Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат сьвету — даведка Свабоды


9 траўня ў Менску пачаўся чэмпіянат сьвету па хакеі. Беларусь упершыню ў сваёй незалежнай гісторыі прымае ў сябе спартовы турнір такога ўзроўню і маштабу.

Кангрэс Міжнароднай Фэдэрацыі хакею (IIHF) зацьвердзіў Менск як месца правядзеньня чэмпіянату пяць гадоў таму, у 2009-м. Пасьля зьяўленьня ў Беларусі дзясяткаў палітвязьняў у выніку прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году беларускія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі перанесьці чэмпіянат зь Менску ці байкатаваць яго. Аднак гэтыя заклікі не прывялі да нейкіх канкрэтных рашэньняў. Міжнародная хакейная фэдэрацыя заяўляла, што спорт стаіць па-за палітыкай.

Можна, аднак, заўважыць, што большасьць хакейных грандаў даслалі на чэмпіянат у Менск далёка ня самыя моцныя каманды. Напрыклад, у зборнай Канады, якая перамагла сёлета на апошняй Алімпіядзе ў Сочы, няма ніводнага алімпійскага чэмпіёна. Адсутнічаюць самыя яркія хакейныя зоркі і ў камандах ЗША, Фінляндыі, Швэцыі.

Зборная Беларусі на апошніх чэмпіянатах сьвету выступае стабільна кепска, займаючы 14-е месца тры гады запар. Найлепшы вынік на чэмпіянатах сьвету — 6 месца ў 2006 годзе, на Алімпіядах — 4 месца ў 2002 годзе (славутая перамога над швэдамі). На 9 траўня Беларусь займае ў рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі хакею 15 месца.

Разам з тым на цяперашні чэмпіянат сьвету ў Менску беларусам удалося сабраць фактычна ўсіх найлепшых гульцоў, і гэта дае заўзятарам спадзяваньні на аптымістычны вынік — асабліва на фоне ня самых моцных складаў іншых камандаў. Перад камандай і яе трэнэрам, канадцам Гленам Хэнланам, пастаўленая задача-мінімум — выйсьці ў васьмёрку мацнейшых. Букмэкеры, аднак, ацэньваюць шанцы беларускай зборнай вельмі невысока — за перамогу Беларусі на чэмпіянаце сьвету можна атрымаць 200 да аднаго. Фаварытамі лічацца расейцы, канадцы і швэды — за іх даюць каля 4 да аднаго.

Напярэдадні чэмпіянату сьвету беларускія ўлады правялі «палітычную зачыстку», арыштоўваючы апазыцыйных актывістаў. Сцэнар быў аднолькавы: актывіста хапалі звычайна каля дому, прывозілі ў суд, дзе гучала стандартнае абвінавачаньне — дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Суд даваў адміністратыўны арышт на 10–25 сутак. Такім чынам за апошнія тыдні па ўсёй Беларусі былі арыштаваныя каля 30 чалавек.
XS
SM
MD
LG