хто стаў на калена, стаў пад гэтую ўладу. У каго ёсьць стасункі з падатковай, сваякі зь міліцыі. Калі нешта падплачваюць, ці іншыя стасункі, кшталту „дай на дай“, яшчэ займацца бізнэсам магчыма, але простаму чалавеку там няма чаго рабіць. Калі хочаш пракарміць сябе, дык пракорміш, але зарабіць нейкую капейчыну на большы бізнэс — не атрымаецца. Як было, гэтак і засталося. Паўсюль кіруе карупцыя. Патрэбная мэбля ў райвыканкам — праводзяць нібыта аўкцыён ды выстаўляюць на яго падстаўных прадпрымальнікаў, бо ведаюць ужо, хто гэтую мэблю будзе рабіць. У мяне ёсьць доказы, як гэта робіцца, і людзі, якія былі падстаўнымі, скажуць. Можа, ня зараз, але потым скажуць. Карупцыянэры нібыта ня думаюць, што ўсё гэта бачна. Ці ведаюць, што бачна, але думаюць, што ўсе будуць маўчаць. Але Аўтуховіч маўчаць ня будзе. Вось зараз я рыхтую матэрыял, якім пачаў займацца яшчэ ў траўні, як вызваліўся».

Паводле Мікалая Аўтуховіча, ад пачатку першых судоў над ім ён страціў больш за мільён даляраў, але яшчэ застаўся вінен дзяржаве 90 тысяч «зялёных».

Чым цяпер зарабляе на жыцьцё былы мільянэр Аўтуховіч? Ці праўда, што зьбірае і здае мэталалом? Гэтыя зьвесткі аказаліся праўдай толькі напалову:

«Так, сабраў усё мэталічнае сьмецьце ў сваёй гаспадарцы ды здаў. Поўная машына атрымалася, можа, яшчэ зьбяру. Але гэта ня тое, каб я езьдзіў па раёне і зьбіраў у палях жалязякі. Не, гэтым не займаюся. Рамантую аўтамабілі, якія яшчэ можна здаць у арэнду, неяк перабіваемся. Але ёсьць пляны распачаць зноў нешта больш сур’ёзнае. Спадзяюся, атрымаецца».

Двойчы судзімы прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч застаецца аптымістам. Магчыма, гэта таму, што ён вельмі заняты чалавек. Пакуль ішла нашая размова ў ціхім шпітальным калідоры, Аўтуховіча некалькі разоў турбавалі званкамі, праз тэлефон ён дамаўляўся пра будучыя сустрэчы, абмяркоўваў дэталі нейкіх спраў і задумак. «Заўтра буду выпісвацца, што тут сядзець, сустрэнемся ўвечары заўтра», — гэтак ён разьвітаўся з чарговым суразмоўцам і пайшоў да сабе ў палату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG