Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка дрэйфуе ад Кіева ў бок Масквы


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

«Беларусь ня можа спакойна глядзець на падзеі ва Ўкраіне, бо мы памятаем Хатынь».

Аляксандар Лукашэнка заявіў гэта 8 траўня ў Крамлі падчас нефармальнай сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі, Армэніі, Беларусі, Кіргізстану і Таджыкістану. Экспэрты адзначаюць, што танальнасьць выказваньняў кіраўніка Беларусі адносна падзеяў ва Ўкраіне зьмяняецца.

Аляксандар Лукашэнка параўнаў трагічныя падзеі 2 траўня ў Адэсе, калі ў абласным доме прафсаюзаў згарэлі некалькі дзясяткаў чалавек, зь беларускай вёскай Хатынь, спаленай нацыстамі у гады Другой сусьветнай вайны:

«Падзеі ва Ўкраіне не дазваляюць нам сядзець убаку. Падзеі ў Адэсе прыводзяць нас да нядобрых паралеляў. Мы памятаем Хатынь, калі некалькі сотняў вёсак на тэрыторыі Беларусі былі спалены фашыстамі. ...Будзе непрымальна, калі мы будзем спакойна пазіраць на тое, што адбываецца. Гэта найперш тычыцца Расеі і Беларусі. ...Там нашы людзі, і яны заклікаюць да дапамогі і патрабуюць рэагаваньня на падобныя рэчы», — сказаў Лукашэнка.

Зьвяртаючыся да прэзыдэнта Расеі, кіраўнік Беларусі заявіў:

«Вы, Уладзімер Уладзімеравіч, павінны ведаць, што мы будзем побач плячо ў плячо. Я гэта кажу не таму, што мы выступаем перад СМІ. У нас няма іншага выйсьця, як быць разам. Паасобку будзе тое, што ва Ўкраіне».

Сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт падзеяў ва Ўкраіне паказваюць, што ён памяняў сваю пазыцыю і ўсё бліжэй схіляецца да Масквы, — адзначае ў камэнтары Свабодзе менскі палітоляг Андрэй Фёдараў:
Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Я, шчыра кажучы, быў упэўнены, — раней ці пазьней ён вымушаны будзе адмовіцца ад той пазыцыі. Яна наўрад ці задавальняла Расею. І ціск на кіраўніка Беларусі з Масквы рабіўся. Магчыма, Адэса — гэта толькі прыкрыцьцё, гэта такая спроба зрабіць добры выгляд пры дрэннай гульні».

Падзеі ў Адэсе — гэта толькі ўдалае прыкрыцьцё сапраўдных поглядаў Аляксандра Лукашэнкі, — лічыць доктар палітычных навук Павал Вусаў:
Павал Вусаў
Павал Вусаў
«Гэта — вынік той сустрэчы, якая адбылася сёньня ў Маскве. І гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што Беларусь знаходзіцца ў моцных абдымках Расеі. Любыя спробы праводзіць больш-менш самастойную палітыку і не далучацца да Эўразійскага саюзу могуць вельмі сумна скончыцца для Лукашэнкі, нават адхіленьнем ад улады. Таму, каб захаваць твар (мы ж памятаем, што некаторы час таму рыторыка Лукашэнкі была нават праўкраінская), ён скарыстоўвае падзеі ў Адэсе. Яны даюць яму ідэалягічную падставу, каб апраўдаць перамену сваіх поглядаў».

У Маскве сустрэліся кіраўнікі толькі пяці з адзінаццаці краінаў СНД. Палітолягі адзначаюць: першапачаткова гэтая сустрэча плянавалася як саміт АДКБ. Аднак з-за адсутнасьці на ёй прэзыдэнта Казахстану расейцы мусілі зьмяніць першапачатковы фармат на саміт СНД. Назарбаеў між тым сёньня займаўся палітычнымі справамі. У Казахстане ён сустрэўся з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Ўільямам Бэрнсам. Паведамляецца, што на сустрэчы былі разгледжаныя асноўныя напрамкі двухбаковых адносінаў, абмеркаваныя ключавыя пытаньні маючага адбыцца ўступленьня Казахстану ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.

«Бакі таксама абмяняліся думкамі па актуальных аспэктах міжнароднага парадку дня, уключаючы сытуацыю ва Ўкраіне і Аўганістане», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта Казахстану.

«Пакуль што цяжка акрэсьліць,чаму Назарбаеў не паляцеў у Маскву», — адзначае Павал Вусаў:

«Магчыма, гэта можна патлумачыць станам яго здароўя. Калі Казахстан цалкам праігнаруе прысутнасьць на сьвяце Перамогі ў Маскве, то можна будзе казаць пра магчымыя спробы затармазіць падпісаньне і стварэньне Эўразійскага саюзу. Хоць усе ранейшыя сустрэчы паказвалі, што Казахстан усё ж не адмовіцца ад інтэграцыі».

Дарэчы, сёньня Пуцін правёў трэніроўку па кіраваньні Ўзброенымі сіламі Расеі. На ёй прысутнічалі і чацьвёра ягоных гасьцей. Ім паказалі імітацыю ядзернага выбуху. Падчас трэніроўкі, як паведамляе РИА Новости, здарыўся збой у стральбе цяжкай агнямётнай сыстэмы ТГС-1 «Бураціна». Уладзімер Пуцін даручыў высьветліць прычыны збою.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG