Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля якой краіны страляў Гаўрыла Прынцып?


Міленка Ергавіч
Міленка Ергавіч

Вядомы басьнійска-харвацкі пісьменьнік Міленка Ергавіч лічыць, што Гаўрыла Прынцып у 1914 годзе, страляючы ў аўстра-вугорскага насьледніка трону ў Сараеве, марыў не пра далучэньне анэксаванай Аўстра-Вугоршчынай Босьніі да Сэрбіі, а пра аб’яднаную Югаславію.

Прапануем вам пазнаёміцца з інтэрвію, якое Міленка Ергавіч даў сэрбскай газэце Večernje novosti 22 чэрвеня. Пераклад Сяргея Шупы.

Večernje novosti: Апошнім часам вы шмат пісалі пра Першую сусьветную вайну і, між іншага, такое: «тады ўсё пачалося, што і да сёньня не закончылася».

Ергавіч: Тыя падзеі ў значнай ступені вызначылі ня толькі наш сёньняшні дзень у паўднёва-ўсходняй Эўропе і на Балканах, тыя падзеі вызначылі і пакінулі свой адбітак на лёсе Эўропы. Спробы эўрапейскага яднаньня, якія я ўспрымаю як нешта гістарычна велічнае, разам з тым уяўляюць сабою спробу канчатковага завяршэньня той вялікай вайны, якая пачалася ў 1914-м і скончылася ў 1945-м, але пасьля працягвалася ў часы Халоднай вайны. Да сёньняшняга дня Эўропа яшчэ не ачуняла і не знайшла форму сваёй арганізацыі, жыцьця і ідэнтычнасьці.

Večernje novosti: Як гэта выглядае з нашай пэрспэктывы?

Гаўрыла Прынцып
Гаўрыла Прынцып

Ергавіч: З нашай сумнай, беднай і адсталай пэрспэктывы справы выглядаюць значна трагічней. Калі я чытаю сэрбскія і сараеўскія газэты на тэму Гаўрылы Прынцыпа і сараеўскага замаху, я маю ўражаньне, нібыта пра тыя падзеі пішуць людзі, якія ў іх бралі ўдзел, а мы ня можам прыкладаць да гэтага актуальныя меркі. Мы ня можам пра «Маладую Босну» і Прынцыпа гаварыць гэтаксама, як мы гаворым аб сёньняшніх палітыках. Мы мусім гаварыць пра нешта, што адбылося сто гадоў таму.

Večernje novosti: Для некаторых Гаўрыла Прынцып быў проста тэрарыстам?

Ергавіч: Я лічу глупствам гаварыць пра яго як пра тэрарыста, бо ў тыя часы гэты тэрмін нічога ня значыў. Яшчэ большае глупства – казаць, што Гаўрыла Прынцып страляў у Аўстра-Вугоршчыну як у нейкую абяцаную, справядлівую і цудоўную краіну, бо і не страляў ён у тую краіну, і не было гэта прычынай Першай сусьветнай вайны, і не была тая краіна такая цудоўная і прыўкрасная. А гаварыць пра Гаўрылу Прынцыпа пры гэтым яшчэ як пра сэрбскага тэрарыста – гэта ня толькі глупства, але і няпраўда. Гэта бессэнсоўная палітычная прапаганда, бо ён сам сябе так не вызначаў. Ён змагаўся не за Сэрбію, ні за вялікую Сэрбію, але за нейкую сваю Югаславію.

Večernje novosti: Ці вы можаце гэта нечым канкрэтным аргумэнтаваць?

Ергавіч: Прынцып, Чабрынавіч і Трыфка Грабэж атрымалі ў Бялградзе зброю ад людзей Апіса (Драгуцін Дзімітрыевіч Апіс, палкоўнік сэрбскага генштабу, які кантраляваў арганізацыю «Маладая Босна» – РС), але гаварыць пра тое, што Апіс быў арганізатарам сараеўскага замаху – гэта проста дурасьць. Пасьля яны з той зброяй з рознымі прыгодамі дабраліся да Сараева. Сваю першую ноч Прынцып начаваў у свайго брата Ёвы, а другую ноч сьпяшаўся ў горад, каб пабываць на дабрачыннай вечарыне, якую арганізавала «Маладая Босна» і сэрбска-харвацкая моладзь.

Тая вечарына была прысьвечаная збору грошай, ні больш ні менш, на харвацкія школы ў Істрыі. Як жа іх тады можна лічыць сэрбскімі нацыяналістамі і тэрарыстамі! Пры гэтым ня трэба рабіць тую найгоршую з усіх памылак і пра іх змаганьне за Югаславію разважаць праз увесь далейшы досьвед Югаславіі, якім бы ён ні быў.

Večernje novosti: Пасьля Першай сусьветнай вайны настаў час этнічных чыстак, Галакосту, эмігрантаў... Ці гэтая эпоха працягваецца і да сёньня?

Ергавіч: Так. Але мы тут – перадусім я маю на ўвазе Харватыю, Босьнію і Сэрбію – перабольшваем у нашай заўсёднай упэўненасьці, што нашая прастора ў гэтым сэнсе неяк асабліва трагічная. Гэта не зусім так. Наша гісторыя – гэта частка шырэйшай эўрапейскай гісторыі, і наш выпадак ні ў чым не трагічнейшы за выпадак Польшчы.

Суд у Сараеве. Прынцып у першым шэрагу ў цэнтры
Суд у Сараеве. Прынцып у першым шэрагу ў цэнтры

Večernje novosti: Тым часам, мы тут заўсёды паб’емся...

Ергавіч: А што казаць пра людзей з Крыму або з Адэсы – бо ж іхная гісторыя больш трагічная за нашу. Яны апошнія сто гадоў засыналі ў адной, а прачыналіся ў другой дзяржаве і перажывалі меншыя ці большыя пакуты абсалютна ў кожным пакаленьні. Гэтая гісторыя значна шырэйшая за нашу, балканскую. Нашы няшчасьці і нягоды выключныя тым, што паміж нас існуе нешта, што завецца тэрор малых адрозьненьняў.

Нашы генацыды, этнічныя чысткі, праліцьцё крыві і суседзкія масакры адбываюцца паміж людзьмі падобнага культурнага досьведу, адной мовы, якую мы называем па-рознаму, і амаль аднолькавых звычаяў. Мы ваюем, каб быць больш адрознымі, і гэта самае трагічнае. А тыя адрозьненьні ніяк не павялічваюцца. На нас застаецца пракляцьце падобнасьці.

Večernje novosti: Дык значыць, выйсьця няма?

Ергавіч: З тых самых прычынаў мы і рэжам адны адных, і любім адны адных, і гэта страшна, бо гэта робіць усю гэтую справу безвыходнай. А патэнцыйную нянавісьць – нязгаснай.

Večernje novosti: Харваты і сэрбы яшчэ й сёньня зусім рознымі вачмі глядзяць на Гаўрылу Прынцыпа?

Ергавіч: Вядома, бо мы ўжываем тэрміны, якія ў дачыненьні да Гаўрылы Прынцыпа цалкам недарэчныя і няправільныя. Гэта як калі б мы блыталі коньнікаў у каўбойскіх фільмах з гоншчыкамі Формулы-1. Паводле сваёй самаідэнтыфікацыі Прынцып быў югаслаў або, як ён казаў, сэрба-харват і атэіст. Чытаў клясыку анархісцкай літаратуры і быў адважны чалавек, які ў нешта верыў. Калі я так кажу, відаць, што я маю да яго эмацыйную сымпатыю.

Помнік Прынцыпу ў Сараеве
Помнік Прынцыпу ў Сараеве

Разам з тым я ня маю антыпатыі супраць Аўстра-Вугоршчыны, бо з Габсбургамі ў Босьнію прыйшлі і мае прадзеды, і ў гэтым кантэксьце Гаўрыла Прынцып перш за ўсё страляў у той мой сьвет. Я хадзіў у тую самую гімназію, у якую нейкі час хадзіў і Гаўрыла Прынцып, і можна сказаць, што мы хадзілі па тых самым прыступках. Калі б я тады жыў, я б быў на ягоным баку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG