Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Панкавец: У момант спартовых перамогаў заўсёды адбываецца кансалідацыя грамадзтва


Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец
Цягам усяго чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску не сьціхаюць дыскусіі наконт таго, што прынёс Беларусі сусьветны хакей. Ці ўмацаваў ён, як лічаць некаторыя, беларускі патрыятызм і нацыянальную самасьвядомасьць? Наколькі зьмяніўся Менск, і што застанецца пасьля ад’езду замежных турыстаў? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша Ніва» Зьміцер Панкавец.

— У прэсе і сацыяльных сетках працягваюцца дыскусіі наконт таго, што прынёс краіне чэмпіянат сьвету. І з пункту гледжаньня нацыянальнай еднасьці, і з гледзішча тых матэрыяльных зьменаў, якія адбыліся ў Менску. На вашу думку, чаго больш — станоўчага ці адмоўнага?

— Адмоўны момант толькі адзін — арышты і затрыманьні палітычных актывістаў перад чэмпіянатам.

Пазытыўных, больш прыемных момантаў болей. Я не кажу нават пра такія рэчы, як пабудова новых гатэляў і рамонт дарог, што адбывалася перад чэмпіянатам. Я кажу пра такія рэчы, як праяўленьне першаснага патрыятызму ў людзях, якія заўзелі за зборную Беларусі падчас чэмпіянату.

У момант спартовых перамогаў заўсёды адбываецца кансалідацыя грамадзтва. І хай спартовыя перамогі ня могуць стаць нацыянальнай ідэяй, але падштурхнуць людзей да патрыятызму, да праяваў сваёй любові да краіны спорт можа выдатна.

— Можа быць, пасьля 23 гадоў незалежнасьці ўжо недастаткова проста крычаць «Беларусь» і заяўляць «Мы беларусы»? Можа, ужо варта задацца пытаньнем, «якія мы?» Дае хакей нейкі адказ на гэта?

— Ды не, хакей, вядома, не дае на гэта адказу. Але тое, што крычаць «Беларусь» — гэта таксама немалаважна. Мы бачым тое, што адбываецца ва Ўкраіне, дзе людзі, вобразна кажучы, ня хочуць крычаць «Украіна». Дык калі тут людзі крычаць «Беларусь» — дык гэта добра. Добра, што яны менш крычаць «Расея» ці назвы іншых дзяржаваў.

— Некаторыя іранізуюць наконт таго «астраўка дазволенасьці», які ўтварыўся ў цэнтры Менску ў сувязі з чэмпіянатам, дзе дэ-факта можна піць алькаголь, парушаючы беларускія законы. Але ўсё гэта скончыцца разам з чэмпіянатам...

— Наша вялікая бяда, што да нас турысты (калі не лічыць расейцаў) прыяжджаюць толькі на такія вялікія спаборніцтвы. Спадзяюся, што гэты чэмпіянат дазволіць прарваць гэтую блякаду, хай людзі і не прыедуць так масава, як у Прагу ці Бэрлін — але спадзяюся, што турыстаў стане болей, і разам зь імі свабоды будзе таксама болей.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG