Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: гісторыя разбурэньня эўрапейскага гораду


Савецкая плошча: на гэтым месцы стаяла ратуша, насупраць якой – палац Радзівілаў; былі разабраны савецкай уладай пасьля заканчэньня вайны
Савецкая плошча: на гэтым месцы стаяла ратуша, насупраць якой – палац Радзівілаў; былі разабраны савецкай уладай пасьля заканчэньня вайны

Гісторыя Горадні апошніх сямідзесяці гадоў — гэта гісторыя пастаяннага змаганьня з архітэктурнай спадчынай. Аб гэтым гаварылі ўдзельнікі сэмінара-дыскусіі, прысьвечанай ахове спадчыны.


Адна з удзельніц дыскусіі Іна Соркіна прадставіла мапу з сайта harodnia.com, на якой чырвоным колерам пазначаныя дамы ў гістарычнай забудове горада, якія зруйнавала савецкая ўлада ў мірны час — пасьля 1945 году: больш за палову камяніц яшчэ стаяць, але руйнаваньне працягваюць.


Абаронцы спадчыны на паперы


Сёньня лёс архітэктурнай спадчыны больш турбуе добраахвотных актывістаў, чым дзяржаву. Гісторык Тацяна Касатая зазначае: за савецкім часам сяброў у Таварыстве аховы помнікаў было нярэдка больш, чым саміх аб’ектаў у гарадах. Сьцяпан Стурэйка ўдакладніў: пры канцы існаваньня СССР у Горадні на кожны помнік было пяцьсот яго «ахоўнікаў», плёну ад дзейнасьці якіх не было.

Адна з удзельніц дыскусіі прыгадала нядаўні бабруйскі выпадак: калі там вырашылі стварыць філію Таварыства аховы помнікаў, прыехаў са сталіцы яго кіраўнік Антон Астаповіч, падтрымаў грамадзкую ініцыятыву. А неўзабаве высьветлілася, што такая філія ў Бабруйску існавала, але ні яны пра Астаповіча ня ведалі, ні ён пра іх. Каля пяцісот чалавек на горад, у кожнай школе. Але на паперы.
Сьцяпан Стурэйка, Іна Соркіна, Тацяна Касатая
Сьцяпан Стурэйка, Іна Соркіна, Тацяна Касатая

Гаспадар помнікаў


Гісторык Сьцяпан Стурэйка падкрэсьлівае: «Той, хто ахоўвае, той і валодае. Большасьць архітэктурных помнікаў належыць дзяржаве, нават храмы. Калі нам нешта не падабаецца, мы кожны раз уступаем на тэрыторыю адказнасьці дзяржавы і пачынаем спрачацца зь ёю».

Грамадзкасьць усё часьцей выступае за захаваньне старой архітэктуры, але «немагчыма ахоўваць тое, што нам не належыць», зазначае гісторык. А ўвогуле, вядома, што палітычныя сілы правага, кансэрватыўнага лягеру больш схільныя захоўваць спадчыну, у Беларусі ж кіруюць іншыя.
Абласны драмтэатар, пабудаваны на месцы зруйнаванага касьцёлу, які ў царскія часы быў перададзены праваслаўнай царкве
Абласны драмтэатар, пабудаваны на месцы зруйнаванага касьцёлу, які ў царскія часы быў перададзены праваслаўнай царкве


Калі пачалі руйнаваць?


Іна Соркіна распавяла, што першыя масавыя зьнішчэньні будынкаў здарыліся ў Горадні ў сярэдзіне ХVІІ стагодзьдзя, калі ішла вайна з Маскоўскай дзяржавай. Былі спаленыя касьцёлы, цэрквы, дамы гараджанаў, сымбаль гарадзкога самакіраваньня — ратуша. Яе здолелі аднавіць толькі праз сто гадоў, але савецкая ўлада пасьля вайны разабрала ратушу на цэглу.

Калі задацца пытаньнем, што лепш: рэстаўрацыя, кансэрвацыя ці рэканструкцыя — то лепш кансэрваваць, чым рэстаўраваць, кажа гісторык. І працягвае: лепш рэстаўраваць, чым рэканструяваць. І лепш рэканструяваць, чым не рабіць нічога:

«Але ў нашым гарадзенскім выпадку лепш не рабіць нічога. Сёньня руйнуюць помнікі, робяць муляжы. Хацелі ўжо брацца і за адзін з самых старых помнікаў у Беларусі — за Каложу. Калі мы страцім Каложу? — задаецца пытаньнем Іна Соркіна і адказвае: — Калі за яе возьмуцца».

І як прыклад Соркіна паказвае фаташоп: да ацалелай часткі царквы зь белай сылікатнай цэглы дабудаваная страчаная — з боку Нёмана, якая цяпер зробленая з дошак.
Калоская царква, частка якой (зьнішчаная апоўзьнем у ХІХ ст.) сёньня дашчаная. Храм дзейнічае.
Калоская царква, частка якой (зьнішчаная апоўзьнем у ХІХ ст.) сёньня дашчаная. Храм дзейнічае.


Горад


Гісторык Андрэй Вашкевіч лічыць: Горадня, магчыма, на сёньня самы дасьледаваны горад Беларусі, за выключэньнем археалёгіі, зь якой сытуацыя «патавая» — амаль нічога не адбываецца. Але па-за горадам можна знайсьці нямала аб’ектаў, якіх няма ў сьпісах спадчыны, напрыклад — драўлянай архітэктуры. "Спрабавалі рыхтаваць заяўкі на ўключэньне такіх аб’ектаў у сьпіс спадчыны і падавалі ў Мінкульт, але безвынікова«,— зазначае гісторык.

Менскі архітэктар Андрэй Шулаеў прапануе ня проста апісваць будынак, а рыхтаваць прапановы, як яго выкарыстоўваць, шукаць магчымых інвэстараў. Рабіць за ўсіх, карацей — падсумоўвае Вашкевіч: «Але невялікая надзея, што нешта ўдасца зьмяніць, захаваць». Бо тым часам «горад пачынае зьнікаць з вачэй».

Часам гісторыкам і краязнаўцам удаецца зрабіць нешта істотнае. Напрыклад,
стары раён гораду Новы сьвет даўно ніяк не называўся, нават старыя жыхары ня памяталі гэтай назвы, кажа Вашкевіч. Чаму? Яна ўжывалася ў часы маленства Максіма Багдановіча, музэй якога знаходзіцца ў гэтым раёне. На канвэртах, якія прысылалі яго маці Марыі Мякоце стаяла: Гродна, Новы сьвет, узгадвае гісторык. І назва вярнулася, ужываецца цяпер.
Савецкая вуліца: на гэтым месцы стаяў Дамініканскі касьцёл, разабраны пасьля паўстаньня 1863 году.
Савецкая вуліца: на гэтым месцы стаяў Дамініканскі касьцёл, разабраны пасьля паўстаньня 1863 году.

Страх бясплатных экскурсій


Тацяна Касатая як грамадзкі актывіст імкнецца данесьці да шараговага жыхара і да прыежджых каштоўнасьць спадчыны, паасобных будынкаў.

Гісторык кажа: «Яны заўсёды перад вачыма: сёньня ёсьць, заўтра няма. Яны існуюць з намі, уплываюць на нашу ідэнтычнасьць. Яны як родныя, кожны дзень бачым, яны ствараюць нашу жыцьцёвую прастору». Грамадзкая ініцыятыва «Варштат ідэй» распаўсюджвае паштоўкі з узорамі драўлянай архітэктуры, якая пад пагрозай страты. Запрашае аматараў спадчыны з фотаапаратамі на вулічную гульню: называюцца будынкі, якія трэба знайсьці і сфатаграфаваць.

Тацяна Касатая таксама мае ліцэнзію, праводзіць экскурсіі, свае веды перадае іншым: «Некалькі апошніх гадоў экскурсіі сталі замаўляць на дзень народзінаў, такі нематэрыяльны падарунак. Гараджане дзякуюць, што адкрылі для іх Горадню».

Адна з плённых ідэй — фэст экскурсаводаў. Першы раз, гэта было два гады таму, яго не далі правесьці, успамінае Тацяна Касатая. У мінулым годзе ён усё ж адбыўся, а сёлета зноў улады не дазволілі. Чаму? Бо гэта «масавае мерапрыемства», і на яго патрэбны ня проста дазвол: неабходна ўказаць дакладны маршрут і лічбу ўдзельнікаў, узгодніць зь міліцыяй, хуткай дапамогай, пажарнікамі. Звычайныя экскурсіі пакуль забараніць не дадумаліся. А вось бясплатныя, як было на фэсьце экскурсаводаў, — гэта масавае мерапрыемства для ўладаў і таму падпадае пад адпаведны закон, зазначае навуковец Сяргей Салей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG