Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету па хакеі: хлеб і відовішчы


Чэмпіянат сьвету па хакеі: хлеб і відовішчы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00
Наўпроставы лінк

Чэмпіянат сьвету па хакеі набліжаецца да фінальных матчаў і ўзмацняе эмацыйнае напружаньне ўсіх удзельнікаў міжнароднай спартовай імпрэзы. Усьлед за спартоўцамі наймацней за перамогу нацыянальных камандаў сьвету перажываюць заўзятары.

Для іх у Менску адведзеныя адмысловыя «зоны гасьціннасьці» і «фан-зоны» каля спартовых арэнаў, а таксама каля менскага Палаца спорту. Па вялікім рахунку, сьвята хакею адбываецца менавіта ў гэтых зонах: у горадзе пра чэмпіянат нагадвае перадусім ангельская мова ў гарадзкім транспарце, рэклямныя налепкі і размалёўкі, а таксама заўзятары ў адмысловых строях са сваёй сымболікай.

«Зона гасьціннасьці» каля Палаца спорту — гэта каля 300 мэтраў тэрыторыі, дзе стаяць шапікі зь пітвом, ежай і сувэнірамі, а таксама сталы пад парасонамі на некалькі соцень месцаў. Гандаль распачынаецца а 10-й гадзіне і доўжыцца да глыбокай ночы. Калі піва ў шапіках прадаюць беларускае, то лік сьпіртовых напояў ідзе на дзясяткі. Асартымэнт прадуктаў — ад традыцыйных шашлыкоў і блінцоў да смажанага парасяці. Прадавачкі кажуць, што попытам карыстаюцца ўсе прадукты без выключэньня. З напояў найбольш папулярная гарэлка, у тым ліку ў замежных турыстаў і перадусім у расейцаў. Самі ж прадавачкі працуюць «пазьменна» — да трэцяй-чацьвёртай гадзіны ночы, але на такі напружаны рэжым ня скардзяцца. Нават прыбіральшчыкі кажуць, што паважаюць наведнікаў «зоны»: «больш культурныя», «прыбіраюць сьмецьце». Асабліва шумная ноч была пасьля перамогі над латвійскай зборнай.

Цягам дня заўзятараў «зоны гасьціннасьці» забаўляюць беларускія артысты. Вось на імправізаванай сцэне сьпявае гурт беларускай старажытнай музыкі. Яго выступ суправаджае рыцарскі турнір і скокі з удзелам гледачоў. На вялікай сцэне ў цэнтры «зоны» зьмяняюцца танцавальныя, сьпеўныя гурты, аркестры і салісты, прычым самыя вядомыя ў Беларусі калектывы. Сьпяваюць збольшага па-расейску, у некаторых выпадках вядоўцы пераходзяць на беларускую мову, гэтаксама як і артысты. Асобныя заўзятары распачынаюць скокі, да іх далучаюцца іншыя, і неўзабаве перад сцэнай скачуць дзясяткі два людзей маладога і старэйшага веку. У наступныя дні імправізаваную дыскатэку перад сцэнай спрабуюць распачаць усё тыя ж некалькі «заўзятараў»...

У «фан-зоне» пры «Менск-арэне» такіх канцэртных пляцовак некалькі. Перад матчамі, калі наведнікаў больш, працуюць усе спрэс. Адразу за пунктамі асабістага агляду некалькі чалавек прапаноўваюць набыць квіткі на бліжэйшы матч. Прадаюць «лішні білецік» і пад білетнымі касамі. Касірка, у сваю чаргу, паведамляе, што на бліжэйшыя матчы квіткоў, таньнейшых за паўтара мільёна, няма.

Пераважная бальшыня заўзятараў — менчукі і жыхары іншых гарадоў Беларусі. Багата расейцаў, латышоў, сустракаюцца заўзятары і з далейшага замежжа — канадцы, фіны, чэхі. Бальшыня зь іх кажуць, што ўпершыню на чэмпіянаце, а таму вельмі задаволеныя, як ён арганізаваны, як праходзяць матчы. Але адзін расейскі заўзятар-калекцыянэр, які, паводле ягоных словаў, пабываў не на адным усясьветным хакейным спаборніцтве і гатовы іх параўнаць — пашкадаваў, што «зона гасьціннасьці» гэтак далёка ад «зоны спаборніцтваў» і ў ёй нельга паспытаць нацыянальных беларускіх страў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG