09:44
25.5.2014
У Данецкай вобласьці адкрыліся 308 выбарчых участкаў з 2430
Як паведамляе прэсавая служба Данецкай абласной адміністрацыі, «па стане на 8.45 галасаваньне пачалося на 308 участках з 2430. Аднак збор інфармацыі яшчэ працягваецца».
09:11
25.5.2014
Чарнігаў: голас кожнага — вырашальны
Пра ўпадабаньні ўкраінскіх выбарцаў рэпартаж з Чарнігава карэспандэнта Свабоды.
09:10
25.5.2014
У Херсоне выбаркам закідалі «кактэйлямі Молатава»
Невядомыя 25 траўня каля 0:15 закідалі «кактэйлямі Молатава» выбарчы ўчастак у Херсоне, паведамляе Украінская праўда.
Міліцыя апэратыўна пагасіла пажар. З самай раніцы працаўнікі школы ліквідуюць наступствы. Зрабілі касмэтычны рамонт. Інцыдэнт не паўплывае на правядзеньне выбараў.
08:56
25.5.2014
Выбарчыя ўчасткі ў Данецку і Горлаўцы зачыненыя
Як паведамляе сайт Новости Донбасса, па стану на 8 гадзін выбарчыя ўчасткі ў Данецку і Горлаўцы не адчыніліся. Ці тычыцца гэта ўсіх участкаў — не паведамляецца.
08:52
25.5.2014
Жыхары Крыма будуць галасаваць у Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцях
Жыхары акупаванага Расеяй Крыма ня змогуць прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта ў сябе дома.Улады Украіны надалі ім магчымасьць прагаласаваць на бліжэйшых да іх участках у суседніх абласьцях — Херсонскай і Мікалаеўскай.
6 тысяч жыхароў Крыма дзеля гэтага ўжо зрабілі адпаведную рэгістрацыю.
08:49
25.5.2014
У Марыюпалі 13 выбарчых участкаў не адкрыліся
У 8 гадзін не ўсе выбарчыя ўчасткі Марыюпаля адкрыліся. У 59 пакуль не пачалі працу 10 участковых камісій — ім проста ня выдалі бюлетэні.
У 58 выбарчай акрузе не працуюць 3 участковыя камісіі. Прычына — з-за недахопу людзей там камісіі не сфармаваныя, паведамляе мясцовы сайт.
08:36
25.5.2014
Выбарчыя ўчасткі адчыніліся
Выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 8.00 да 20.00.Амаль 80 % выбаршчыкаў гатовыя прыняць удзел у галасаваньні 25 траўня. Такія вынікі агульнанацыянальнага апытаньня, праведзенага фондам «Дэмакратычныя ініцыятывы імя Ілька Кучарыва» сумесна з цэнтрам імя Разумкова з 14 па 18 траўня.
За мяжой на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны будуць галасаваць 400 тысяч украінцаў.
Вайскоўцы ўзброеных сіл Украіны прагаласуюць на звычайных участках, а для міратворцаў створаны дадатковыя замежныя ўчасткі для галасаваньня.
У Камітэце выбаршчыкаў Украіны прагназуюць, што ў дзень галасаваньня могуць не адкрыцца каля 5% выбарчых участкаў, калі сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны ня зьменіцца.
08:29
25.5.2014
АБСЭ ня будзе назіраць у Данбасе
АБСЭ па ўсёй верагоднасьці не накіруе ў дзень выбараў ва Ўкраіне сваіх назіральнікаў ва ўсходнія рэгіёны краіны ў сувязі з небясьпечнай абстаноўкай у Данецкай і Луганскай абласьцях, паведамляе Reuters.Маніторынгавая місія АБСЭ на выбарах ва Ўкраіне налічвае каля тысячы чалавек. Вынікі яе назіраньня будуць агучаныя ў панядзелак па абедзе.
08:27
25.5.2014
Захопленага кіраўніка выбарчай камісіі баевікі «ДНР» адпусьцілі
Чатыры гадзіны ў Мар’інцы на Данеччыне тэрарысты ўтрымлівалі ў закладніках кіраўніка акруговай выбарчай камісіі № 60 Уладзімера Палякова.Пра гэта паведамляе 5 канал са спасылкай на Камітэт выбаршчыкаў Украіны.
Палякова запалохвалі і пагражалі яму, намагаючыся сарваць працу выбарчай камісіі.
Сэпаратысты ўзялі ўсю дакумэнтацыю, вынесьлі на вуліцу і спалілі. А Палякова ўзялі ў закладнікі і зьехалі ў невядомым кірунку. Яго месцазнаходжаньне было невядома, але пасьля тэрарысты яго адпусьцілі.
Палякову пагражалі, казалі, што выбары на тэрыторыі Данецкай народнай рэспублікі незаконныя і камісія займаецца злачыннай дзейнасьцю. Захопнікі пагражалі яму таксама фізычным зьнішчэньнем.
08:10
25.5.2014
25 траўня ва Ўкраіне адбываюцца пазачарговыя выбары прэзыдэнта, якія праходзяць пад ціскам дывэрсантаў з Расеі і ўзброеных сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях.
Галасаваньне адбываецца з 8 раніцы да 8 вечара. У бюлетэні для галасаваньня ўнесеныя прозьвішчы 21 кандыдата. 6 зь іх заявілі, што здымаюцца з выбарчай гонкі, але зрабілі гэта ўжо пасьля вызначанага законам тэрміну адмовы ад удзелу ў выбарах.
Выбары прызначаныя ў сувязі з адхіленьнем ад пасады былога прэзыдэнта Віктара Януковіча, які 21 лютага ўцёк з Украіны ў Расею на хвалі масавых пратэстаў супраць адмовы ад эўрапейскай інтэграцыі і масавых ахвяр у Кіеве.
Расея не прызнала адхіленьне Януковіча ад улады, анэксавала Аўтаномную Рэспубліку Крым.
З Расеі ва Ўкраіну прыбылі ўзброеныя дывэрсанты, якім удалося распаліць сэпаратысцкі рух у Данецкай і Луганскай абласьцях. У гэтым рэгіёне ўлада абвясьціла Антытэрарыстычную апэрацыю, у супрацьстаяньні ўжо шмат ахвяр з абодвух бакоў.
Выбары ў большасьці акруг Луганскай і Данецкай абласьцях пад пагрозай зрыву.
Лідэрамі прэзыдэнцкай гонкі сацыёлягі лічаць бізнэсоўца Пятра Парашэнку і экс-прэм’ера Юлію Цімашэнку.
Адначасова ў Кіеве, Адэсе і некаторых іншых гарадах праводзяць выбары мэраў.