Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Бабкоў


У чацьвер, 5 чэрвеня, а 12-й гадзіне на вашы пытаньні падчас онлайн-канфэрэнцыі адкажа сёлетні пераможца літаратурнай прэміі імя Гедройца Ігар Бабкоў.

Ігар Бабкоў — паэт, філёзаф, перакладчык. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-Цэнтру.

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў Гомелі (Беларусь). Скончыў аддзяленьне філязофіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (Менск, 1986). Стажыраваўся ў Лёндане (1992), Варшаве (1995), Парыжы (1999, па стыпэндыі Гедройца) і Бэрліне (стыпэндыят Літаратурнага калёквіюму Бэрлін, 2008).

Ляўрэат літаратурных прэміяў «Гліняны Вялес» (1992), «Залатая літара» (2005), «Залаты апостраф» (2012). Фіналіст сярэднеэўрапейскай літаратурнай прэміі Angelus 2009 (Уроцлаў). Аўтар трох кніг паэзіі — Solus Rex (1991), «Герой вайны за празрыстасьць» (1998), «Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб» (2009), раманаў «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» (2001) і «Партрэт мастака, нябачны ў сутоньні» (2011), кнігі эсэ «Каралеўства Беларусь: вытлумачэньні ру(і)наў» і гісторыка-філязофскага дасьледаваньня «Філязофія Яна Сьнядэцкага».

Перакладаў Джойса, Сэлінджэра, Уільяма Батлера Ейтса, Паўля Цэляна. Пачаў займацца літаратурай на пачатку 80-х, вывучаючы філязофію ў Менску. У 1986 годзе публічна выйшаў з камсамолу. Засьпеў апошнія гадзіны дысыдэнскага руху: у 1987 годзе пэўны час быў менскім карэспандэнтам «Экспресс-хроники». У тым жа 1987-м далучыўся да андэграўндных літаратурных суполак «Бабілён» і «Тутэйшыя». Удзельнік першых самвыдатаўскіх альманахаў («Літаратура 1» і «Літаратура 2»), а таксама першых незалежных мітынгаў у Менску.

За арганізацыю і ўдзел у Дзядах быў арыштаваны і пакараны штрафам. На пачатку 90-х прычыніўся да аднаўленьня тыднёвіка «Наша ніва» з праграмай стварэньня новай несавецкай беларускай культуры. У 1995-м заснаваў выдавецтва «Эўрафорум», у якім пачаў выходзіць часопіс «Фрагмэнты» (філязофія, культуралёгія, літаратура), літаратурная сэрыя «Бібліятэка Фрагмэнты» (калекцыі «Галерэя Б.», «Сярэдняя Эўропа», «Сучаснае мысьленьне»). Адзін з стваральнікаў Беларускага калегіюму, аўтар і падпісант Беларускай дэклярацыі свабоды. З канца дзевяностых паралельна літаратурнай вёў акадэмічную дзейнасьць: займаецца гісторыяй ідэяў у Інстытуце філязофіі ў Менску. Выкладае ва ўнівэрсытэтах Менску і Вільні. У 2003 абараніў дысэртацыю па філязофіі Яна Сьнядэцкага.

З другой паловы 90-х проза, вершы і эсэ перакладаюцца на польскую, украінскую, нямецкую, чэскую, сэрбскую, літоўскую, ангельскую і вугорскую мовы. У 2008 у варшаўскім выдавецтве Oficyna 21 выходзіць польскі пераклад рамана «Адам Клакоцкі і ягоныя цені», і ў гэтым жа годзе ва Ўроцлаве — пераклад кнігі эсэ «Каралеўства Беларусь».
XS
SM
MD
LG