Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр рэдактар адной зь першых незалежных моладзевых газэтаў


Ігар Аляшчук (2013 год)
Ігар Аляшчук (2013 год)

На 45-м годзе ад хваробы сэрца памёр галоўны рэдактар адной зь першых на Беларусі незалежных моладзевых газэтаў Ігар Аляшчук. Тыднёвік «Лідэр» выходзіў у Воршы на мяжы 1980–1990-х накладам больш за 20 тысяч асобнікаў, істотна ўплываючы на жыцьцё рэгіёну.

Ігар Аляшчук апошнія гады быў акцэнтаваны на ўласным бізнэсе — грузаперавозках; меў некалькі вялікагрузных аўтамабіляў. Дагэтуль займаўся паліграфічнымі паслугамі, вытворчасьцю чыгунных вырабаў, меў свае крамы. А пачынаў кар’еру як рэдактар папулярнай у Воршы моладзевай газэты «Лідэр». Спачатку яе ўладальнікам быў гаркам камсамола, пасьля — прыватныя асобы. Тагачасны камсамольскі функцыянэр Павал Шульга, адзін аўтараў гэтага праекту ў 1989-м, згадвае:

«У тыя часы, як шмат хто памятае, усе газэты, іншыя мэдыі былі пад вельмі шчыльным кантролем партыі. Фактычна доступу да аб’ектыўнай, праўдзівай інфармацыі не было. Таму ўзьнікла ідэя стварэньня гарадзкой моладзевай газэты. Ідэя была дастаткова рэвалюцыйная, як на той час, бо, апроч такіх рэспубліканскіх моладзевых выданьняў, як «Знамя юности» і «Чырвоная змена», нечага падобнага папросту не існавала. Для таго каб ажыцьцявіць гэтую ідэю, натуральна, былі патрэбныя людзі, былі патрэбныя спэцыялісты. Перш за ўсё мы вырашылі рабіць стаўку на маладых людзей, не зашораных, але ў той жа час дастаткова творчых, крэатыўных. Вось на гэтай глебе мы і пазнаёміліся зь Ігарам Аляшчуком, і менавіта дзякуючы яму ў Воршы сабраўся малады калектыў. Ён запрасіў сваіх сяброў, калегаў, таварышаў па вучобе, і супольнымі іхнімі намаганьнямі ўзьнікла газэта «Лідэр».

Маладому рэдактару Ігару Аляшчуку на той час было 20 гадоў, падначаленымі сталі ягоныя ж аднакурсьнікі. Ігар нарадзіўся ў Ружанах у 1969-м, рана застаўся сіратой: калі споўнілася 9, у аўтакатастрофе загінуў бацька, а неўзабаве пасьля цяжкай хваробы памерла маці. За дзень да сьмерці Ігар пасьпеў пабываць у Ружанах, прыбраць магілы сваякоў. Цяпер вось бяз бацькі застаўся ягоны 13-гадовы сын Дамінік.

Да вучобы — з поўнай сур’ёзнасьцю (1988 г.)
Да вучобы — з поўнай сур’ёзнасьцю (1988 г.)



Ігар гадаваўся ў цётак у расейскім Тальяці і ў родных Ружанах. Адсутнасьць бацькоўскай падтрымкі напружвала, але хлопец не капітуляваў, добра вучыўся і да апошняга выбіраў, з чым зьвязаць будучыню — з журналістыкай ці юрыспрудэнцыяй. Урэшце паступіў на журфак БДУ, а ў 1989-м ажаніўся з аднакурсьніцай Натальляй Саханавай і прыняў прапанову ўзяцца за новую для сябе справу.

Падчас канцэрту на Дзень незалежнасьці 27 ліпеня (1991 год). Ігар Аляшчук — крайні зьлева
Падчас канцэрту на Дзень незалежнасьці 27 ліпеня (1991 год). Ігар Аляшчук — крайні зьлева

Як згадвае ягоны сябра са студэнцкіх гадоў Алег Гаршкоў, ніхто нават не сумняваўся, што новы праект будзе пасьпяхова рэалізаваны:

«Зь Ігарам пазнаёміўся ад самых першых часоў навучаньня на факультэце журналістыкі — склалася так, што жылі ў адным пакоі інтэрнату. Ігар быў самабытны, можна сказаць, гэткі „самаробак“. Нарадзіўся ў Ружанах, бацькоў пахаваў яшчэ ў маленстве. Гэта, відаць, пакінула адбітак на ўсім ягоным жыцьці, на характары. Ва ўсе часы быў вельмі мэтанакіраваны, бо спадзяваўся толькі на свае сілы, на свае здольнасьці, якія заўжды імкнуўся разьвіваць... Чалавек, які цаніў сяброўства, ведаў, што ў сяброўстве трэба ня толькі браць, але і аддаваць, і гэта ў яго выходзіла неяк натуральна. Кантактаваць зь ім было лёгка: чалавек, з аднаго боку, просты, і ў той жа час прысутнічала ў яго характары нейкая мудрасьць, сярмяжная праўда жыцьця, якую ён зьведаў з маленства, рана апынуўшыся сам-насам з жыцьцём без падтрымкі бацькоў, на якую мы ўсе можам разьлічваць з маленства. Ён гэтага ня меў, таму ягоны характар істотна загартаваўся».



У 1990-м калектыў выйшаў з-пад камсамольскага даху, выправіўшыся ў плаваньне пад шыльдай выданьня Моладзевага інфармацыйнага агенцтва «Лідэр». Так значыцца ў пасьведчаньні № 64 за подпісам старшыні Дзяржкамдруку БССР Анатоля Бутэвіча. Пераход на вольныя хлябы адразу ж адбіўся на ўмовах працы — з намэнклятурных кабінэтаў давялося пераехаць у толькі што вызваленую ад сядзельцаў турму № 6, у якую былі пераабсталявалі езуіцкі калегіюм. Газэта друкавала вострыя, крытычныя матэрыялы на самыя праблемныя тэмы, славілася непрымірымасьцю да ўладаў, на яе старонках нават зьяўляліся праграмныя дакумэнты Беларускага народнага фронту, шмат матэрыялаў друкавалася па-беларуску. У горадзе віравала культурнае жыцьцё, і «Лідэр» нязьменна выступаў інфармацыйным партнэрам канцэртаў.


Захаваўся ўспамін самога Ігара Аляшчука, які на адзначэньні 20-гадовага юбілею «Лідэра» так гаварыў пра сваё дзецішча і сяброў-калегаў:

«Газэта рабілася, скажам так, на энтузіязьме. Усе мы былі маладыя, аптымісты, зь верай у лепшую будучыню. Паколькі газэта адпачатку была разьлічаная на моладзевую аўдыторыю, то мы падключалі да справы такіх жа маладых журналістаў. Газэта стваралася, па сутнасьці, студэнтамі журфаку БДУ, маімі аднакурсьнікамі. Перакананы, што гэта ім дапамагло ў далейшым сябе лепш рэалізаваць, бо многія і цяпер працуюць у вядомых выданьнях і агенцтвах. Думаю, гэта вельмі важна, што ў „Лідэры“ на той час яны мелі беспрэцэдэнтную магчымасьць пісаць, па-першае, пра тое, што ім хацелася, па-другое, як ім хацелася. А гэта для маладога журналіста, для маладога аўтара вельмі значны фактар».

Ігар Шнэйдэр на пачатку 1990-х працаваў у камэрцыйным аддзеле «Лідэра» і дагэтуль перакананы, што пад кіраўніцтвам самага блізкага сябра Ігара Аляшчука атрымаў на ўсё наступнае жыцьцё ўнікальны досьвед:

«Газэта, безумоўна, была ўнікальная. Нават у пляне таго, што ўвогуле зьявілася штосьці новае. Без перабольшваньня, гэта была падзея ў маштабах усёй краіны. То бок ужо не афіцыйны орган гаркаму партыі ці камсамолу, а штосьці альтэрнатыўнае. Людзям было цікава хоць бы тое, што нарэшце зьявілася газэта недзяржаўная, з уласнай пазыцыяй. Усё гэта было ў навіну і ўжо таму ўсім цікава. А тым больш — на хвалі перабудовы ўсё гэта ўспрымалася на ўра, усё ўспрымалася як глыток сьвежага паветра. Былі сьмелыя тэмы, працавалі маладыя аўтары, і на той час вельмі шмат каму гэта было па-сапраўднаму цікава».

Натальля — жонка і журналістка (1989 г.)
Натальля — жонка і журналістка (1989 г.)



«Лідэр» пражыў нядоўга, але яскрава — з удзячнымі чытачамі, злоснымі крытыкамі, судовымі пазовамі. Студэнты-журналісты не гарэлі жаданьнем назаўсёды злучаць сваё жыцьцё з Воршай, і ў выніку галоўны рэдактар мусіў пераарыентоўвацца на камэрцыйныя рэйкі, даўшы новай кампаніі пазнавальную шыльду — «Лідэр». Гэтак жа хутка згарэў і сам Ігар Аляшчук, крыху не дажыўшы да свайго 45-гадовага юбілею і юбілею «Лідэра» — пры канцы году споўніцца 25 гадоў ад выхаду першага нумару газэты. Але непрацяглая гісторыя «Лідэра» і яго ідэйнага натхняльніка ў мэдыйнай практыцы незалежнай Беларусі застанецца прыкладам удалага спалучэньня патрэбнага часу ды месца і неймавернага жаданьня зьменаў.

Ігар Аляшчук пахаваны на могілках у Вілейцы, дзе апошнім часам спрабаваў уладкаваць сваё сямейнае жыцьцё.

Апошні спачын — на могілках у Вілейцы
Апошні спачын — на могілках у Вілейцы



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG