Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астана супраць Масквы і Менску


Бакытжан Сагінтаеў
Бакытжан Сагінтаеў
Пры падрыхтоўцы да ўтварэньня Эўразійскага эканамічнага саюзу Казахстан пасьлядоўна адстойваў пазыцыю недапушчальнасьці палітызацыі новага інтэграцыйнага аб’яднаньня. Пра гэта заявіў першы віцэ-прэм’ер ураду Бакытжан Сагінтаеў у інтэрвію агенцтву Інтэрфакс-Казахстан:

«Хачу падкрэсьліць, што падчас перамоўнага працэсу мы пасьлядоўна адстойваем пазыцыю аб недапушчальнасьці палітызацыі інтэграцыйнага аб’яднаньня і абмеркаваньня ў яго рамках пытаньняў, якія закранаюць нацыянальныя кампэтэнцыі і дзяржаўны сувэрэнітэт».

Першы віцэ-прэм’ер распавёў, што Расея і Беларусь уздымалі пытаньні аб тым, каб уключыць у праект Дамовы аб Эўразійскім саюзе стварэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі, правядзеньне ўзгодненай зьнешняй палітыкі, нормы аб супрацоўніцтве ў пазаэканамічных сфэрах. Усё гэта, падкрэсьліў Бакытжан Сагінтаеў, выключана з праекту Дамовы на патрабаваньне Казахстану. А ўсе пытаньні зьнешняй палітыкі адносяцца да нацыянальнай кампэтэнцыі і не перадаюцца ў фармат Эўразійскага саюзу.

Спадар Сагінтаеў патлумачыў сытуацыю і са сродкамі масавай інфармацыі:

«Сфэра СМІ адносіцца да адчувальных пытаньняў з пункту гледжаньня нацыянальнай бясьпекі і не зьяўляецца прадметам эканамічнай інтэграцыі і ні ў якім выпадку не перадаецца ў саюз, які ствараецца. Гэта была пазыцыя Казахстану. І ўрэшце рэшт нашы партнэры яе прынялі».

Паводле Сагінтаева, у першым артыкуле праекту дамовы аб Эўразійскім саюзе закладзенае выразнае азначэньне новага аб’яднаньня як «міжнароднай арганізацыі рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі».

Тлумачачы пазыцыю Казахстану, першы віцэ-прэм’ер спаслаўся на прэзыдэнта сваёй краіны Нурсултана Назарбаева. Сагінтаеў працытаваў словы прэзыдэнта: «Палітычны сувэрэнітэт у нашым інтэграцыйным аб’яднаньні непарушны, і гэта аксіёма», а таксама: «Калі нейкія аб’яднаньні будуць абмяжоўваць незалежнасьць краіны, нашу Канстытуцыю, мы адразу ж пакінем гэтую арганізацыю і выйдзем зь яе».
Калі нейкія аб’яднаньні будуць абмяжоўваць незалежнасьць краіны, нашу Канстытуцыю, мы адразу ж пакінем гэтую арганізацыю і выйдзем зь яе
​Спадар Сагінтаеў сказаў, што некаторыя выняткі ў Эўразійскім саюзе на пэўны час застануцца. Гэта найперш тычыцца нафты, газу, нафтапрадуктаў, лекаў, алькаголю, тытуню.

Першы віцэ-прэм’ер удакладніў, што Кіргізстан падаў заяўку на ўступленьне ў Мытны саюз, а Армэнія хоча далучыцца да Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сказаў Свабодзе, што Астана, у адрозьненьне ад Масквы і асабліва ад Менску, сапраўды ня хоча бачыць у новым інтэграцыйным праекце больш палітыкі, чым эканомікі:

«Напрыклад, ідэю аб стварэньні Міжпарлямэнцкай асамблеі Эўразійскага саюзу настойліва прабівала Беларусь пры падтрымцы Расеі. Вядома, што выбары ў Палату прадстаўнікоў шмат кім не прызнаюцца як празрыстыя і свабодныя. Таму і стаўленьне да так званых беларускіх дэпутатаў у сьвеце адпаведнае. А Міжпарляменцкая асамблея, калі б яе стварылі, дапамагала б легітымізаваць беларускія выбары. Цяпер гэтага ня будзе.

Зьнешнюю палітыку прапануюць зрабіць узгодненай. Гэта магчыма. Але тэрмін „узгодненая“ значна мякчэйшы за тэрмін „адзіная“. І ў гэтым кантэксьце мне цікава магчымае далучэньне да новага праекту Армэніі. У Армэніі існуе тэрытарыяльная праблема Нагорнага Карабаху з Азэрбайджанам. Пазыцыя Казахстану ў гэтым пытаньні адрозьніваецца ад расейскай і беларускай на карысьць Азэрбайджану. Да таго ж Казахстан і Азэрбайджан удзельнічаюць яшчэ ў адным інтэграцыйным праекце — цюркамоўных краінаў. І калі Армэнія стане паўнавартасным сябрам Эўразійскага саюзу, то тавары з Карабаху пад выглядам армянскіх пойдуць на рынак. Масква і Менск могуць на гэта закрыць вочы. Але экспэрты кажуць, што Астана на такі варыянт не пагодзіцца».

Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе кіраўнікі Беларусі, Казахстану, Расеі мяркуюць падпісаць 29 траўня ў Астане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG