Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатары ЗША заклікаюць да ўзмацненьня санкцый супраць Расеі


У Камітэце па зьнешніх сувязях Сэната ЗША прайшлі слуханьні аб разьвіцьці сытуацыі ва Ўкраіне. Заканадаўцы і экспэрты ацанілі сытуацыю ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня. Яны таксама заклікалі да ўмацаваньня межаў Украіны, аказаньні дадатковай дапамогі новаму ўраду і ўвядзеньня новых санкцый супраць Расеі.

Старшыня камітэту, дэмакрат Робэрт Мэнэндэс заявіў, што становішча пасьля выбараў зьяўляецца «толькі крыху менш пагрозьлівым, чым у першым акце гэтага крызысу».

«Нягледзячы на тое, што прэзыдэнт Парашэнка атрымаў мандат ад народа, выклікі, зь якімі яму трэба будзе сутыкнуцца, палохаюць. Ён павінен аднавіць ўкраінскую эканоміку, аслабленую карупцыяй папярэдняга прэзыдэнта, процідзейнічаючы ў той жа час Пуціну на ўсходзе.

Прэзыдэнт Пуцін працягвае накіроўваць падзеі ва Ўкраіне, спрабуючы нэгатыўна ўплываць на новы ўрад і распальваючы рознагалосьсі на ўсходзе, зь відавочнай мэтай дамагчыся магчымасьці кантраляваць і накіроўваць ўкраінскую палітыку ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Як сказала Кацярына Вялікая: „У мяне няма іншага спосабу абароны маіх межаў, акрамя іх пашырэньня“ — гэта выказваньне сёньня здаецца зноў актуальным. Я вітаю заяву прэзыдэнта Абамы аб неабходнасьці процідзеяньня гэтаму сьветапогляду 18-га стагодзьдзя», — цытуе сэнатара Голас Амэрыкі.

Сэнатар Рон Джонсан заявіў, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне «не апраўданыя з эканамічнага пункту гледжаньня — гаворка ідзе толькі пра эга Пуціна». Сэнатар выказаў сумнеў, што міжнародныя санкцыі зьменяць паводзіны Крамля, аднак ён перакананы, што Расея павінна заплаціць цану за свае паводзіны:

«Украіна павінна аднавіць кантроль над усходняй часткай краіны, і мы павінны ім дапамагчы, а таксама больш агрэсіўна супрацьстаяць расейскай прапагандзе».

«Я думаю: прыйшоў час увесьці дадатковыя санкцыі», — сказаў сэнатар Бэн Кардзін. — «Пагрозы працуюць толькі пэўны адрэзак часу, калі мы іх не рэалізуем».

Перад сябрамі камітэта выступіла прэзыдэнт дасьледчага Цэнтра імя Вудра Вільсана Джэйн Харман, якая заявіла, што новаабраны прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка зрабіў на яе ўражаньне чалавека, здольнага стаць лідэрам сваёй краіны:

«Гэта трэці шанец Украіны зрабіць усё, як трэба. Папярэднія ўрады былі карумпаванымі і некампэтэнтнымі, і наўрад ці Украіна атрымае падобны шанец у будучыні. Відавочна, што Захад павінен дапамагчы Ўкраіне, аднак ўкраінцы таксама павінны дапамагчы Украіне, узяць на сябе адказнасьць за сваю будучыню — і мне здаецца, многія ўкраінцы гэта разумеюць».

Харман падкрэсьліла, што расейскія ўлады па-ранейшаму гуляюць ключавую ролю ў крызысе ва ўсходняй Украіне:

«Абсалютна крытычна, каб Расея закрыла мяжу для пранікненьня ўзброеных людзей ва Украіну. Я мяркую, што ёсьць вар’яты, якіх Пуцін не можа спыніць, але мы бачым чачэнцаў, якія перасякаюць мяжу са зброяй у руках. Нам таксама патрэбныя дадатковыя санкцыі. Эканоміка — слабое месца Расеі, і ўсе тут згодныя з мэтазгоднасьцю ўвядзеньня новых санкцый. Я не думаю, што аднабаковыя санкцыі эфэктыўныя — мы павінны пераканаць Эўропу падтрымаць іх».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG