На гэта міністар Шуневіч адказаў:
«Па-першае, у Беларусі наагул не існуе такога паняцьця як прэвэнтыўнае затрыманьне, а калі вы маеце на ўвазе тых людзей, якіх затрымлівалі, дык усе яны арыштаваныя за тое, што зьдзейсьнілі адміністратыўнае правапарушэньне. Гэта магло быць дробнае хуліганства, непадпарадкаваньне міліцыі і гэтак далей».
Ігар Шуневіч сказаў, што, нягледзячы на тое, што ў Менску праходзіць такое буйное мерапрыемства як чэмпіянат сьвету, крымінальная абстаноўка ў горадзе і Менскім раёне спакойная. Больш за тое, паводле міністра, колькасьць крымінальных злачынстваў у гэты пэрыяд меншая, чым бывае звычайна. Міністар патлумачыў гэта і тым, што для працы на чэмпіянаце сьвету міністэрства прыцягнула дадатковых супрацоўнікаў і адзначыў, што гэта ўсясьветная практыка.
Міністар падкрэсьліў, што пакуль не было нейкіх сутыкненьняў паміж фанатамі асобных камандаў і спадзяецца, што гэтага ня будзе і да заканчэньня чэмпіянату сьвету.
Журналісты таксама запыталіся ў Ігара Шуневіча, ці здолелі ягоныя супрацоўнікі зачысьціць горад да чэмпіянату сьвету ад прастытутак да чэмпіянату. Міністар сказаў, што ён наагул не ўжывае такі тэрмін, як «прастытуткі», а лічыць, што больш правільна ўжываць тэрмін «жанчыны зь нізкай сацыяльнай актыўнасьцю». Ён сказаў, што і ў гэтай справе ў сталіцы ўсё спакойна.
«Гэтае пытаньне нашы супрацоўнікі таксама трымаюць пад кантролем», — сказаў Ігар Шуневіч.