Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будні Данецку


Мітынг ў Данецку 22 чэрвеня 2014 году.
Мітынг ў Данецку 22 чэрвеня 2014 году.

Спэцыяльны карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі перадае свае ўражаньні з зоны канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Апошні ўкраінскі блёкпост перад уездам на тэрыторыю так званай Данецкай народнай рэспублікі. Да Данецку 25-30 кіламэтраў. «Глядзі, — кажа таксіст, — тут адны „бандэрлогі“ (так ён называе жыхароў заходніх раёнаў Украіны), а на пасту ДНР — мясцовыя жыхары. Гэта спэцыяльна так зроблена, каб хлопцы з абодвух бакоў не пачалі хадзіць адзін да аднаго ў госьці і разам „барагозіць“. Каб не пасябравалі».

ДНРаўскія апалчэнцы стаяць ужо літаральна праз 800 мэтраў. За бэтоннымі плітамі, выкладзенымі на асфальце, стаяць некалькі мужычкоў ў разнастайным камуфляжы з аўтаматамі ў руках. Над БМД (баявая машына дэсанту) лунае вялікі каляровы сьцяг, на якім нечы твар. Вецер бязьлітасна ірве тканіну — таму разабраць, чый жа гэта партрэт, мне не ўдаецца. Пакуль правяраюць машыну, выходжу і падыходжу бліжэй. «Хто ў вас на сьцягу?» — пытаюся мужыка ў масцы. «Усё роўна, чыя там морда, — адказвае той, як бы нават просячы прабачэньня, — галоўнае — біць фашыстаў». Вецер на сэкунду суцішыўся і я бачу, што на сьцягу — Сталін.

Атрад сэпаратыстаў у Данецку
Атрад сэпаратыстаў у Данецку

Празь 50 мэтраў ад блёкпоста ўздоўж дарогі — прылаўкі рыбнага рынку. Пустэчы не відаць, усе гандлёвыя месцы занятыя — гандлююць галоўным чынам жанчыны.

На павароце на данецкі аэрапорт, дзе панёс сур’ёзныя страты батальён «Усход», заходзім у рэстаран каля дарогі выпіць кавы. «А калі бандэрлогі стралялі, вы працавалі?» — пытаецца таксіст афіцыянтку. «У нас ніякіх бандэрлогаў няма, — абурана адказвае дзяўчына — Вы б лепш паглядзелі, што ДНРаўцы робяць: рабуюць, машыны адымаюць і ўганяюць. Бандыты». Таксіст зьбянтэжана змаўкае. Ён — перакананы прыхільнік Антымайдану, але цяпер, падобна, з аргумэнтамі ў яго не вельмі.

Пра разбой кажуць у горадзе на кожным рагу. Людзі са зброяй ўрываюцца ў крамы, выносяць дарагія тавары, гоняць аўто з салёнаў. Кіраўніцтва ДНР абяцае жорстка караць марадзёраў, але пакуль у яго гэта не вельмі атрымліваецца. На нядзельным мітынгу ў цэнтры гораду народны губэрнатар Павал Губараў назваў рабаўнікоў поскудзямі і ў чарговы раз заявіў, што зь імі будзе весьціся бязьлітасная, паводле законаў ваеннага часу, барацьба.

Іду ў гарадзкое ўпраўленьне ўнутраных спраў. Саша, супрацоўнік, які адказвае за сувязі з грамадзкасьцю, кажа, што колькасьць разбойных нападаў вырасла на 50% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Са студзеня зафіксавана ўжо 150 выпадкаў, тады як у 2013-м іх было ўсяго 74. Верагодней за ўсё, гэтая статыстыка адлюстроўвае тэндэнцыю, але не дае поўнай карціны. Я пазнаёміўся з маладым чалавекам гадоў 25, жыхаром Пралетарскага раёну, якога абрабавалі на вуліцы роўна тыдзень таму. У дзяўчыны, якая была зь ім, адабралі сумачку, у яго самога — барсэтку з кашальком і гадзіньнік. Ён не пайшоў падаваць заяву, паколькі палічыў гэта пустым марнаваньнем часу.

Гафіці ў Данецку
Гафіці ў Данецку

Прыйшоў па акрэдытацыю да начальніка прэсавай службы ўраду ДНР. Клаўдзія (так завуць жанчыну) кажа камусьці па тэлефоне, што ёй пастаянна тэлефануюць з месцаў зьняволеньня і просяць адправіць іх на фронт. А дасядзяць яны, маўляў, сваё потым, калі вораг будзе канчаткова разьбіты. «Трэба патэлефанаваць Безлеру (камандзір аднаго з падразьдзяленьняў ДНР — РС), — задуменна прамаўляе яна, — кажуць, ён зьбірае камікадзэ».

«Не, — растлумачыў мне сёньня чарговы таксіст, — тут усё роўна пераважная большасьць — супраць Кіева і таго, што ён рабіў і робіць. А гэтых вельмі падтрымлівалі ў пачатку, але бардак, які яны арганізавалі, адвёў ад іх шмат каго. Цяпер ўжо не хочуць ні тых, ні гэтых».

«А Расея нас ня возьме,» — з сумам вымавіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG