Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 2009


Працяг гістарычнага цыклю паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных юбілею Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004-х і ў 2009 годзе.

2009 год. Інфармацыйная прастора Беларусі, арыентаваная на пяцігадовыя выбарчыя цыклі, заставалася ў стане адноснага зацішша. Беларусь надалей была самай несвабоднай краінай Эўропы, пра што сьведчыла і пагаршэньне ўмоваў працы нашых журналістаў. У тым годзе адбыліся тры выпадкі затрыманьня міліцыяй і зьбіцьця нашых карэспандэнтаў.

Тым часам у Беларусі назіраўся працэс асьцярожнай лібэралізацыі, які працягваўся амаль да канца наступнага, 2010 году і быў абарваны гвалтоўнымі рэпрэсіямі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Галоўнымі тэмамі, што асьвятляліся ў нашых праграмах, былі «Ўсходняе партнэрства», гандлёвыя войны з Расеяй, 70-годзьдзе пакту Молатава-Рыбэнтропа, перапіс насельніцтва, эпідэмія сьвінога грыпу, эканамічны крызіс.

На нашых хвалях зьявіліся новыя перадачы — «Званочкі» Яна Максімюка, якія гучаць у нашым эфіры да сёньня; «Як?» Сяргея Дубаўца і «100 адрасоў Свабоды» Вячаслава Ракіцкага, якія выйшлі пасьля асобнымі кнігамі. Сэрыя, прысьвечаная 55-годзьдзя нашага радыё, была дапоўненая яшчэ пяцьцю перадачамі. На сайце зьявіліся новыя сталыя рубрыкі — «Чужое дабро» і «Ўжо сёньня».

Адбылося збліжэньне беларускай Свабоды зь беларускай блогасфэрай, найперш на нашым сайце svaboda.org некалькі разоў прайшлі «Дні блогера», калі мы запрашалі да сябе ў госьці найбольш папулярных асобаў беларускай блогасфэры. Пасьля на сайце зьявілася сталая рубрыка аглядаў блогасфэры і сацыяльных сетак — «Аблога», а ў канцы году ў «Аблогі» зьявіўся і сталы аўтар — Зьміцер Галко, у ЖЖ вядомы як Будзімір.

Свабода на Белсаце
Свабода на Белсаце
Радыкальная зьмена інфармацыйных тэхналёгіяй прывяла да таго, што да канца 2009 году нашай плятформай № 1 стаў інтэрнэт. Пачалося інтэнсіўнае разьвіцьцё сайту svaboda.org — колькасьць артыкулаў на працягу году павялічылася ў паўтара раза, відэаматэрыялаў — утрая, колькасьць камэнтароў пад артыкуламі павялічылася ў два з паловай разы. Была створаная адмысловая вэрсія сайту для мабільных прыладаў.

Пасьпяхова закончыўся першы (44 перадачы) і пачаўся другі сэзон рэгулярных тэлеперадачаў Радыё Свабода на канале Белсат.

***
Важная падзея ў рамках усяго Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа адбылася ў Празе. З будынку былога чэхаславацкага парлямэнту, у якім радыё працавала ад пераезду ў Прагу ў 1995 годзе, у красавіку 2009-га мы пераехалі ў новую, адмыслова збудаваную для нас сядзібу ў праскім раёне Хагібор.

***
Сёньня я працягваю традыцыю, распачатую ў першых перадачах цыклю «На хвалях Свабоды» і запрашаю ў яе спэцыяльнага госьця. Сёньня са мной у студыі — Алена Радкевіч, якая на Радыё Свабода" працуе ад сярэдзіны 1990-х гадоў.


— Вы працуеце на радыё ўжо ня першы год, і, мабыць, за гэты час шмат чаго зьмянілася — і ў прафэсійным сэнсе, і ў тэхналягічным. Як зь сёньняшняга дня бачацца тыя пачаткі Вашай працы на радыё?
«Я павінна сказаць, што сапраўды сёньняшняя праца — гэта нешта зусім іншае, гэта ўжо нават ня ў поўным сэнсе слова праца радыёжурналіста. Сёньня, калі прыходзіш непасрэдна на працу на „Радыё Свабода“, ты авалодваеш ледзь ня кожны дзень новай прафэсіяй. Ты працуеш ужо й як, па-ранейшаму, радыёжурналіст, і як мадэратар, і як вэбмайстар, часам і вэб-дызайнэр, і ві-джэй, і фатограф. І столькі новых функцый даводзіцца цяпер выконваць журналісту, і гэта кожны раз новыя выклікі — і гэта не дае застаяцца, гэта ўвесь час патрабуе ад цябе нейкага самаўдасканаленьня, нейкай вучобы. Так што ў гэтым плюсы, і гэта новае. Але я павінна сказаць, што з разьвіцьцём гэтай тэхналёгіі ёсьць і нешта, чаго мне шкада, і што згубілася ў параўнаньні з тымі самымі пачаткамі, пра якія Вы гаворыце.

Дзякуючы новым тэхналёгіям мы, канешне, выйграем у апэратыўнасьці. Але дзякуючы ім жа зьнікла адчуваньне эмоцыі, атмасфэры, месца падзеі. Я патлумачу сваю думку: калі раней вы павінны былі пацікавіцца нечым меркаваньнем, узяць у кагосьці інтэрвію — у людзей не было мабільных тэлефонаў, не было інтэрнэту, вы павінны былі ехаць на месца падзеяў, недзе знаходзіць, хапаць гэтага чалавека, размаўляць зь ім, браць у яго інфармацыю. І ўсё гэта выходзіла ў эфір менавіта з той атмасфэрай, у якой вам у гэты момант даводзілася прысутнічаць. І гэты ні з чым не параўнальны эфэкт прысутнасьці — гэта было тое, чым радыёжурналісты вельмі даражылі. Зараз, канешне, гэта ў большай ступені офісная журналістыка — новыя дэвайсы, мабільныя тэлефоны даюць магчымасьць радыёжурналісту патэлефанаваць у кожную сэкунду кожнаму з сваіх суразмоўцаў, узяць у іх інтэрвію, не выходзячы са студыі, не адыходзячы ад свайго пісьмовага стала. Канешне, нашыя слухачы атрымліваюць інфармацыю ў тую ж сэкунду, але губляюць тое, што я сказала — губляюць эмоцыю, губляюць нэрв, губляюць адчуваньне атмасфэры».

***

Радыё Свабода — даўно ўжо ня толькі радыё, але і вэбсайт, і тэлевізія, і — кніжнае выдавецтва. У кніжнай сэрыі «Бібліятэка Свабоды» ў 2009 годзе на падставе матэрыялаў радыёперадачаў выйшлі чатыры кнігі «Вольная Студыя» Міхася Скоблы, «Як?» Сяргея Дубаўца, «Акцэнты Свабоды» паводле перадачы «Праскі акцэнт» і ўкладзены Ганнай Соўсь зборнік «Адзін дзень палітвязьня». Але і гэта яшчэ ня ўсё — у нашай бібліятэцы ў 2009-м выйшаў і другі дыск «Начной чытанкі», дзе прадстаўлены яшчэ 50 аўтараў, чые творы гучалі на працягу году ў «Начной Свабодзе».

З «Начной чытанкі-2» паслухаем верш Тацяны Сапач.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:42 0:00
Наўпроставы лінк


****
Год 2009 у сьвеце

На 2009 год Вільня абвешчана эўрапейскай сталіцай культуры. — Славаччына перайшла на эўра і стала 16-м сябрам эўразоны. — Барак Абама ўступіў на пасаду прэзыдэнта ЗША. — Памесным Саборам РПЦ мітрапаліт Кірыл абраны Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі. — Альбанія і Харватыя сталі сябрамі НАТО. — У сьвеце ўспыхвае эпідэмія сьвінога грыпу. -У Празе адбыўся саміт краін-удзельніц новай праграмы Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» з удзелам Азербайджану, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. — Аляксандр Рыбак стаў пераможцам конкурсу песьні «Эўравізія-2009» у Маскве. — Хэрман ван Ромпэй абраны першым пастаянным старшынём Эўрапейскай рады («прэзыдэнтам ЭЗ»). — Уступае ў сілу Лісабонскае пагадненьне. — Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымала Герта Мюлер.

***
16 ліпеня Беларуская служба Радыё Свабода ўпершыню правяла тэматычны маратон — «Адзін дзень палітвязьня» — адначасна ў эфіры і на сайце. Тры гадзіны жывога эфіру правялі аўтары, распрацоўшчыцы і выканаўцы ідэі Алена Радкевіч і Ганна Соўсь. Вось як гэта гучала ў нашым эфіры...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:58 0:00
Наўпроставы лінк


Сёньня адна з герояў нашага радыёмаратону 2009 году — Алена Радкевіч — госьць маёй перадачы.

— Толькі што мы праслухалі фрагмэнт трохгадзіннага радыёмаратону, які я ўспамінаю як незабыўнае слухацкае перажываньне. А якая радыёпадзея Вам запомніла найбольш?


«Я хачу адштурхнуцца якраз ад таго самага радыёмаратону. Павінна сказаць, што мы падрыхтавалі да яго некалькі фрагмэнтаў, запісаў, а ў асноўным гэта была жывая сувязь з нашымі гасьцямі, са сваякамі палітвязьняў, зь іхнымі сябрамі. І самы нечаканы момант усяго гэтага трохгадзіннага маратону быў той, калі ў момант эфіру акурат выпусьцілі на волю аднаго з палітвязьняў — Канстанціна Ўланава, які падазраваўся па справе Мікалая Аўтуховіча. І акурат у той момант, калі мы распавядалі пра яго ў эфіры, акурат у гэтыя хвіліны нашыя журналісты перадалі, што ён выходзіць на волю. І першыя яго словы на волі — проста літаральна першыя словы да журналістаў якраз прагучалі праз „Радыё Свабода“. Яму адразу далі мабільны тэлефон, і я вельмі добра памятаю гэтае адчуваньне — чалавека, які толькі што выйшаў на волю, толькі што дыхнуў паветра свабоды, і адразу гэтае паветра і загучала на хвалях „Радыё Свабода“, вельмі моцна адчувалася радасьць гэтага чалавека, які сёньня выйшаў на волю. Гэта быў шчымлівы момант, і ён мне запомніўся бадай як адзін з найлепшых у журналісцкай біяграфіі».

***

У верасьні 2009 наша рэдакцыя атрымала чарговы прыз — комплекснае асьвятленьне падзеяў верасьня 1939-га было прызнана найлепшай працай месяцу сярод усіх службаў радыё і была ўключаная ў сьпіс прэтэндэнтаў на гадавы прыз на лепшы матэрыял Радыё Свабода. Я выбраў з нашага аўдыёархіву фрагмэнт апытаньня жыхароў вёскі Індура на Гарадзеншчыне, яны адказваюць на пытаньне — дзе б ім жылося лепш у Польшчы ці Беларусі.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:59 0:00
Наўпроставы лінк


***
2009 ГОД У БЕЛАРУСІ

Беларусь уступае ва «Ўсходняе партнэрства». — Лукашэнка сустракаецца ў Ватыкане з папам Рымскім Бэнэдыктам XVI. — Менск наведваюць прэм’ер-міністар Італіі Бэрлюсконі і кіраўнікі замежнай палітыкі Эўразьвязу Саляна і Фэрэра-Вальднэр. — У Менску праходзіць V зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». — Беларусь атрымлівае стабілізацыйныя крэдыты ад МВФ і Расеі. — «Малочная вайна» з Расеяй. — Лукашэнка падпісвае дамову аб корпусе сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ. — Візавыя санкцыі супраць беларускіх урадоўцаў замарожаныя. — «Эўрапейскае радыё» атрымлівае акрэдытацыю пры МЗС Беларусі. — Адбываецца перапіс насельніцтва Беларусі.

***

1 кастрычніка ў Беластоку памёр наш калега, журналіст «Радыё Рацыя», сябра БАЖу Альгерд Невяроўскі. Альгерд больш за дзесяць гадоў быў карэспандэнтам Радыё Свабода, асьвятляў актуальныя падзеі ў Беларусі, аўтар шматлікіх рэпартажаў з вахты абароны Курапатаў і падзеяў сакавіка 2006-га на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Паслухаем фрагмэнт ягонага рэпартажу з Плошчы-2006 раніцай 23 сакавіка.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк


***

Я працягваю гутарку з нашай госьцяй — журналісткай Радыё Свабода Аленай Радкевіч.

— Ці засталася ў Вас яшчэ нейкая няспраўджаная прафэсійная мара?

«Гэтая мара якраз зьвязаная ўвесь час з радыё і з будучыняй радыё. Я вельмі веру, што гэтыя тэхналёгіі, якія так імкліва ідуць наперад проста з кожным годам — што яны дазволяць нам неўзабаве пераскочыць гэты час нашага кароткахвалевага існаваньня, які, канешне, замінае нашым слухачам лавіць чысты гук, слухаць нас у высокай якасьці. І мы загучым праз інтэрнэтную сувязь — я спадзяюся, што інтэрнэт-сувязь будзе ў кожным аўтамабілі — загучым проста сапраўды ў кожнай машыне, дойдзем да кожнага чалавека і будзем мець кантакты зь ім практычна пастаянна. Мая мара — гэта кругласутачнае вяшчаньне „Радыё Свабода“, прычым у такой якасьці, якая дазваляла б прымаць яго паўсюль і дазволіла б мець зваротную сувязь з нашымі слухачамі, якія атрымалі б магчымасьць тэлефанаваць нам у любы час, зьвяртацца да нас праз скайп, празь іншыя тэхналягічныя сродкі, і мы разам будзем і надалей разьвіваць нашае радыё. Я веру, што ў радыё яшчэ вялікая будучыня».


Як я ўжо згадваў, у 2009 годзе на нашых радыёхвалях стартавала перадача «Званочкі» — задушэўны дыялёг Яна Максімюка з аўтарамі званкоў на «Свабоду». На заканчэньне сёньняшняй перадачы прапаную паслухаць, фрагмэнт першай перадачы...
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:06 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG