Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На чорнай субмарыне


Вільня — ня наша. На яе і нашае шчасьце. Наша — Раша. На наш вялікі нявіленскі жаль... І хоць слабыя галасы, якія сьцьвярджаюць, што Вільня ўсё ж наша, а да праславутай Рашы ніводзін беларус ня мае ніякай сымпатыі, яшчэ можна дзе-нідзе пачуць, верыць ім — значыць не паважаць ні сябе, ні Вільню, ні ўласныя вушы.

Калі ў Беларусі і могуць быць нейкія тэрытарыяльныя прэтэнзіі да суседзяў, дык іх варта накіроўваць толькі на Поўдзень. Бо менавіта там ляжыць адзіны горад, які беларусы з поўным правам маглі б лічыць сваім і патрабаваць ягонага вяртаньня. Чарнобыль — вось што сапраўды: нашае. Змрочнае дзіва Беларусі, якое чамусьці ляжыць па-за яе межамі. Ляжыць там, а чарнобыльскія «цуды» адбываліся і адбываюцца тут...

І працягваюць адбывацца. Дзе лёгіка і гістарычная справядлівасьць? Таму: Чарнобыль — наш, скажам мы рашуча. А Вільня і так трымаецца на кроўна заробленым беларускім даляры.

Зрэшты, ні пра места Вільню, ускосна вінаватае ў тым, што я пішу ўсё гэта па-беларуску, ні пра горад Чарнобыль, вінаваты толькі ў тым, што ягоная назва добра пасавала бядзе і Ўладзімеру Дубоўку, думаць сёньня няма ахвоты.

Я думаю пра іншае паселішча. Пра родную вёску маёй жонкі. Вёска тая знаходзіцца на Брагіншчыне. Жончына сям’я была выселеная адтуль пасьля аварыі. Раз на год сваякі зьбіраюцца там — іх пускаюць у Зону, яны заўжды будуць людзьмі, якія прыехалі «з таго боку». Для Чарнобылю няма розьніцы паміж геаграфіяй і біяграфіяй, паміж палітыкай і Палесьсем, паміж мэдыцынай і мэтазгоднасьцю. Ён кідае ў сваё вогнішча ўсё. Так і хочацца сказаць — пякельнае вогнішча. Але пекла — гэта іншыя людзі. А людзі вераць у прагрэс, нават калі прагрэс есьць іх жыўцом. Чарнобылі не выбухаюць самі па сабе. У Чарнобылю былі аўтары.

А цяпер у яго ёсьць чытачы.

Кожны другі абазнаны іншаземец упэўнены, што Чарнобыль знаходзіцца ў Беларусі, кожны другі неабазнаны лічыць, што Беларусь разам з Чарнобылем знаходзіцца ў Расеі. Але слова «Чарнобыль» ведаюць усе. Для Захаду кожны беларус — экспэрт у галіне ядзернай энэргетыкі, нават калі ён не падазрае, што гэта такое: ядзерная энэргетыка, і блытае яе з кофтачкай бабы Ядзі. На цябе ўсё роўна будуць глядзець з захапленьнем: бач ты, мутант, а па-нашаму ўмее, будуць спрабаваць употай памераць лічыльнікам Гайгера і даведацца, зь якой колькасьцю галоваў нарадзіліся твае брацікі і сястрычкі.

Беларуская трыяда брэндаў: Чарнобыль, Лукашэнка, і, часам у цёплыя майскія дзянёчкі, хакей — але фюрэры прыходзяць і сыходзяць, хакей калі-небудзь канчаецца, а Чарнобыль вось застаецца. Як застаецца ўсё напісанае, а Чарнобыль запісаны ў кожнага з нас, як неразборлівая лаціна ў мэдычную картку. Кажуць, у кожнага беларуса нехта з продкаў у дваццатым стагодзьдзі або сядзеў, або быў высланы або расстраляны. У дваццаць першым карціна трохі іншая: мы ўсе — дзеці і бацькі Чарнобылю, або браты і сёстры чарнобыльцаў, іхныя дзядзькі і цёткі, мужы і жонкі. Недатычных няма. Чарнобылец — амаль этнонім^; амаль што сынонім беларуса.

Чарнобыль — самая балючая беларуская траўма. А ў большасьці беларусаў ёсьць цудоўны спосаб змагацца з траўмамі — ня думаць пра іх. Само загоіцца. На памылках вучацца ўсе, але толькі ня мы. Мы на іх будуем ідэнтычнасьць. І няблага выходзіць. Чарнобыль — гэта тое, што робіць нас унікальнымі.

Дзякуючы Чарнобылю нас дагэтуль пазнаюць у сьвеце і сям-там усё яшчэ шкадуюць. Дзякуючы Чарнобылю мы цікавыя фантастам і навукоўцам, для якіх чарнобыльская зона — сапраўдны падарунак, бо дзе яшчэ можна паглядзець на апакаліпсыс і натхніцца адпаведнымі сюжэтамі. Толькі дзякуючы Чарнобылю беларуская літаратура ўсё яшчэ здольная выклікаць нейкую цікавасьць за мяжой. Варта прыгадаць, як узьняліся ў Нямеччыне продажы кніг адной вядомай беларускай пісьменьніцы, калі ў Японіі здарылася Фукусіма. Беларускім графаманам слова «Чарнобыль» дало магчымасьць задаволіць свае графаманскія патрэбы: яны з такой ахвотаю паўтараюць, што ў нас у краіне «духоўны Чарнобыль», быццам гэта радыяцыя на іх так дзейнічае.

Аднаго Чарнобылю беларусам было мала. Зладзіць у сябе новы — зрабілася справай нацыянальнага прэстыжу. Трэба ж неяк пераадольваць постчарнобыльскі сындром... Кожная рана патрабуе солі. Ёдаванай, вядома. Бо мы ўсе ведаем, да чаго прыводзіць недахоп ёду.

«Сейчас же на наших глазах возникает новый центр, который, имея АЭС, будет работать на пробуждение региона не в силу исторической инерции, а в силу доступа к могуществу энергии и высоким технологиям», — захоплена піша прыхільнік беларускага атамнага праекту А. Дзермант. — «Призрачная Вильня, исчезающий вместе с ятвяжско-литовскими говорами Райградас — древние святые места перевоплощаются здесь в новом облике места элекстросилы. Фактически рядом с литовской Вильней может возникнуть новый центр, другая Вильня, белорусская Вильня, Белая Вильня как современный город с атомным сердцем... ...А почему бы и нет? Ведь у белорусов есть мудрая поговорка: «Рабі пільна, і тут будзе Вільня!».

Цяжка быць зялёным на чорнай атамнай субмарыне, якая плыве ў белую Вільню. Рабі пільна, і прыплывеш. А можа, і ў Чарнобыль патрапіш, замест той Вільні. У мірнага атама шмат імёнаў. А сапраўднаму графаману няважна, як пісаць: «духоўны Чарнобыль» ці «духоўны Астравец». На Астравец і рыфму знайсьці лягчэй. Асабліва ў вялікай расейскай мове. І адну зь іх я ўжо чую. Шкада толькі, напісаць нельга. Цэнзура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG